Друк
18.01.2022
Папа: ахвяруем цяжкасьці і пакуты ў інтэнцыі еднасьці хрысьціянаў
 
Пасьля малітвы Анёл Гасподні, якая 16 студзеня 2022 году прайшла на плошчы сьвятога Пятра ў Ватыкане, Папа Рымскі Францішак скіраваў заклік у сувязі з набліжэньнем Тыдня малітваў за еднасьціь хрысьціянаў — паведамляе Беларуская рэдакцыя Vatican News.
 
«З 18 па 25 студзеня адбудзецца Тыдзень малітваў за еднасьць хрысьціянаў, які ў гэтым годзе прапануе паглядзець на сябе праз досьвед Мудрацоў, якія прыбылі з Усходу ў Бэтлеем, каб пакланіцца Месіі-Каралю», — нагадаў Францішак.
 
«Таксама і мы, хрысьціяне, у разнастайнасьці нашых канфесій і традыцый, зьяўляемся пілігрымамі на шляху да поўнай еднасьці, і больш набліжаемся да нашай мэты тады, калі трымаем позірк засяроджаным на Ісусе, нашым адзіным Госпадзе», — сказаў Сьвяты Айцец, заклікаючы на працягу гэтага Тыдня малітваў за еднасьць ахвяроўваць у інтэнцыі еднасьці паміж хрысьціянамі таксама нашыя цяжкасьці і пакуты.
 
Тэмай сёлетняга Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў сталі словы з Евангельля паводле сьв. Мацьвея: «Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму» (Мц 2, 2). Матэрыялы да гэтай ініцыятывы былі падрыхтаваныя Радай Цэркваў Блізкага Ўсходу і ўхвалены Сусьветнай Радай Цэркваў і Папскай Радай па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў.
 
Упершыню ідэя міжканфесійнай малітвы за еднасьць хрысьціянаў зьявілася ў ХІХ ст. У цяперашнім фармаце Тыдзень малітваў за еднасьць хрысьціянаў праводзіцца з 1908 г. з ініцыятывы сьвятара з ЗША Пола Ўотсана.
 
Фота: Cath.ch.
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"