Галоўная
Царква і грамадзтва
Сьвятар прыгадвае, што ўпершыню Сяргей Якімук зьявіўся ля царквы гадоў дваццаць таму, калі яна яшчэ і царквой не была. Пасябраваў з тагачасным студэнтам Андрэем Кратом, і праз яго далучыўся да сябрыны вернікаў. Спачатку дапамагаў будаваць душпастырскі цэнтар, а пасьля кожны дзень прыходзіў на вячэрнюю службу. З часам яму пачалі давяраць нескладаныя, але важныя для правядзеньня абраду рэчы, такія як трыманьне сьвечак ці раздача хлеба пасьля прычасьця. У пазалітургічны час ён выконвае і іншыя дробныя даручэньні, што дазваляюць яму адчуць значнасьць уласнай асобы. Напрыклад, ёсьць у яго замацаваны абавязак расстаўляць талеркі на сьвяточны абед, і да гэтай задачы Сяргей ставіцца надзвычай сур’ёзна.

09.04.2016
Асаблівае жыцьцё асаблівага чалавека
Берасьцейца Сяргея Якімука выдатна ведаюць у грэка-каталіцкай царкве, куды ён, жывучы па суседстве, ходзіць штонядзелі. Сіндром Даўна не перашкаджае яму прыслугоўваць падчас літургіі, а сьвятар Ігар Кандрацьеў нават называе Сяргея самым адказным з парафіянаў.

Ігар Бараноўскі, рэдактар газеты «Царква», лічыць, што адносіны паміж Сяргеем Якімуком, як асаблівым чалавекам, і парафіянамі разьвіваліся ў рэчышчы ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. У тым сэньсе, што на прыкладзе Сяргея вернікі вучыліся з цярпеньнем ставіцца да іншых людзей, а Сяргей у іх атачэньні вучыўся выразьней прамаўляць словы і выказваць думкі. «Раней ён вельмі невыразна размаўляў, — дадае на гэты конт а. Ігар Кандрацьеў. — А цяпер стаў гаварыць нашмат лепей. Мне, канешне, вельмі хочацца верыць, што яму дапамог Сьвяты Дух, што гэта такі цуд, але цалкам магчыма што ён проста ўвайшоў у тое асяроддзе, дзе яго прынялі, дзе яго палюбілі, а ён палюбіў у адказ».
46-гадовы Сяргей жыве з мамай Надзеяй Іванаўнай, 1932 году нараджэньня. Сталай жанчыне ўжо цяжкавата весьці дамашнюю гаспадарку, але, на шчасьце, побач жыве старэйшая дачка. Зрэшты, і сама Надзея Іванаўна, хоць і ходзіць з кавенькай, яшчэ даволі спраўная і баявая. Яна пацьвярджае словы сына, што ён дапамагае ёй у гаспадарцы, але пацьвярджае з сьмехам — відаць, маці і сын па-рознаму бачаць удзел Сяргея ў стварэньні дамашняй утульнасьці. Сяргей у адказ на гэта кладзе руку ёй на плячо і абяцае, што будзе дапамагаць больш.
Некалькі гадоў таму маці ўладкавала Сяргея ў тэрытарыяльны цэнтар сацыльнага абслугоўваньня насельніцтва, куды ён дагэтуль ходзіць штодзень і называе свой занятак «працай». Калі ён пачаў наведваць цэнтар, там рэалізоўвалася спонсарская праграма, у межах якой занятым у працоўных майстэрнях людзям з асаблівасьцямі разьвіцьця плацілі нейкі невялікі заробак. Праграма закончылася, інваліды даўно працуюць проста так, але па звычцы некаторыя з іх працягваюць называць прабываньне ў рэабілітацыйным аддзяленьні працай. «А што яны там робяць?» — пытаюся я ў Надзеі Іванаўны. «Шыюць, малююць — ну ўсё такое, як у дзіцячым садку, — зноў сьмяецца Сяргеева маці. — Нікому ня плацяць, але ён пэнсію атрымлівае, з яго хопіць. Добра, што ходзіць — там з імі займаюцца, яны выступаюць, у музеі іх водзяць…»
Нашыя дыялогі з Сяргеем Якімуком хоць і не сягалі так далёка, як размовы з яго атачэньнем, але і гэтага хапіла, каб зразумець, што гэты асаблівы чалавек жыве даволі шчасьліва. Па дарозе ад царквы дадому ён кратае кожны кусьцік і тлумачыць, што тут расьце. Пасьля вельмі неабыякава знаёміць мяне з сваім катом і малюнкамі. Вітаецца за руку са знаёмымі мінакамі і абдымаецца з сябрамі. Усё, як у звычайных людзей, і разам з тым усё асабліва.
Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя.








Гл. таксама:
Беларуская царква ў памяць пра ахвяры Чарнобыля асьвячана ў Лондане
У Берасьці падчас сьвята парафіі ў 420-ыя ўгодкі Уніі асьвяцілі крыж на каплічцы
Царква — гэта найперш супольнасьць вернікаў
Грэка-католікі ў Берасьці адзначылі сваё патранальнае сьвята ў гонар апостала Андрэя
Сьвята Еднасьці пад апекай Маці Божай Берасьцейскай
Гэты артыкул чыталі 412 разоў (-ы)