Кампанія Ватыкану за мір і твіт Папы з нагоды завяршэньня Чэмпіянату сьвету па футболе “Мундыяль спрычыніўся да сустрэчы людзей, якія належаць да розных народаў і рэлігіяў. Няхай жа спорт заўсёды спрыяе культуры сустрэчы”, — такое пажаданьне напісаў 12 ліпеня 2014 году ў Твітары Папа Францішак, напярэдадні фінальнага паядынку Чэмпіянату сьвету па футболе ў Бразіліі.
11.07.2014
Цэрквы Ўкраіны заклікаюць сепаратыстаў скласьці зброю і вызваліць усіх закладнікаў Усеўкраінская Рада Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў засудзіла рэлігійныя перасьледаваньні і дыскрымінацыю вернікаў у Данецкай і Луганскай абласьцях і зьвярнулася да ўсіх, хто незаконна трымае зброю, з заклікам скласьці зброю і спыніць кровапраліцьце.
08.07.2014
У Данецку выкрадзены грэка-каталіцкі сьвятар Ужо некалькі дзён на сувязь не выходзіць сакратар міжканфесійнай Рады Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў Данецкай вобласьці, сьвятар УГКЦ Ціхан Кульбака.
Монтэ Касіна. Памяць пра мужных жаўнераў з Беларусі 70 гадоў таму, 11-19 траўня 1944 году, адбылася бітва пад Монтэ Касіна ў Італіі, у якой на баку антыгітлераўскай кааліцыі бралі ўдзел тысячы ўраджэнцаў Беларусі. 18 тарўня ІІ Польскі корпус пад камандаваньнем генерала Ўладзіслава Андэрса здабыў узвышша Монтэ Касіна. Мала хто ведае, што сярод жаўнераў гэтага польскага корпусу амаль траціну складалі ўраджэнцы з Беларусі — католікі абодвух абрадаў, а таксама праваслаўныя.
17.05.2014
Як сын пракурора загаварыў па-беларуску і пачаў маліцца за каралеву Школьнік з Івацэвічаў купіў за 2 рублі ў шапіку «Саюздруку» часопіс, які моцна паўплываў на лёс маладзёна ў пачатку 90-ых гадоў. З таго часу шмат што зьмянілася – хлопец стаў сьвятаром, выехаў у Лондан і будуе там царкву, што мае стаць помнікам па Чарнобыльскай бядзе.
17.05.2014
Апроч неба нічога ня маю У душпастырскім цэнтры грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні на Гараднічанскай, 32а адбылася творчая вечарына “Апроч неба нічога ня маю”. Песьні на вершы паэткі Дануты Бічэль прасьпявалі гурт “Людзі на балоце”, Тацяна Беланогая і Вольга Хвашчынская.
08.03.2014
Заява Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў Украіны адносна правакацыйных дзеяньняў расейскага кіраўніцтва Усеўкраінская Рада Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў заклікала ўлады Расеі адмовіцца ад ваеннага і іншага ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Ўкраіны. “Расейскія ўлады павінны ўсьвядоміць сваю адказнасьць перад Богам і перад чалавецтвам за магчымыя непапраўныя наступствы ваеннага канфлікту на ўкраінскай зямлі”, — гаворыцца ў заяве, прынятай гэтай міжцаркоўнай арганізацыяй 2 сакавіка 2014 году.
Разьвітаньне з Рыгорам Барадуліным Разьвітаньне з Народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным, які быў вернікам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, адбудзецца ў аўторак, 4 сакавіка ў Чырвоным касьцёле (пл. Незалежнасьці).
Як сын пракурора загаварыў па-беларуску і пачаў маліцца за каралеву
Школьнік з Івацэвічаў купіў за 2 рублі ў шапіку «Саюздруку» часопіс, які моцна паўплываў на лёс маладзёна ў пачатку 90-ых гадоў. З таго часу шмат што зьмянілася – хлопец стаў сьвятаром, выехаў у Лондан і будуе там царкву, што мае стаць помнікам па Чарнобыльскай бядзе.
Хлопец-падлетак доўга стаяў ля газетнага шапіку ў невялікім беларускім гарадку Івацэвічы. Прыглядаўся праз запыленую шыбу да сьвежых часопісаў, мяў у кішэні 2 рублі. Ягоны зрок спыніўся на адным з асобнікаў «Уніі» – часопісу, які ў першай палове 90-ых гадоў выдавалі беларускія грэка-каталікі. Купіўшы выданьне, хлопец прачытаў яго на адным дыханьні – гэтак ён даведаўся пра гісторыю ўніяцтва ў Беларусі. Набыты часопіс выклікаў у Сяргея Стасевіча (так звалі нашага героя з Івацэвічаў) нязьведаную дагэтуль прагу – імкненьне стаць грэка-каталіком, а потым і сьвятаром.
Захапляючыся сярэднявечнаю гісторыяй, шмат чытаючы пра рыцараў і крыжовыя паходы, рымскіх папаў і еўрапейскіх каралёў, старшакласьнік Сяргей, ужо раней адкрыў для сябе каталіцтва. «Мы з адным аднакласьнікам, з якім мы хадзілі разам яшчэ ў дзіцячы садок, вельмі пасябравалі ў старэйшых класах. Нас аб’яднала агульнае захапленьне гісторыяй. Мы былі летуценьнікі, якіх ядналі і рэлігійныя моманты ў гісторыі. Неяк мы вырашылі наведаць каталікоў. Нехта нам параіў: «Ідзіце ў клуб лесазаводу – там палякі моляцца (усе каталікі былі для нашых людзей палякамі)». Мы і пайшлі, каб распытаць пра крыжовыя паходы ды інквізіцыю. Ксёндз і манашка, якіх мы засталі, аслупянелі ад нашых пытаньняў і спрабавалі неяк няўпэўнена і вінавата нешта распавесьці – мы, аднак, былі незадаволеныя з адказаў. Але ўсё ж з гэтага часу пачалі рэгулярна хадзіць на імшу, якая тады была па-польску і толькі часткова па-расейску і па-беларуску», – узгадаў наш суразмоўнік першыя крокі на шляху да сьвятарства.
«Унія» адкрыла перад хлопцамі новую дарогу – каталіцтва, але ў родным усходнім абрадзе, такім самым, як у праваслаўнай царкве. Праз некаторы час ня толькі Сяргей Стасевіч абярэ для сябе шлях грэка-каталіцкага сьвятара, але і ягоны школьны сябра – Андрэй Крот – адчуе ў сабе такое ж пакліканьне.
Бацькі, дзяды і бабуля-«калхозьніца»
Бацькі Сяргея – адзінага дзіцяці ў сям’і – ніколі не перашкаджалі ягоным захапленьням і цанілі ягоную вольнасьць. «Мая маці ўсё жыцьцё працавала ў раённай пракуратуры ў Івацэвічах. Даслужылася да пасады пракурора раёну. Бацька ж быў спачатку камсамольскім лідарам, намесьнікам старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму, потым працаваў у кіраўніцтве прыборабудаўнічага заводу, пазьней, калі іхны шлюб з маці распаўся, займаўся бізнэсам», – згадаў мінулае сьвятар.
Дзяды айца Сяргея з абодвух бакоў жылі ў Пружанскім раёне. З боку маці ўсё жыцьцё размаўлялі на палескай гаворцы. Бабуля па бацьку была родам з цэнтральнай Беларусі – з Зэмбіну – яна раней партызаніла на Барысаўшчыне, а потым выйшла замуж за жаўнера Чырвонай Арміі, які прывёз яе дахаты ў Пружанскі раён. Яна была для іх савецкая, гаварыла не па-іхнаму і мясцовыя казалі: «Што, калхозьніца, нашым хлебам прыехала ад’ядацца?»
Родныя будучага сьвятара не былі рэлігійныя людзі, але некалькі разоў звадзілі яго ў царкву. «Малым я гуляў у тым ліку і ў бацюшку, убіраўся ў «рызы» і нават спраўляў нейкія «абрады». Мяркую, што ў дзіцячай зацікаўленасьці да рэлігіі праявілася маё пакліканьне. Мой шлях да сьвятарства ішоў праз мае захапленьні», – заўважыў айцец Сяргей.
Па-беларуску пачаў размаўляць «дзеля прыколу»
Айцец Сяргей паходзіў з расейскамоўнай сям’і, але на першую палову 90-ых гадоў, калі ён вучыўся ў сярэдняй школе, прыпала хваля беларусізацыі. «У нас была вельмі патрабавальная і рэзкая настаўніца беларускай мовы. Яна сама па жыцьці была расейскамоўная, але ўвесь час страшыла: «Ня будзеце вучыць беларускай мовы – нікуды не паступіце». Дзякуючы ёй я цяпер ведаю родную мову. Тады ж на ўроках было адно, а на перапынках усе гаварылі па-расейску. Неяк я са сваім сябрам Андрэем паспрабаваў гаварыць па-беларуску і па-за ўрокамі. Тут не было ніякай адмысловай прычыны – загаварылі проста так, «дзеля прыколу», як нам, падлеткам, тады падавалася. Пэўна, тут было жаданьне супрацьставіцца асяроддзю. Айцец Сяргей Стасевіч і айцец Аляксандар Надсан моляцца за спачылых беларусаў.Паступова родная мова станавілася для нас усё больш важнаю і нам хацелася гаварыць толькі на ёй».
Па навуку ў вялікі сьвет
Айцец Сяргей прызнаўся, што пасьля школы вельмі хацеў паступіць у сталічны ўніверсітэт і выбраў БДУ. «Мая маці была прынцыповым чалавекам і, хоць мела сувязі, якія, напэўна, маглі мне дапамагчы паступіць на нейкі прэстыжны факультэт, сказала: «Паступай туды, куды зможаш сам». У 1994-ым у БДУ акурат адкрывалася новае аддзяленьне – культуралогія на філасофска-эканамічным факультэце. Туды ня трэба было здаваць матэматыкі, з якою ў мяне былі вечныя праблемы, і спатрэбіліся мае веды з беларускай гісторыі, мовы і літаратуры. Паступаючы, я ўжо ведаў, што насамрэч хачу стаць не культуролагам, а грэка-каталіцкім сьвятаром».
Будучы ў Менску, маладзён з Івацэвічаў уліўся ў грэка-каталіцкую суполку. Скончыўшы аддзяленьне культуралогіі ў Менску, вучыўся яшчэ ў Рыме і Лондане. У сталіцы Вялікай Брытаніі малады беларус атрымаў дыяканскія і сьвятарскія сьвячэньні з рук біскупа Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, бо беларускія ўніяты дагэтуль ня маюць свайго біскупа. Пасьля гэтага пачаў дапамагаць айцу Аляксандру Надсану ў рэлігійнай і грамадзкай дзейнасьці сярод беларусаў-эмігрантаў пры Беларускай каталіцкай місіі.
Царква – як сымбаль Беларусі
Малады і энэргічны сьвятар ужо зьдзейсьніў рэканструкцыю легендарнага «Марыйнага дому» – сядзібы Беларускага рэлігійнага і культурнага цэнтру ў сталіцы Вялікай Брытаніі, а цяпер рэалізуе праект пабудовы сапраўднай беларускай царквы. «Мы молімся ў грамадзкай зале ў будынку, па якім цяжка пазнаць звонку, што тут ёсьць царква. Як мне здаецца, людзі неахвотна ідуць на нашыя службы ў звычайны дом – ім патрэбнае адчуваньне сакральнасьці прасторы, неба на зямлі», – заўважыў айцец Сяргей.
З архітэктурным праектам будучай царквы сьвятару дапамог малады лонданскі архітэктар кітайскага паходжаньня Цзыўай (Тшўай) Рафаэлем Со, які раней зацікавіўся беларускаю культураю і гісторыяй ды прыняў хрост ад беларускіх грэка-каталікоў у Лондане. Каб як мага лепш перадаць асаблівасьці беларускага дойлідзтва ў сваім праекце, маладзён перагартаў цэлыя стосы кніг і наведаў Беларусь, каб на свае вочы пабачыць сьвятыні нашай зямлі. У выніку прапанаваў праект у беларускіх традыцыях: аднавежавая базыліка з дрэва, з гонтавым дахам, але ў сучаснай версіі – у бажніцы ня будзе вокнаў як такіх, а сьвятло ў яе будзе трапляць праз адмысловыя шкляныя сегменты ў драўляных сьценах. «Яна будзе нібы гарэць сьвятлом знутры. Царква стане помнікам па Чарнобыльскай трагедыі, як сымбвалі сучаснай Беларусі, суадноснаму з японскаю Хірасімаю. Усе беларусы – дзеці Чарнобылю, – падкрэсьліў айцец Сяргей. – Мы спадзяемся, што з цягам часу нашую царкву ўнясуць у гіды па Лондане. Дзякуючы гэтаму беларуская прысутнасьць у Лондане стане больш заўважная».
Каралева Альжбета, Маргарэт Тэтчэр і беларусы
Беларускія грэка-каталікі моляцца ў Лондане за каралеву Альжбету ІІ. «Малітвы за ўлады, войска і каранаваных асобаў – уласьцівасьць візантыйскай літургіі. Беларускі біскуп Часлаў Сіповіч (другі зьлева) і Маргарэт Тэтчэр.Мы шмат разоў узгадваем імя каралевы Альжбеты падчас багаслужбы, бо яна з ласкі Божае валадарыць у той краіне, у якой мы жывем. Гэтую традыцыю завялі тут яшчэ да мяне», – заўважыў айцец Сяргей.
Сама брытанская каралева пакуль не была ў гасьцях у лонданскіх беларусаў, але, да прыкладу, ранейшы кіраўнік Беларускай місіі біскуп Часлаў Сіповіч меў нагоду спаткацца і паразмаўляць з легендарным брытанскім прэм’ерам Маргарэт Тэтчэр.
Пра геяў
У беларускую царкву прыходзяць самыя розныя людзі, якія жывуць на чужыне. Сярод іх ёсьць асобы з гомасэксуальнаю арыентацыяй, да якіх у беларускай суполцы ставяцца талерантна. «Шлюбаў мы ім не даем, але і ў нікога з тых, хто прыходзіць да нас, мы не пытаемся пра ягоную арыентацыю. Нашая царква адчыненая для кожнага чалавека, які шукае Бога ў гэтым складаным сьвеце», – расказаў уніяцкі сьвятар. Геі для нас тут – гэта не нейкая абстракцыя, а перадусім канкрэтныя людзі, якіх мы ўсе добра ведаем. Я сустракаў сярод іх толькі добрых і прыстойных людзей, да таго ж cьвядомых беларусаў. Усе людзі – геі ці не – аднолькавыя перад абліччам Божым, бо ўсе мы – грэшнікі».
Як успрымаюць Беларусь у Вялікай Брытаніі?
Шмат хто з брытанцаў глядзіць на Беларусь, як на нейкую частку Расеі, заўважыў беларускі сьвятар. Некаторыя асацыююць Беларусь з белагвардзейцамі, мяркуючы, што беларусы – гэта расейцы, якія супрацьпаставіліся камунізму і стварылі сваю краіну. «Наш прыхаджанін кітайскага паходжаньня, да прыкладу, думаў, што Беларусь – гэта частка Расеі, якая адпала ад яе паводле палітычных матываў, як Тайвань адпаў ад Кітаю, або нешта накшталт падзеленых Паўднёвай і Паўночнай Карэі».
«Купальле ў гонар Янкі Купалы?»
У Беларускім культурным цэнтры, што існуе пры місіі, эмігранты ладзяць беларускія народныя сьвяты – Каляды, Купальле, адзначаюць важныя для беларускай гісторыі памятныя даты. На гэтыя сьвяты прыходзяць беларусы, якія звычайна зусім не наведваюць царквы. «З часам нашае Купальле ператварылася ў гарэлачна-шашлычную тусоўку, – распавёў айцец Сяргей. – Але з маёй ініцыятывы фармат зьмяніўся, шашлык і гарэлка зьніклі з праграмы. Сёньня гэта – этнаграфічнае сьвята з праграмаю для дарослых і дзяцей. У гэтым годзе ў нас у гасьцях будзе дудар Яўген Барышнікаў».
Некаторыя беларусы, паводле сьвятара, самі нават ня ведаюць, што такое Купальле. «Гэта ўрачыстасьць у гонар Янкі Купалы?», – пытаюцца яны. Калі ж сьвятар прыйшоў у расе, нехта запытаўся, ці гэта ўсур’ёз, ці ён таксама, як і іншыя, «пераапрануўся», бо ўсе навокал былі ў народных строях. «Я – сапраўды сьвятар», – адказаў. «А што гэта такое?» – пачуў у адказ. «Ці праўда, што скокамі праз купальскі агонь адпускаюцца ўсе грахі?», – пыталіся таксама ўдзельнікі этнаграфічнага сьвята. «Мы ладзім Купальле, каб прапагандаваць нашую культурную спадчыну, а ніякага магічнага ці язычніцкага зьместу ў абрады не ўкладаем. Мы – беларусы і хрысьціяне», – падкрэсьліў айцец Сяргей.
Пра характар беларусаў
Аднаго лета айцец Сяргей разам з групаю беларускіх грэка-католікаў адправіўся ў «брытанскія Жыровічы» – санктуарый Маці Божай ва Ўолсінгем. Калі ж пілігрымы прыбылі на месца, дык проста аслупянелі – першым ў шэрагу іншых, што віселі перад алтаром у алфавітным парадку, іх вітаў афіцыйны чырвона-зялёны сьцяг Беларусі. Айцец Сяргей Стасевіч моліцца на варшаўскіх могілках. Фота belsat.eu«Я падышоў і папрасіў, каб яны зьнялі той сьцяг. Але мне раздражнёна адказалі: «Гэта той сьцяг, які лічыцца дзяржаўным беларускім. Купілі, што было ў продажы. Ня вы вешалі, ня вам і здымаць». Мы, вядома ж, не пагадзіліся і папрасілі іх на наступны год павесіць бел-чырвона-белы сьцяг. Я нават адмыслова выслаў яго арганізатарам поштаю на іхную ж просьбу. Калі ж мы прыехалі ў наступным годзе, на сваім месцы зноў лунаў чырвона-зялёны сьцяг. Пілігрымы родам з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, чыю прысутнасьць арганізатары таксама «ўшанавалі» сьцягам суседняй дзяржавы з падобнаю назваю, урэшце зьдзерлі яго сярод агульнага замяшаньня, калі набажэнства скончылася, відаць, не пытаючыся дазволу. Беларусам такое не прыйшло б у галаву. Мы – культурная нацыя».
«Якімі б ні былі беларусы – гэта мой народ, – распавёў сьвятар. – Сярод гэтага народу мне даў Бог нарадзіцца, і я хачу працаваць дзеля ягонага духоўнага дабра. Я бачу гэтае дабро перадусім ў дасягненьні рэлігійнага адзінства беларусаў. За яе трэба змагацца, трэба шмат такту і цярпеньня, каб разбураць тыя перагародкі, што стаяць паміж праваслаўнымі і каталікамі. Служэньне ў такіх абставінах – гэта дадатковы крыж для грэка-каталіцкага сьвятара. Але я прымаю гэты крыж з пакораю».