Друк
02.06.2020
Разьвітальнае слова архім. Сяргея Гаека на пахаваньні вядомага тэолага і экуменіста ў Кодані
 
30 траўня 2020 году ў санктуарыюме Маці Божай Коданьскай у Кодані над Бугам адбылося разьвітаньне са знакамітым багасловам-экуменістам, знаўцам духоўнай спадчыны старажытнай Русі і хрысьціянскага Ўсходу айцом Вацлавам Грыневічам, OMI.
 
Гэты вядомы ў Польшчы і ў сьвеце каталіцкі тэолаг з манаскай супольнасьці Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі (OMI), які меў уніяцкія карані, адышоў да Бога 26 траўня 2020 году на 60 годзе свайго сьвятарства ва ўзросьце 83 гадоў. Ён нарадзіўся ў Прыбужжы, у мястэчку Ламазы, на сумежжы некалькіх народаў, культураў і канфесіяў. Згодна з яго воляй, пахаваны ў Кодані, на парафіяльных могілках, побач з магіламі яго субратоў у манастве. Варта адзначыць, што Кодань з сяр. 80-х гадоў XX ст. стаў месцам Агульнапольскіх экуменічных сустрэчаў.
 
Для разьвітаньня з а. праф. Вацлавам Грыневічам на пахавальныя ўрачыстасьці ў Кодань сьпецыяльна паехаў, нягледзячы на зачыненыя ў сувязі з пандэміяй каранавіруса межы, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек). Поруч з а. Вацлавам Грыневічам ён шмат гадоў займаўся навуковай і выкладчыцкай працай у Экуменічным інстытуце Каталіцкага ўніверсітэту ў Любліне ад моманту яго стварэньня. Варта адзначыць, што гэты Экуменічны інстытут паўстаў у 1983 годзе шмат у чым дзякуючы менавіта доктару тэалогіі а. праф. Вацлаву Грыневічу, які быў у ім спачатку намесьнікам кіраўніка, а ў 1997—2005 гг. — дырэктарам інстытуту.
 
Жалобную літургію ў санктуарыі Маці Божай Коданьскай Каралевы Падляшша ўзначаліў біскуп Седлецкі Казімер Гурда, з якім саслужылі біскуп Сандамірскі Крыштаф Ніткевіч, старшыня Рады Канферэнцыі біскупаў Польшчы па справах экуменізму, і Архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі. На жалобным набажэнстве таксама прысутнчалі прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы.
 
У сваім Развітальным слове на пахаваньні ў Кодані 30 траўня 2020 году айца праф. Вацлава Грыневіча Архімандрыт Сяргей (Гаек) узгадаў пра спачылага як пра нястомнага вестуна Пасхальнай Таямніцы Хрыста, які натхняў хрысьціянаў Захаду і Ўсходу да прымірэньня, узаемнага пазнаньня і супольнага сьведчаньня ў сьвеце.
 
«Шаноўны Ойча прафесар Вацлаў!
 
У дзень Твайго пахаваньня ў Кодані над Бугам я хацеў бы перадаць Табе словы разьвітаньня і падзякі ад хрысьціянаў розных традыцыяў і канфесіяў у Беларусі: грэка-католікаў, рыма-католікаў, праваслаўных і пратэстантаў.
 
Мы дзякуем Уваскросламу Хрысту за Твой нястомны подзьвіг глыбокага разважаньня над Пасхальнай Таямніцай Хрыста (Pachale Mysterium Christi).
 
Твая пасхальная трылогія “Хрыстос - наша Пасха” для многіх хрысьціянаў на ўсход ад Буга (і аж да Ўладзівастоку) стала крыніцай духоўнай сілы на шляху прымірэньня і супольнага сьведчаньня Евангельля.
 
Твая праца над тэалогіяй Старажытнай Русі — асабліва над спадчынай мітрапаліта Іларыёна Кіеўскага і біскупа Кірылы Тураўскага — дапамагла нам нанова адкрыць духоўнае багацьце нашых Айцоў у веры.
 
Плён Тваёй тэалагічнай экуменічнай дыяканіі натхніў маладых хрысьціянаў, якія жывуць па абодва берагі Буга, на братэрскія Экуменічныя сустрэчы ў рыма-каталіцкім санктуарыі Багародзіцы — Маці Еднасьці ў Кодані, у неаунійнай парафіі сьв. Мікіты ў Кастомлотах і ў Яблочынскім праваслаўным манастыры сьв. Анупрэя.
 
Удзелу беларускай і ўкраінскай моладзі ў гэтых міжнародных і міжканфесійных братэрскіх сустрэчах спрыяла шматгадовая і трывалая дапамога Генеральнага кансуляту Рэспублікі Польшча ў Берасьці.
 
І сёньня, у дзень Твайго пахаваньня на шматканфесійным Падляшшы, у складаны час пандэміі, мой шлях ад Менску да Коданя — праз Кастомлоты — ня быў бы магчымы без нястомнай дапамогі Пасла Рэспублікі Польшча ў Менску і Генеральнага консула Рэспублікі Польшча ў Берасьці і іх супрацоўнікаў, за што мы ім шчыра дзякуем.
 
Айцец Вацлаў, мы выказваем нашу ўдзячнасьць Богу за Тваё жыцьцё і служэньне словамі старажытнарускіх тэолагаў, якіх Ты для нас адкрыў: “Христосъ побѣди!” (мітрапаліт Іларыён) і “Христосъ Воскресе — спасение миру” (сьв. Кірыла Тураўскі)», — сказаў у Кодані напрыканцы сьв. Імшы за спачылага Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
Ліст з спачуваньнямі на адрас правінцыяла місіянераў аблатаў даслаў з Ватыкану кардынал Курт Кох, старшыня Папскай Рады па справах Еднасьці хрысьціянаў. Таксама смутак з прычыны сьмерці а. Вацлава Грыневіча, “тэолага надзеі” і “постаці сусьветнага рангу” выказаў у сваім лісьце праваслаўны архібіскуп Люблінскі і Холмскі Абель, рэктар Каталіцкага ўніверсітэту ў Любліне а. праф. Антон Дэмбінскі, царкоўныя ярархі і зьверхнікі манаскіх супольнасьцяў.
 
Айцец праф. Вацлаў Грыневіч за сваё жыцьцё шмат працаваў у розных экуменічных інстытуцыях. У 1979—1984 гг. зьяўляўся дарадцам Сакратарыяту па справах Еднасьці хрысьціянаў у Ватыкане, у Польшчы быў сябрам Камісіі епіскапату па справах экуменізму (1984—1994), з 1980 году да 2005 году ўваходзіў у склад Міжнароднай зьмешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Царквой. У 1988 стаў сябрам Еўрапейскага таварыства экуменічных дасьледаваньняў (European Society for Ecumenical Research) “Societas Oecumenica”, выкладаў ў многіх навучальных установах у розных краінах сьвету (у Германіі, Францыі, ЗША). За гады навуковай працы а. праф. Вацлаў Грыневіч апублікаваў 35 манаграфіяў, каля 950 артыкулаў, з якіх каля 170 на розных мовах.

Фота: oblaci.pl.
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"