12.07.2014
Кампанія Ватыкану за мір і твіт Папы з нагоды завяршэньня Чэмпіянату сьвету па футболе
“Мундыяль спрычыніўся да сустрэчы людзей, якія належаць да розных народаў і рэлігіяў. Няхай жа спорт заўсёды спрыяе культуры сустрэчы”, — такое пажаданьне напісаў 12 ліпеня 2014 году ў Твітары Папа Францішак, напярэдадні фінальнага паядынку Чэмпіянату сьвету па футболе ў Бразіліі.
Да тэмы Чэмпіянату сьвету па футболе Папа зьвяртаўся з першага дня спаборніцтваў, адзначыўшы, што футбол гэта школа будаваньня міру і згоды паміж народамі. “Я жадаю ўсім цудоўнага футбольнага Мундыялю, спаборніцтваў у духу сапраўднага братэрства”, — напісаў ён месяц таму ў сваім Твітары.

Больш яскрава ён выказаўся ў сваім відэа-пасланьні, якое паказала бразільскае тэлебачаньне. Сьвяты Айцец пажадаў адмовіцца ад эгаізму, расізму і нецярпімасьці. Ён нагадаў, што футбол зьяўляецца “школай умацаваньня культуры сустрэчы, згоды і міру паміж народамі”.
Менавіта ў гэтым духу дыялогу і міру Папская Рада па культуры з нагоды фіналу Чэмпіянату запусьціла 12 ліпеня ў сацыяльных сетках Твітар і Facebook хэштэг «#PAUSEforPeace» — «Паўза за мір». Ідэя заключаецца ў тым, каб шырока распаўсюдзіць заклік, каб перад пачаткам футбольнага паядынку правесьці хвіліну цішы ў намеры міру, успамінаючы таксама і загінулых у выніку ўзброеных канфліктаў ва ўсім сьвеце. Фінальны матч паміж камандамі Аргентыны і Нямеччыны адбудзецца ў гэтую нядзелю, 13 ліпеня на стадыёне “Маракана” ў Рыа-дэ-Жанейра.
Намесьнік сакратара Папскай Рады па культуры заўважыў, што Царква заклікае правесьці хвіліну цішы перад пачаткам фінальнага матчу, карыстаючыся нагодай гэтай па-сапраўднаму глабальнай падзеі, калі мільёны аматараў футболу з усяго сьвету зьбяруцца перад тэлеэкранамі. “Вядома, што гэта ёсьць знак маўчаньня гарматаў і спыненьня войнаў, і ня толькі на працягу хвіліны, але назаўжды. Планета сапраўды мае патрэбу ў міры, і ініцыятыва Ватыкану скіравана на тое, каб усе людзі добрай волі былі салідарныя ў гэтым імкненьні. І, вядома, хацелася б таксама, каб Міжнародная федэрацыя футболу арганізавала хвіліну цішы перад апошнім матчам гэтага чэмпіянату, у імя міру”, — сказаў сьвятар.