

Крызіс рынка працы ахоплівае сёньня ўвесь сьвет, і для яго рашэньня існуе стары, але ў той жа час заўсёды новы спосаб: братэрства. Пра гэта Папа Францішак напісаў у сваім сьпецыяльным пасланьні, скіраваным да ўдзельнікаў пленарнай асамблеі Папскай акадэміі грамадзкіх навук. Паседжаньне яе з 28 красавіка па 2 траўня 2017 году адбывалася ў Ватыкане на тэму: «У накірунку грамадзтва ўдзелу: новыя шляхі для сацыяльнай і культурнай інтэграцыі».
Сьвяты Айцец нагадвае ў сваім пасланьні пра барацьбу працоўных за свае правы ў 19 і 20 стагоддзях. Яна яшчэ ня скончылася, адзначае Папа, і сёньня мы сутыкаемся з трывожнымі феноменамі сацыяльнай адкінутасьці мільёнаў людзей.
Пій XI у сацыяльнай энцыкліцы 1931 году «Quadragesimo anno» сьцьвярджаў, што ў аснове несправядлівасьці ёсьць эгаізм. Эгаізм — гэта супрацьлегласьць братэрству. Ён вядзе да ўмацаваньня «глабальнай эканамічнай дыктатуры». Папа Пій XI называў яе «міжнародным імперыялізмам грошай».
Сёньня неабходна пашырыць традыцыйнае паняцьце справядлівасьці, якое «ня можа зводзіцца толькі да моманту разьмеркаваньня багацьцяў, але павінна сягаць таксама і да моманту вытворчасьці». Вось чаму толькі братэрства можа быць «рэгулюючым прынцыпам эканамічнага парадку», падкрэсьліў Папа Францішак.
У братэрскім грамадзтве праца — гэта ня столькі права, колькі «здольнасьць і невыкараняльная патрэбнасьць чалавека». Толькі ў братэрскім грамадзтве праца можа ісьці побач з справядлівасьцю: тады праца ня проста забясьпечвае законную ўзнагароду, але і адказвае пакліканьню чалавека, спрыяючы разьвіцьцю яго здольнасьцяў. Такім ёсьць евангельскае рашэньне праблемы, тлумачыць Папа Францішак: «новы гуманізм», «новая гістарычная сіла». Яна спараджае свабоду, справядлівасьць, мір і годнасьць для ўсіх людзей.Гл. таксама:
Пасланьне Папы на Вялікі пост: аднавіць веру, надзею і любоў
Папа: Хрыстова ўваскрасеньне — магчымасьць адкрываць брацтва
5 гадоў з Папам Францішкам: статыстыка і адметнасьці пантыфікату
Сьвяты Дух перамагае рознагалосьсі і будуе еднасьць
У Ватыкане пачаў працу Надзвычайны Сінод пра сям’ю