Друк
23.04.2015
Айцец Сяргей Стасевіч: найперш важная сутнасьць сьвята Вялікадня
 
Пра розныя календары і метады вылічэньня даты Вялікадня Беларускае Радыё Рацыя пагутарыла з сьвятаром Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане айцом Сяргеем Стасевічам.
 
— Айцец Сяргей, беларускія грэка-каталікі адзначаюць Вялікдзень паводле грыгарыянскага календара, а вось, напрыклад, украінскія грэка-каталікі — паводле юльянскага. Як так сталася?
 
Беларускі грэка-каталіцкі сьвятар а. Сяргей Стасевіч з Лондану.
— Справа ў тым, што першыя грэка-каталіцкія календары, якія патрапілі ў Беларусь з Захаду, былі зробленыя для нашай місіі ў Лондане, якая ад самога пачатку сьвяткавала Вялікдзень разам з Заходняй Царквою, паводле грыгарыянскай пасхаліі. Такім чынам, праз такую практычную рэч, у нас, можна так сказаць, «завёўся» новы стыль.
 
— Ці ставілася ўмова пераводу беларускіх вернікаў на грыгарыянскі каляндар падчас падпісаньня царкоўнай Уніі ў Берасьці? Паводле якога календара ў ранейшыя часы адзначалі Вялікдзень беларускія ўніяты? Ці захаваліся нейкія зьвесткі?
 
— Беларусы заўсёды сьвяткавалі паводле юльянскага календара. Не было такой умовы ў Берасьцейскай Уніі і быць не магло, таму што калі б такая ўмова падпісаньня Уніі была, ніхто б яе не прыняў.
 
Хацеў бы дадаць некалькі словаў пра календары, пра пасхаліі. Я ня думаю, што гэта вялікая праблема, калі сьвяткаваць Вялікдзень: ці разам з Заходняй Царквою, ці разам з большасьцю Ўсходніх Цэркваў. Усё ж такі пасхаліі і календары — гэта справа чалавечая. Яны могуць мяняцца. Самае галоўнае — гэта тыя праўды, якія мы пераказваем, тое, што пазачасавае. А каляндар, ён вымярае за сабой час. У Бога няма часу.
 
— Вы ўзгадалі, што большасьць Усходніх Цэркваў прытрымліваецца юльянскага календара. То бок большасьць, але ня ўсе. Напрыклад, беларускія грэка-каталікі карыстаюцца грыгарыянскім календаром. А што датычыць Праваслаўных Цэркваў, ці ва ўсіх краінах Вялікдзень адзначаецца паводле юльянскага календара?
 
— У некаторых Праваслаўных Цэрквах ёсьць грыгарыянскі каляндар, напрыклад, у Румыніі. У некаторых ёсьць такая практыка так званага неаюльянскага календара. Гэта калі сьвяты нерухомыя, такія як Божае Нараджэньне (Каляды), Дабравешчаньне сьвяткуюцца паводле новага, так бы мовіць, грыгарыянскага календара, а сьвяты рухомыя, зьвязаныя з Вялікаднем — паводле Усходняй, юльянскай пасхаліі. Гэта называецца неаюльянскі каляндар. Магчыма, трохі заблытана гучыць для непасьвечаных, але ёсьць такія мадэлі. Ёсьць палавінчатая мадэль — неаюльянскі каляндар, ёсьць юльянскі, ёсьць грыгарыянскі. Незалежна ад канфесійнай прыналежнасьці, ці то каталікі, ці ўсходнія каталікі, ці праваслаўныя, Цэрквы маюць такія календары. Вось напрыклад, Румынія: грэка-каталікі маюць юльянскі каляндар, праваслаўныя — грыгарыянскі.
 
— Ці ёсьць такая магчымасьць, што дата адзначэньня Вялікадня калісьці стане нерухомай?
 
— Ад самога пачатку было зроблена так, што гэта дата рухомая, таму што там ёсьць свае складаныя прынцыпы вылічэньня Вялікадня. Як Вам сказаць, гэта дата сымбалічная. Калі мы ўсьведамляем, што галоўнае — гэта сэнс, які стаіць за ёй, а ня сам прамежак часу, у які гэта адбылося, вось тады ўсё становіцца на свае месцы. Хрыстос памёр і ўваскрос пазачасава, па-за прасторай і па-за месцам, паколькі Ён — Збавіцель усіх людзей, усяго чалавецтва. Вось гэта наша хрысьціянскае сьведчаньне сьвету.
 
— То бок усе хрысьціяне незалежна ад канфесіі, календара маюць яднацца ў радасьці гэтага сьвята, бо ўсё астатняе — досыць сымбалічна?
 
— Менавіта. Усё астатняе — другаснае. Усе гэтыя рэчы былі абумоўлены гісторыяй, нават разьвіцьцём астранамічных ведаў, таму што, як мы ведаем, грыгарыянская рэформа календара надышла ў сувязі з разьвіцьцём тагачасных навуковых ведаў. Усё гэта — рэчы людзкія, і яны не павінны нас разьядноўваць, таму што мы верым у аднаго ўваскрослага Хрыста.
 
Паводле: Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя.
 
Гл. таксама: Грыгарыянскі каляндар у Беларусі. Пасхалія.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"