Друк
11.04.2020
Апостальскі Візітатар БГКЦ: сьвята Пасхі Хрыстовай дае нам магчымасьць аднавіць еднасьць з Хрыстом
 
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) накіраваў вернікам сваё пастырскае пасланьне з нагодны сьвята Ўваскрасеньня Хрыстовага, якое сёлета сьвяткуецца ў складаных умовах пандэміі каранавірусу.
 
Узгадваючы падзеі Вялікага тыдня, якія вялі вернікаў да сьвята Ўваскрасеньня і асэнсоўваючы збаўчы подзьвіг Ісуса Хрыста, Архімандрыт Сяргей ў гэтым сьвятле прыгадаў і няпростыя пачаткі шляху адраджэньня, якія 30 гадоў таму пачала Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі, аднаўляючы сваю літургічную і душпастырскую дзейнасьць. Ён падзякаваў Богу за ўсіх сьвятароў, дыяканаў і манахаў БГКЦ, якія нястомна, ахвярна і бескарысьліва служылі і служаць Богу, Царкве і Бацькаўшчыне, а таксама выказаў глыбокую ўдзячнасьць вернікам розных пакаленьняў за духоўную, малітоўную і матэрыяльную падтрымку іхняга служэньня.
 
Уваскрасеньне Хрыстова — Сашэсьце ў пекла. Абраз з канца XVII ст. з Уваскрасенскай царквы ў в. Альгомель Столінскага р-ну Берасьцейскай вобл.
Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара
для грэка-католікаў Беларусі
на сьвята Пасхі Хрыстовай 2020 году
 
Пачэсныя сьвятары і дыяканы! Дарагія манахі, манахіні і браты семінарысты!
Любыя ў Госпадзе браты і сёстры! Паважаныя сябры!
 
Усіх вас шчыра віншую з Сьветлым Хрыстовым Уваскрасеньнем:
Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!
 
Да пасхальнай радасьці Ўваскрасеньня Госпада нашага Ісуса Хрыста Сьвятая Царква прывяла нас праз Вялікі тыдзень Мукаў Хрыстовых, асабліва праз Вялікі чацьвер, Вялікую пятніцу, Вялікую суботу. У гэтыя дні мы ўспаміналі і стараліся асэнсаваць увесь збаўчы подзьвіг, які Ісус Хрыстос споўніў дзеля нас і дзеля нашага збаўленьня.
 
1. У Вялікі чацьвер мы ўзгадвалі вялікі дар Еўхарыстыі і сьвятарскага служэньня, які Хрыстос даручыў Сваёй Сьвятой Царкве. Гэта было для ўсіх нас добрай нагодай асэнсаваць каштоўнасьць і веліч дару Боскай Літургіі для жыцьця нашай Царквы. І гэта была асаблівая нагода падзякаваць Госпаду за 30 гадоў магчымасьці служыць адкрыта ў нашай Бацькаўшчыне Боскую Літургію.
 
Айцец Аляксандар Надсан правіць набажэнства ў капліцы ў Менску, 1996 год.
Як вядома, у нядзелю 11 сакавіка 1990 году мітрафорны протаярэй Аляксандар Надсан, Апостальскі Візітатар для беларусаў замежжа з Лондану адслужыў ў Менску, у адзіным тады адкрытым у сталіцы касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа на Кальварыйскіх могілках, Боскую Літургію ў візантыйскім абрадзе па-беларуску. Тая Літургія ў Менску сталася момантам аднаўленьня адкрытай літургічнай і душпастырскай дзейнасьці Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Пасьля яе літургічнае жыцьцё беларускіх грэка-католікаў пачалася і ў іншых гарадах і Беларусі.
 
Спачылы ўжо дэкан БГКЦ а. Ян Матусевіч правіць набажэнства разам з а. Казімірам Ляховічам у капліцы на вул. Прытыцкага ў Менску. Фота з архіву сайту Vytoki.net.
У гэтыя Пасхальныя дні мы дзякуем усім тым, хто 30 гадоў таму маліўся на першай беларускамоўнай Боскай Літургіі ў Менску. Тым, хто працягвае малітоўны подзвіг, і тым, хто ўжо адышоў да Госпада.
 
Але я жадаю асабліва падзякаваць і тым, каму менш за 30 гадоў, хто ня быў на той Літургіі. 30 гадоў мы прылюдна маліліся ў Менску ў розных месцах: у гандлёвых радах Верхняга гораду — побач касьцёла сьв. Язэпа, у арэндаваным маленькім памяшканьні па вул. Прытыцкага, у падвалах жылога хмарачосу па пр-це Пушкіна, нарэшце, у больш прыстойных капліцах Праведнага Язэпа, Маці Божай Нястомнай Дапамогі ці ў ніжнім храме Чырвонага касьцёлу.
 
Падобным чынам вернікі ўсіх грэка-каталіцкіх парафіяў у Беларусі прайшлі няпросты шлях нястомных намаганьняў, каб арганізаваць адкрытае, прылюднае літургічнае жыцьцё і душпастырскае служэньне.
 
Спачылы ўжо дэкан БГКЦ з Горадні а. Віктар Данілаў.
Дзякуй вам усім, што 30 гадоў вы цярпліва і мужна захоўваеце праўдзівую веру, хрысьціянскую надзею і дзейсную любоў, крыніцай якой зьяўляецца сьвятая Еўхарыстыя — Боская Літургія.
 
У гэтыя Пасхальныя дні ў шчырай малітве дзякуем Госпаду-Першасьвятару за ўсіх сьвятароў і дыяканаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, якія на працягу 30-ці гадоў нястомна, ахвярна і бескарысьліва служылі і служаць Богу, Царкве і Бацькаўшчыне. Дзякуем манахам і манахіням за плённае супрацоўніцтва. Усім вернікам выказваю глыбокую ўдзячнасьць за духоўную, малітоўную і матэрыяльную падтрымку іхняга служэньня.
 
2. У Вялікую пятніцу Мукаў Хрыстовых мы стараліся асэнсаваць праўду, што Хрыстос у Сваім прыніжэньні ёсьць блізкі да ўсіх, хто церпіць, хто праходзіць выпрабаваньні.
 
У гэтым годзе, у складаны час сусьветнай пандэміі, Яго Сьвятасць Папа Францішак ў Вербную нядзелю заклікаў нас да мужнай любові.
«Сёньня, падчас драмы пандэміі, перад абліччам шматлікіх падманутых спадзяваньняў, калі на нашых вачах разбураюцца шматлікія апоры, калі адчуваньне самотнасьці сьціскае сэрца, Ісус кажа кожнаму з нас: “Будзь мужны, адкрый сэрца на Маю любоў, і тады адчуеш суцяшэньне Бога, Які падтрымлівае цябе”».
 
Старажытная традыцыя Ўсходняй Царквы навучае нас, што праз сьмерць Хрыста на Крыжы мы ўваходзім у Таямніцу Ўваскрасеньня і Зыходу Сьвятога Духа. Паміраючы на Крыжы, Ісус Хрыстос перадаў Царкве Духа Сьвятога (пар. Ян 19, 30), які ажыўляе Царкву заўжды, а асабліва ў час выпрабаваньняў. Таму ў сьвятле жыватворчага, духаноснага Крыжа Гасподняга і сьветлага Ўваскрасеньня мы адкрываем праўду пра прысутнасьць Духа Сьвятога ў служэньні нашай Царквы.
 
У мінулую ўжо Вялікую сераду (08.04.2020) Сьвяты Айцец Францішак нагадаў:
«З адкрытага сэрца Ўкрыжаванага любоў Божая дасягае кожнага з нас. Мы можам зьмяніць нашую гісторыю, наблізіўшыся да Яго, прыняўшы збаўленьне, якое нам дае. Адкрыем Яму ў малітве ўсю душу. (…) Дазволім, каб Яго погляд спачыў на нас. Тады зразумеем, што мы не самотныя, нас любяць, таму што Бог нас не пакідае і не забывае ніколі. З гэтымі думкамі жадаю вам сьвятога Вялікага тыдня і сьвятой Пасхі», — сказаў Папа на заканчэньне катэхезы.
 
3. Браты і сёстры!
Сьвята Пасхі Хрыстовай яшчэ раз дае нам магчымасьць аднавіць еднасьць з Хрыстом, стаяць ля Ягонага жыватворчага Крыжа і ў моцы Сьвятога Духа сьпяваць гімн Уваскрасеньня, бо Хрыстос уваскрос і Ён з намі ва ўсе дні ажно да сканчэньня веку.
 
Глыбей разумець гэтую парадаксальную Таямніцу дазваляе нам Сьвятое Евангельле. Таму ўсім вернікам нашае Царквы ды ўсім людзям добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне жадаем, каб у час сьвятаў Пасхі Хрыстовай захацелі ўважліва і пабожна чытаць Сьвятое Евангельле на роднай беларускай мове.
 
У сьвята Ўваскрасеньня Гасподняга ў шчырай малітве дзякуем Уваскросламу Хрысту Чалавекалюбцу, што нашая Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, якая ніколі не перастала існаваць, мае магчымасьць адкрыта прапаведваць Евангельле на роднай зямлі.
 
Хочам сардэчна прывітаць з сьвятам Пасхі Гасподняй усіх, хто яе сьвяткуе паводле новага календара: грэка-католікаў, братоў рыма-католікаў, братоў пратэстантаў.
 
Братам праваслаўным, якія будуць сьвяткаваць Пасху паводле юліянскага календара, жадаем добрага вялікапоснага духовага подзьвігу.
 
Усім жадаем багатых дароў міру, радасьці, веры, надзеі ды любові ад Уваскрослага Хрыста і вітаем сьвяточным вітаньнем: Хрыстос уваскрос — сапраўды ўваскрос!
 
Менск, Пасха Гасподняя 2020 году.
 
+ Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек),
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"