Друк
10.07.2016
«Веру ў Адзіную Царкву»
 
Разважаньні пра еднасьць Царквы напярэдадні ХХІІ грэка-каталіцкай пілігрымкі з Віцебску ў Полацак душпастыра гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай а. Андрэя Крата.
 
Патрэбу адзінства Хрыстовай Царквы разумее кожны хрысьціянін. Прамаўляючы Сымбаль веры, мы вызнаем веру ў адзіную, мьвятую, паўсюдную і апостальскую Царкву. Аднак як належыць разумець адзінства Царквы? У чым яно праяўляецца?
 
1. Многія хрысьціяне прызнаюць, што дастаткова, каб адзінства Царквы было толькі духовым: прадстаўнікі розных веравызнаньняў вызнаюць адзінага Бога, вераць у Хрыста, прасляўляюць Сьвятога Духа. Час ад часу яны сустракаюцца на экуменічных малітвах, абмяркоўваюць нейкія пытаньні на супольных канферэнцыях ці ў сяброўскім коле пры каве.
 
На жаль, наш сёньняшні вопыт паказвае, што для сапраўднага Адзінства недастаткова толькі такой еднасьці. Пэўныя супольнасьці могуць прымаць рашэньні адносна веры і хрысьціянскага жыцьця абсалютна непрымальныя для іншых. Напрыклад, мы ня можам пагадзіцца на жаночае сьвятарства ці гомасэксуальныя «шлюбы», якія практыкуюцца ў некаторых супольнасьцях.
 
Мы, каталікі, верым у тое, што для сапраўднага адзінства неабходна, каб у хрысьціянскай супольнасьці быў адзін Галава. Гэта падказвае нам і чалавечая логіка: для пасьпяховасьці любой справы патрэбна, каб хтосьці яе ўзначальваў, нёс за яе адказнасьць і разьмяркоўваў заданьні іншым удзельнікам справы.
 
Евангельле гаворыць нам пра тое, хто павінен быць Галавой Царквы. Пад Кесарыяй Піліпавай аднаму з сваіх вучняў, Сымону, сыну Ёны, Ісус кажа:
 
«Шчасьлівы ты, Сымоне, Сыне Ёны, бо ня цела і кроў аб’явілі табе гэта, але айцец Мой, што ў небе. І вось Я кажу табе: Ты — Пётра (скала), і на гэтай скале я збудую Маю Царкву, і пякельныя брамы не перамогуць яе. І дам табе ключы нябеснага валадарства, і што-колечы зьвяжаш на зямлі, будзе зьвязана ў небе, а што разьвяжаш на зямлі, будзе разьвязана ў небе» (Мц 16, 17-19).
 
2. Кранутыя гэтымі словамі, Айцы Берасьцейскай Уніі, 420-я ўгодкі якой мы сёлета адзначаем, зьвярнуліся да наступніка сьв. Пятра – біскупа Рыму, Папы, каб аднавіць Адзінства нашай Царквы з Царквой Паўсюднай.
 
Часамі даводзіцца чуць ад праціўнікаў Еднасьці: Берасьцейская Унія была падпісаная таму, што праваслаўныя біскупы хацелі мець больш улады, грошай, гонару. На самой справе, пачаўшы працэс падпісаньня Уніі, Айцы мусілі разьвітацца з сытым і спакойным жыцьцём. Знакамітыя магнаты і палітычныя дзеячы, якім ня выгаднае было Адзінства Царквы (узгадайма старажытнарымскі прынцып «падзяляй і валадар») вялі палітычныя інтрыгі, каб папсаваць іх намеры і не дапусьціць Уніі. Біскупы накіроўваліся ў далёкія і небясьпечныя па тых часах падарожжы. Да іх падсылалі забойцаў: у 1609 годзе зьдзейсьнены напад на Кіеўскага мітрапаліта Іпація Пацея, а ў 1623 годзе разьюшаны натоўп, падбухтораны ілжывай прапагандай праціўнікаў Уніі, забіў Полацкага архібіскупа Язафата Кунцэвіча. Да нашых дзён падман, паклёпы і няпраўда брудзяць імёны слаўных сыноў Царквы і Бацькаўшчыны.
 
Дзякуючы Богу і сумленнай працы навукоўцаў, мы сёньня адкрываем праўду пра Ўніяцкую Царкву, пра яе значэньне для беларускай культуры, мастацтва, асьветы. Аднак мне падаецца, што той плён, які прынесла нам Уніяцкая Царква — гэта ня проста багаты ўнёсак пэўнай канфесіі. Гэта плён Адзінства Царквы, бо калі нашыя продкі жылі паводле запавету Хрыста «каб усе былі адно» (Ян 17, 21), то тады Ласка Божая актыўна дзейнічала ў іх, дазваляла будаваць велічныя храмы, ствараць выдатныя творы мастацтва, зьбіраць багатыя бібліятэкі, але галоўнае — несьці Слова Божае кожнаму чалавеку.
 
3. Якім чынам мы можам дапамагчы вяртаньню Адзінства Царквы. Безумоўна, неабходная малітва за еднасьць хрысьціянаў.
 
Аднак я хацеў бы зьвярнуць увагу на адну вельмі важную справу, да якой мы, грэка-католікі, пакліканыя — несьці праўду пра Адзінства Царквы. Мы павінны моцна ўсьвядоміць, што рэальнае Адзінства паміж хрысьціянамі розных традыцыяў магчымае, і яно існуе ў Каталіцкай Царкве. Мы, хрысьціяне візантыйскай традыцыі, захоўваем яе багацьце, і пры гэтым жывем у еданасьці з нашымі братамі і сёстрамі лацінскай і іншых трыдыцыяў.
 
Мяне заўсёды моцна кранае, калі падчас вялікіх урачыстасьцяў у рыма-каталіцкіх храмах прысутнічаюць прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і нашыя, грэка-каталіцкія сьвятары. Мы выглядаем аднолькава — тыя самыя сьвятарскія вопраткі, падобныя крыжы. Праваслаўныя сьвятары заўсёды паказваюць сваю глыбокую пашану да рыма-каталіцкай традыцыі, аднак, у адрозьненьні ад грэка-каталіцкіх свьятароў, яны не могуць супольна служыць Еўхарыстыю. Я веру, што калісьці гэты боль падзелу будзе цалкам пераадолены, а пакуль мы, грэка-католікі, дзякуючы подзьвігу Айцоў Берасьцейскай Уніі, можам супольна прымаць Цела Хрыстовае разам з братамі і сёстрамі — каталікамі іншых традыцыяў.
 
Каб быць годнымі сьведкамі Адзінства, мы павінныя глыбока ведаць навучаньне Каталіцкай Царквы — Катэхізіс Каталіцкай Царквы, дакументы ІІ Ватыканскага Сабору, навучаньне папаў, бо ў іх гаворыцца праўда пра каталіцкае бачаньне Адзінства. Тады нашая вера ў Адзіную Царкву ня будзе проста сентыментальнай чалавечай выдумкай, а будзе грунтавацца на Сьвятым Пісаньні, Традыцыі двух тысячагоддзяў хрысьціянства, на навучаньні Айцоў Царквы, на духовым вопыце пакаленьняў хрысьціянаў. Тады нашае сьведчаньне будзе ня толькі яскравым, але і грунтоўным.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"