Друк
03.02.2019
Айцец Андрэй Крот пра сьвята Грамніцаў
 
2 лютага (15 лютага — паводле юльянскага календара) вернікі адзначаюць сьвята Сустрэчы Госпада нашага Ісуса Хрыста, ці Грамніцы. Сьвятар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы з Горадні а. Андрэй Крот распавядае пра сэнс гэтага, аднаго з двунадзясятых сьвятаў Усходняй Царквы.
 
Гэтае сьвята ўзгадвае падзею зямнога жыцьця Ісуса Хрыста, Які на саракавы дзень пасьля нараджэньня, паводле закону Майсеевага, быў прынесены ў Ерусалімскі храм, дзе Маці Божая з Язэпам склалі ўдзячную і ачышчальную ахвяру Богу.
 
Душпастыр гарадзенскіх вернікаў з парафіі Маці Божай Фацімскай а. Андрэй Крот у сваім каментары для Радыё Рацыя зьвярнуў увагу на некаторыя значэньні гэтага сьвята для хрысьціянаў.
 
«Мне вельмі падабаецца народнае тлумачэньне гэтага сьвята, тое, што зіма сустракаецца з вясною, з летам. Бо яно таксама і біблійнае. Зіма Старога Запавету, калі мы яшчэ ня ведалі пра прыйсьце Збаўцы, сустракаецца з вясною і летам Новага Запавету, калі мы ўжо чуем, што Збаўца нарадзіўся, калі Ён ужо пачынае аб’яўляць Сябе сьвету і калі пачынаецца ўласна тая нашая гісторыя збаўленьня, якая трошкі раней ужо ў нас сьвяткуецца, ад Раства Хрыстовага, але зараз яна ўжо больш глыбока пранікае ў сьвет.
 
Вельмі важны сымбаль гэтага сьвята — грамнічная сьвечка, якая для нас сымбалізуе, па-першае, тое, што мы самі павінны гарэць для Бога. Быць такім сьвятлом, якое будзе сьвяціць і іншым людзям таксама. А па-другое, сымбалізуе таксама Бога, сімвалізуе Хрыста, Які прысутны ў нашым сьвеце і таксама расьсьвятляе нам цемру гэтага сьвету, розныя там нашыя непаразуменьні, прыкрасьці, крыўды, беды. Але ў гэтых бедах і крыўдах зьзяе Хрыстос, зьзяе для нас сьвятло Божае і паказвае нам, што збаўленьне ёсьць».
 
Праведнаму Сымону было прадказана Духам Сьвятым, што ён не памрэ, пакуль ня ўбачыць Збаўцу. І вось у дзень, калі Найсьвяцейшая Дзева Марыя з Язэпам прынесьлі ў Ерусалімскі храм Ісуса, старац Сымон сустрэў іх на ганку і, прыняўшы на рукі Божае Дзіця, сказаў наступныя словы; «Цяпер адпускаеш у супакоі слугу Твайго, Госпадзе, паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты падрыхтаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго». (Лк 2, 25-32). Таму ён і атрымаў імя Сымон Богапрыемца.
 
У храме, знаходзілася пабожная ўдава Ганна-прарочыца, васьмідзесяці чатырох гадоў, якая служыла Богу постам і малітваю ўдзень і ўночы. Яна таксама пазнала Збаўцу і, наблізіўшыся, славіла Госпада і гаварыла пра Яго ўсім у Ерусаліме, хто чакаў прышэсьця на зямлю Хрыста. Так апошнім праведнікам адыходзячага Старога Запавету — праведнаму Сымону і Ганьне-прарочыцы было наканавана сустрэць у храме Богадзіця Ісуса — Носьбіта Новага Запавета.
 
Адметнасьцю гэтага сьвята зьяўляецца асаблівы чын асьвячэньня сьвечак, якія называюцца ў народзе грамнічнымі. Гэтай грамнічнай сьвечкай, якую потым вернікі прыносяць у свае дамы, мы асьвячаем усё тое, чым карыстаемся, каб гэтыя рэчы былі дабраславёныя Богам, адзначае сьвятар Андрэй Крот.
 
І менавіта гэтым сьвятам Сустрэчы Госпада завяршаецца цыкл Калядных сьвятаў. Таксама паводле даўняй традыцыі на Грамніцы, у саракавы дзень пасьля Калядаў, у храмах прыбіраюць сьвяточную ялінку. У праваслаўных жа застаецца яшчэ два тыдні, каб пацешыцца ўпрыгожанай каляднай ялінкай.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"