Друк
01.12.2021
Папа Патрыярху Барталамею I: мы ўмацоўваем глыбокую сувязь, якая ўжо нас яднае
 
Як інфармуе Vatican News, у сёлетнім традыцыйным пасланьні Канстанцінопальскаму патрыярху з нагоды сьвята апостала Андрэя Першапакліканага, брата сьвятога Пятра, Папа Рымскі Францішак адзначыў, што іх супольная адказнасьць перад абліччам сучасных выклікаў вынікае з іх агульнай веры.
 
30 лістапада 2021 году дэлегацыя Рымскага Апостальскага Пасаду на чале з кардыналам Куртам Кохам, старшынём Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, прыняла ўдзел ва ўрачыстай Боскай Літургіі ў патрыяршым храме сьв. Юрыя ў Фанары (Стамбул) з нагоды сьвята апостала Андрэя Першапакліканага, апекуна Канстанцінопальскай Царквы. Напрыканцы набажэнства кардынал Кох зачытаў пасланьне Папы Францішка, якое перадаў Патрыярху Канстанцінопальскаму Барталамею I. Гэтае пасланьне, як адзначае Папа Францішак, абумоўлена ня толькі братэрскім сяброўствам, «але і даўняй і глыбокай повязьзю веры і міласэрнасьці паміж Рымскай Царквой і Канстанцінопальскай Царквой».
 
Рымскі Архірэй не хавае радасьці, што падчас нядаўняга візіту Барталамея І у Рым была магчымасьць ня толькі падзяліцца заклапочанасьцю адносна сучаснасьці і будучыні сьвету, але і выказаць супольную гатоўнасьць прыкладаць намаганьні для вырашэньня праблемаў, якія маюць галоўнае значэньне для ўсёй чалавечай сям’і. Тут ён згадаў клопат пра стварэньне, выхаваньне будучых пакаленьняў, дыялог паміж рознымі рэлігійнымі традыцыямі і будаваньне міру.
 
«Такім чынам, мы як пастыры разам з нашымі Цэрквамі, умацоўваем глыбокую сувязь, якая ўжо нас яднае, — перакананы Францішак, — паколькі нашая супольная адказнасьць перад абліччам сучасных выклікаў вынікае з нашай супольнай веры ў Бога Айца Ўсемагутнага, Творцу неба і зямлі; у адзінага Госпада Ісуса Хрыста, Сына Божага адзінароднага, Ягонага Сына, Які стаўся чалавекам дзеля нашага збаўленьня, памёр і ўваскрос з мёртвых; і ў Духа Сьвятога, Госпада жыватворчага, Які гарманізуе адрозьненьні, не адмяняючы іх».
 
Папа Францішак адзначае, што гэтая вера павінна матываваць нас працаваць для таго, каб еднасьць стала бачнаю. Прызнаючы, што ў цэнтры пастаяннага дыялогу яшчэ застаюцца тэалагічныя і эклезіялагічныя пытаньні, Рымскі Архірэй выказаў спадзяваньне, што «католікі і праваслаўныя змогуць усё больш актыўна працаваць разам у тых сферах, у якіх гэта ня толькі магчыма, але і сапраўды неабходна».
 
«Умілаваны брат у Хрысьце, — піша Папа Францішак да Барталамея І, — на шляху да поўнай сулучнасьці паміж нашымі Цэрквамі нас падтрымлівае заступніцтва сьвятых братоў Пятра і Андрэя, нашых сьвятых апекуноў. Поўная сулучнасьць, якой мы прагнем, зьяўляецца, вядома, дарам ад Бога праз ласку Духа Сьвятога. Няхай наш Госпад дапаможа нам быць гатовымі прыняць гэты дар праз малітву, глыбокае навяртаньне і адкрытасьць на тое, каб прасіць прабачэньня і прабачаць».
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"