Аснова мудрасьці: набывай мудрасьць і за ўсё, што маеш, набывай розум.
Высока цані яе, і яна ацэніць цябе; яна акрые славай цябе, калі ты прыгорнеш яе;
ускладзе на галаву тваю прыгожы вянок, падаруе табе цудоўны вянок (Кніга Выслоўяў Саламонавых 4:7-9)
Лукашэнка прапанаваў, каб Папа Рымскі сустрэўся ў Беларусі з Маскоўскім патрыярхам Папу Рымскаму самы час прыехаць у Беларусь і сустрэцца з праваслаўным Патрыярхам Кірылам на беларускай зямлі. Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка журналістам у Ватыкане пасьля сустрэчы з Папам Францішкам, якая адбылася 21 траўня 2016 году, перадае БЕЛТА.
22.04.2016
Прасьветлены, сьветлы, сьвяты Часам хочацца даць партрэт чалавека адным словам. У выпадку з айцом Аляксандрам Надсанам гэтае слова — прасьветлены. Піша Ўладзімер АРЛОЎ.
09.04.2016
Асаблівае жыцьцё асаблівага чалавека Берасьцейца Сяргея Якімука выдатна ведаюць у грэка-каталіцкай царкве, куды ён, жывучы па суседстве, ходзіць штонядзелі. Сіндром Даўна не перашкаджае яму прыслугоўваць падчас літургіі, а сьвятар Ігар Кандрацьеў нават называе Сяргея самым адказным з парафіянаў.
20.12.2015
Нясумны Папа, які любіць зьдзіўляць 17 сьнежня Папа Францішак адзначыў свой 79-ы дзень нараджэньня. У жыцьці і служэньні Рымскага Архірэя за гэты год, які ўжо адлічвае свае апошнія дні, было шэраг важных падзеяў і апостальскіх падарожжаў. Папа выступіў у ААН, адкрыў юбілейны Год міласэрнасьці, выдаў важную энцыкліку, прысьвечаную тэме інтэгральнай экалогіі «Laudato Si», пасьпеў сустрэцца і пагаварыць з Фідэлем і Раўлем Кастра, Баракам Абамам, Уладзімірам Пуціным і Пятром Парашэнкам ды нават выпусьціў музычны альбом.
08.12.2015
Як выглядае Каталіцкая Царква ў школьных падручніках Беларускія школьнікі ў рамках гісторыі краіны і сусьветнай гісторыі вывучаюць і дзейнасьць, ролю, гісторыю Каталіцкай Царквы. Несумнеўна, хрысьціянства мела велізарны ўплыў на грамадзкія, палітычныя, культурныя працэсы ва ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Беларусі.
06.12.2015
Клаўдыё Гуджэроцьці: «Усім я жадаю свабоды мараў і веры ў тое, што няма нічога немагчымага» 12 сьнежня 2015 году ў архікатэдральным касьцёле імя Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску адбудзецца імша на разьвітаньне з Апостальскім нунцыем у Беларусі, архібіскупам Клаўдыё Гуджэроцьці. Пасьля чатырох гадоў служэньня ў Беларусі Папа Рымскі Францішак вырашыў накіраваць яго Апостальскім нунцыем ва Ўкраіну.
07.10.2015
Саракавіны ў Берасьці па Алесю Чаркашыну 6 кастрычніка 2015 году было 40 дзён па Алесю Чаркашыну, які загінуў ва Ўкраіне. Лічыцца, што ў гэты дзень душа памерлага канчаткова ідзе ў неба. У гэты дзень у Берасьці, у грэка-каталіцкім душпастырскім цэнтры парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя сябры і знаёмыя разам з сям’ёй Алеся Чаркашына ўшанавалі яго памяць.
25.05.2015
Пасьля Надсана Айцец Аляксандар Надсан быў унікальнай постацьцю ў беларускім сьвеце. А ў комплексе беларускіх установаў у паўночным Лондане — у «беларускай вёсцы» — ён быў практычна ўсім. Што застаецца па ім пасьля таго, як ён пайшоў з жыцьця сёлета 15 красавіка?
30.03.2015
Рада Бясьпекі ААН пра перасьлед хрысьціянаў Праблема перасьледу хрысьціянаў і іншых меншасьцяў на Блізкім Усходзе стала тэмай для сьпецыяльнага абмеркаваньня Рады Бясьпекі ААН ў канцы сакавіка 2015 году — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Ініцыятарам гэтай сьпецыяльнай сесіі была Францыя, якая ў цяперашні час кіруе працай Рады Бясьпекі.
19.02.2015
Папа заклікаў сьвецкіх вернікаў быць апосталамі гарадзкіх кварталаў Хрысьціяне павінны быць апосталамі гарадзкіх кварталаў, у якіх часта пануюць абыякавасьць і ананімнасьць, адзначыў Папа Францішак падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў пленарнага пасяджэньня Папскай Рады па справах сьвецкіх — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
На сваім ужо некароткім жыцьцёвым шляху мне выпала наведаць не адну сотню храмаў розных канфесіяў. Але ніводны з іх яшчэ ня быў сугучны маёй душы так, як беларуская грэка-каталіцкая царква сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў Лондане. Я ведаю адказ на пытаньне: чаму? Таму што там служыў сьвятар, які болей за любую іншую сустрэтую мной духоўную асобу адпавядаў свайму сьвятарскаму чыну.
У дзень, калі чорнай птушкай ударыла ў грудзі вестка пра ягоны сыход у Вечнасьць, ня буду згадваць тое, пра што можна прачытаць у энцыклапедыях. Ёсьць толькі маё, асабістае, нават інтымнае, пра што ў іншы дзень і не наважышся сказаць.
Як, напрыклад, пра тую будзенную лонданскую раніцу, калі я, крыху заспаўшы, на дыбачках увайшоў у царкву і не адразу зразумеў, што разам з айцом Аляксандрам нас на набажэнстве ўсяго двое. Ды насамрэч я памыліўся. Разам з намі ў сьценах храму, хоць і невідочна, былі прысутныя і архімандрыт Леў Гарошка, і біскуп Чэслаў Сіповіч, і архібіскуп сьвяты Язафат Кунцэвіч, і мітрапаліт Язэп Руцкі... І той чатырнаццацігадовы беларускі падлетак-уніят, якога расейскія каланізатары ў асобе «окружного полицейского апостола Новицкого» ня здолелі перавесьці ў «правильную веру» нават з дапамогаю дзьвюх сотняў розгаў, аб чым распавёў у сваім «Колоколе» Аляксандар Герцэн.
Або той вечар у лонданскай Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны, добрым духам якой таксама быў айцец Аляксандар, дзе над рукапісамі Купалы і Коласа, над старонкамі аўтэнтыкаў Статуту 1588 году і «Хронікі Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваніні я зьнячэўку адчуў дзіўную мэтамарфозу з часам. Стагоддзі пачалі набываць розную працягласьць і кансістэнцыю, і, што самае небясьпечнае, дыфузаваць, у выніку чаго 1994-ты, што быў на календары, мог апынуцца недзе паміж нашай Трынаццацігадовай вайной і Вялікай Французскай рэвалюцыяй. Памятаю, як вусьцішна было сустрэцца з люстрам кніжнае вітрыны, каб пераканацца, што гэты чалавек — пакуль што я.
Цуд, здавалася, заўсёды быў з айцом Аляксандрам на адлегласьці выцягнутай рукі.
Чвэрць стагоддзя таму сваім першым прыездам у Беларусь пасьля неверагодна доўгага, амаль бясконцага растаньня ён адрадзіў нашу Ўніяцкую Царкву.
Але ж сёньня — адно і пра вельмі асабістае.
Дваццаць гадоў таму, пасьля рэфэрэндуму пра мову, сымболіку ды іншае, чаго нельга вырашаць на рэфэрэндумах, з выдавецкіх планаў, нягледзячы на замоўленыя некалькі дзясяткаў тысяч асобнікаў, выкінулі — «как социально неактуальную» — нашу з Генадзем Сагановічам кнігу «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі». Неўзабаве макет патрапіў да рук айца Аляксандра, і кніга выйшла першы раз, потым другі, трэці...
Пасьля аперацыі на сэрцы айцец Аляксандар прыехаў да мяне, нанова народжанага, у шпіталь. Як гэта ты з інфарктам ды тромбам здолеў даляцець да Менску і прыйсьці да кардыёлага? Я ведаў як. Ён — таксама.
Пяць гадоў таму, падчас апошняга наведваньня радзімы, айцец Аляксандар вянчаў нашага сына Багдана з Янінай. Адзначаць падзею паехалі ў Музей народнай архітэктуры ў Строчыцах. Перад застоліцай зайшлі ў колішнюю ўніяцкую Пакроўскую царкву. З першымі крокамі айца Аляксандра пусты, даўно пакінуты вернікамі храм страпянуўся, ажыў, адгукнуўся нечаканымі проймамі, гукамі й пахамі. На вуліцы віраваў вятрыска, сек дождж са сьнегам, а тут у вакенцы зазірнула сонца.
У гэтым цудзе можна сумнявацца.
Але не падлягае сумневу, што ў хуткім часе на поўначы Лондану, у Фінчлі, зьявіцца новы будынак Беларускай уніяцкай царквы Пятра і Паўла. У абрысах гэтага драўлянага храму будзе адгукацца і вобраз строчыцкай Пакроўкі. Аўтар праекту — прыхаджанін айца Аляксандра — архітэктар Цзыўай Рафаэль родам з Кітаю.
Днямі айцец яшчэ адгукнуўся на мой тэлефонны званок. Розум ягоны быў ясны, душа — спакойная.
Ён сказаў: шчасьлівы, што пасьпеў зрабіць шмат.
Пацьверджаньне — і зялёны том яго выбранага, што нядаўна папоўніў бібліятэку «Беларускага кнігазбору». Кніга, якую я гартаў у часе нашай астатняй размовы, і цяпер на стале. Разгортваю «Велікодныя думкі» 1968-га:
«Мы ўсе жадаем свабоднай Беларусі. Але што мы разумеем пад гэтым? Ці мо хочам замяніць адну небеларускую бязбожную няволю другой, толькі беларускай? Ці мы жадаем, каб Беларусь была сапраўды свабоднай?..»
Ён ужо належыць гісторыі.
Але прыйдзе час — я веру — будзе належаць да ліку сьвятых Беларускай зямлі.