Друк
19.03.2016
Пасланьне Папы з нагоды 70-х угодкаў Львоўскага псеўдасабору
 
Папа Рымскі Францішак накіраваў 5 сакавіка 2016 году Пасланьне Яго Блаславенству Сьвятаславу Шаўчуку, Вярхоўнаму Архібіскупу Кіева-Галіцкаму, з нагоды 70-х угодкаў Львоўскага псеўдасабору, які прыняў рашэньне пра ліквідацыю Грэка-Каталіцкай Царквы на тэрыторыі СССР.
 
Гэтае Пасланьне Сьвятога Айца Францішка Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук) даручыў зачытаць душпастырам ва ўсіх цэрквах у нядзелю, 13 сакавіка 2016 году, пасьля кожнай Боскай Літургіі.
 
Папа Францішак і Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук. Ватыкан, 05.03.2016.
Яго Блаславенству
Сьвятаславу Шаўчуку
Вярхоўнаму Архібіскупу Кіева-Галіцкаму
 
«Як дарагая, Бoжа, ласка Твая: сыны людзкiя xаваюцца ў цeню крылаў Тваix» (Пс 36 [35], 8).
 
Як вернікі, мы шукаем абароны пад покрывам «крылаў» Госпада Бога, таму што мы сапраўды зьяўляемся носьбітамі боскай ласкі, але мы падобныя на гліняныя пасудзіны (пар. 2 Кар. 4, 7). У пэўных абставінах наш чалавечы стан робіцца яшчэ больш уразьлівым праз цяжкія гістарычныя абставіны, якімі пазначана жыцьцё народу Божага, супольнасьці, якую Госпад наш Ісус Хрыстос здабыў Сваёй Крывёю.
 
Украінская Грэка-Каталіцкая Царква ў гэтыя дні ўзгадвае сумныя падзеі сакавіка 1946 году. Семдзесят гадоў таму ідэалагічны і палітычны кантэкст, а таксама ідэі, якія супярэчылі самому існаваньню вашай Царквы, прывялі да арганізацыі псеўдасабору ў Львове, наступствам якога сталі дзесяцігоддзі пакутаў пастыраў і вернікаў.
 
Успамінаючы гэтыя падзеі, з глыбокай удзячнасьцю схіляем галаву перад тымі, хто цаной выпрабаваньняў, а нават і мучаніцтва, на працягу гэтага перыяду сьведчылі сваю веру, жылі ёю з адданасьцю ў сваёй Царкве і ў непахіснай еднасьці з Пераемнікам сьвятога Пятра.
Пасланьне Сьвятога Айца Францішка з нагоды 70-х угодкаў Львоўскага псеўдасабору 1946 г.
Адначасова вачыма, прасьветленымі той самай верай, глядзім на Госпада Ісуса Хрыста, ускладаючы на Яго, а не на чалавечую справядлівасьць усякую нашую надзею. Ён зьяўляецца сапраўднай крыніцай нашай веры ў сучаснасьць і ў будучыню, бо мы ўпэўненыя ў тым, што пакліканыя абвяшчаць Евангельле таксама і пасярод любых цярпеньняў і цяжкасьцяў.
 
«І хто ўчыніць вам ліха, калі вы будзеце рупіцца пра дабро? Але калі і церпіце за справядлівасьць, дык вы шчасьлівыя! Госпада Бога сьвяцеце ў сэрцах вашых; будзьце заўсёды гатовыя кожнаму, хто ў вас папытае адказу за вашу надзею, адказаць з лагоднасьцю і пашанаю» (1 Пт 3, 13-15).
 
Паўтараючы гэтыя словы за сьвятым апосталам Пятром, выказваю сваю глыбокую ўдзячнасьць за вашую вернасьць і заклікаю вас быць нястомнымі сьведкамі гэтай надзеі, якая прасьвятляе нашае жыцьцё і жыцьцё ўсіх братоў і сясьцёр вакол нас. Яшчэ раз выказваю сваю салідарнасьць з пастырамі і вернікамі ва ўсім тым, што яны робяць у гэты складаны час, пазначаны выпрабаваньнямі вайны, каб палегчыць цярпеньні насельніцтва і шукаць шляхі міру для дарагой украінскай зямлі.
 
Нашая адвага і нашая радасьць — у Госпадзе. Менавіта Яго прашу праз заступніцтва Ўсячыстай Дзевы Марыі і мучанікаў вашай Царквы, каб боскае суцяшэньне асьвяціла абліччы вашых супольнасьцяў ва Ўкраіне і ў іншых частках сьвету.
 
Адначасова ад усяго сэрца ўдзяляю вам, біскупам, сьвятарам, манаству і вернікам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы асаблівае Апостальскае блаславеньне, як знак маёй пастаяннай любові і памяці пра вас.
 
Дадзена ў Ватыкане, 5 сакавіка 2016 году.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"