Друк
18.03.2022
Ватыкан: тэолагі асуджаюць расейскую агрэсію супраць Украіны
 
Ваенная агрэсія Расеі супраць Украіны зьяўляецца злачынствам супраць міжнароднага права, правоў чалавека, свабоды і гуманізму — лічаць члены Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Пра гэта яны скіравалі адмысловую заяву — паведамляе Vatican News.
 
“Мы, тэолагі з розных краінаў і кантынентаў, выказваем поўную салідарнасьць з заклікамі хрысьціянскіх Цэркваў Украіны спыніць ваенную агрэсію Расеі супраць іх краіны. Мы рашуча асуджаем гэтую вайну супраць суверэннай украінскай дзяржавы. Гэты нічым не справакаваны напад, які ўжо забраў жыцьцё тысячаў людзей, ня можа быць апраўданы”, — адзначецца ў звароце.
 
Падпісанты лічаць, што напад на Ўкраіну — гэта замах на асновы чалавечай цывілізацыі, якая падсілкоўваецца маральным кіраўніцтвам хрысьціянства і іншых сусьветных рэлігіяў. На іх думку, усе вінаватыя ў гэтай вайне павінны быць названы і прыцягнуты да адказнасьці.
 
“Мы яднаемся з украінскім народам у гэты трагічны момант яго гісторыі і просім людзей ва ўсім сьвеце маліцца разам з намі за Ўкраіну і ўкраінцаў. Мы таксама просім аб малітве за расейскі народ: як за тых, хто мае мужнасьць супрацьстаяць злу, так і за тых, каму прамылі мазгі падманлівай прапагандай, распаўсюджанай медыямашынай іх краіны і ператворанай у інструмент злачыннай дзейнасьці іх лідара”, — напісалі тэолагі.
 
Яны заклікалі ўсіх сусьветных лідараў, якія паважаюць свабоду, чалавечую годнасьць і прынцыпы дэмакратыі, зьдзейсьніць самы моцны ціск на Крэмль з мэтай неадкладна спыніць вайну і вывесьці расейскія войскі з украінскай тэрыторыі.
 
Міжнародная тэалагічная камісія зьвярнулася і да рэлігійных лідараў Расеі з заклікам “выразна асудзіць несправядлівую і злачынную вайну і пакуты, якія іх дзяржава прынесла суседняй краіне і Еўропе”. “Мы заклікаем усіх людзей добрай волі падтрымаць ахвяраў гэтай агрэсіі. Молімся Богу аб міры і справядлівасьці для Ўкраіны, Расеі, Еўропы і ўсяго сьвету”, — гаворыцца ў заяве.
 
Задача Міжнароднай тэалагічнай камісіі — дапамагаць Сьвятому Пасаду, у прыватнасьці Кангрэгацыі навукі веры, у вывучэньні важных дактрынальных пытаньняў. У яе склад уваходзяць тэолагі розных школ і нацыянальнасьцяў, якія вызначаюцца вялікімі тэалагічнымі ведамі і вернасьцю вучэньню Царквы.
 
Фота: Vatican Media.
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"