Канфесіянальныя “франты”, лініі “культурнага разлому” і “доўгая памяць” Прапануем аналітычны агляд навуковай працы амерыканскай дасьледчыцы Барбары Скінэр “Заходні фронт Усходняй Царквы. Уніяцка-праваслаўны канфлікт XVIII стагоддзя ў Польшчы, Украіне, Беларусі і Расеі”, які падрыхтаваў Аляксандар Пагарэлы.
27.02.2014
За кулісамі Полацкага царкоўнага сабора 175 гадоў таму, 12 (24) лютага 1839 г., у Нядзелю Праваслаўя, на сумесным служэньні ў Полацку трох біскупаў Ёсіфа Сямашкі, Васіля Лужынскага і Антонія Зубко, якія папярэдне здрадзілі Ўніяцкай Царкве і перайшлі ў праваслаўе, быў складзены “саборны акт” з прашэньнем аб падпарадкаваньні Ўніяцкай Царквы Сьвятому Сіноду Расейскай Праваслаўнай Царквы.
17.02.2014
Унікальны ўніяцкі храм у Вялікай Сваротве Адносна нядаўна рэстаўраваная праваслаўнымі (у 2006-2009 гг.) былая ўніяцкая царква Сьвятой Тройцы (1823 г.) у Вялікай Сваротве (Баранавіцкі р-н, Берасьцейская вобл.) — выключна арыгінальны храм, які ня мае сёньня больш аналагаў у Беларусі і вельмі рэдкі паводле сваёй архітэктуры нават для ўсёй Еўропы.
03.01.2014
Пратэст 111-ці З нагоды 175-х угодкаў пратэсту 111-ці ўніяцкіх сьвятароў у м. Царкоўна прапануем урывак з навуковага артыкулу вядомай дасьледчыцы Уніі, доктара гістарычных навук праф. Сьвятланы Марозавай “Супраціў дэўнізацыі на Беларусі ў 1834-1838 гг.”.
01.01.2014
175-ыя ўгодкі Царкаўнянскага пратэсту ўніяцкага духавенства У 2013 годзе споўніліся 175-ыя ўгодкі Царкаўнянскага пратэсту 111-ці ўніяцкіх сьвятароў. 28 сьнежня 1838 году обер-пракурор Сіноду граф Пратасаў дакладваў расейскаму імператару, што 111 сьвятароў “адважыліся турбаваць Вашу Імператарскую Вялікасьць просьбай, напоўненай самых недарэчных дамаганьняў”. Гэта была апошняя адважная спроба духавенства Грэка-Каталіцкай Царквы Беларусі аказаць супраціў ліквідацыі Уніі ў краі.
24.11.2013
Шляхі міжваеннай Уніі Манаграфію берасьцейскага гісторыка Аляксандра Мікалаевіча Сьвірыда “Униатская церковь в Западной Беларуси (1921-1939 гг.)” можна назваць доўгачаканай. Поўнага сістэматычнага агляду гісторыі адраджэньня Уніі ў Заходняй Беларусі ў 20-30-х гадах 20 стагоддзя ў сучаснай гістарыяграфіі няма, і менавіта на заняцьце гэтай нішы прэтэндуе аўтар манаграфіі.
Першыя прадстаўнікі нашае Царквы ў Рыме Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква імкнецца падкрэсьліць сваю традыцыйную сувязь з Апостальскай Сталіцай. Таму дарэчы будзе пазнаёміць нашых вернікаў з гісторыяй храму Жыровіцкай Божай Маці і сьвятых мучанікаў Сяргея і Вакха ў Рыме. Гэты храм, дзе й сёньня знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Жыровіцкай, слынны ў Вечным Горадзе сваімі ласкамі і ацаленьнямі, стаўся на некалькі стагоддзяў маленькім куточкам нашай Бацькаўшчыны, прадстаўніцтвам нашай Уніяцкай Царквы ў горадзе Апостала Пятра. (Сёньня гэтым храмам карыстаюцца ўкраінскія грэка-католікі).
Адносна нядаўна рэстаўраваная праваслаўнымі (у 2006-2009 гг.) былая ўніяцкая царква Сьвятой Тройцы (1823 г.) у Вялікай Сваротве (Баранавіцкі р-н, Берасьцейская вобл.) — выключна арыгінальны храм, які ня мае сёньня больш аналагаў у Беларусі і вельмі рэдкі паводле сваёй архітэктуры нават для ўсёй Еўропы.
Сучасны выгляд царквы Сьвятой Тройцы ў Вялікай Сваротве (фота: “Туризм и отдых”, Н. Суслава).Што цікава: храм з бутавага каменю у Вялікай Сваротве фундацыі Незабытоўскіх быў узьведзены ў стылі класіцызм у 1823 г. на месцы старога драўлянага храму, які таксама быў трохкутны! А першы трохкутны драўляны барочны храм, пакрыты гонтай, пабудавалі тут яшчэ ў 1747 г. Фундуш гэтай царквы заклала радзіна Мікалая і Агнешкі (з Дамастаўскіх) Аўсяных. Фундатар быў пісарам скарбовым Вялікага Княства Літоўскага.
Падобныя трохкутныя храмы на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі толькі ў двух мясьцінах: у Вялікай Сваротве і ў в. Вялікія Бесяды былога Вілейскага павету (сёньня — у Лагойскім раёне Менскай вобласьці). Але там драўляны ўніяцкі храм не захаваўся.
Рэканструкцыя выгляду драўлянага храму ў Вялікай Сваротве С. Сергачова.Архітэктурнае рашэньне храму ў Вялікай Сваротве ў выглядзе роўнабаковага трохкутніка надзвычай сьмелае і нечаканае ня толькі для Ўсходняй Царквы, але нават і для свайго часу. На жаль, імя архітэктара храму на сёньня застаецца невядомым. У Еўропе ёсьць лічаныя прыклады храмаў з трохкутнай сакральнай прасторай.
Адна з версіяў, чаму такая арыгінальная трохкутная архітэктура храму ў Вялікай Сваротве, акрамя сымболікі Сьвятой Тройцы, у гонар якой ён названы — спроба Ўніяцкай Царквы знайсьці свой адметны стыль, як найменш падобны да праваслаўя, каб не маглі адабраць і перадаць праваслаўным неўласьцівы іх традыцыі храм.
Дарэчы, у гэтай уніяцкай царкве алтар раней знаходзіўся па цэнтры храму і арыентаваны быў на паўднёвы захад. Гэта было заўсёды непрымальна для праваслаўнай традыцыі і пры аднаўленьні сьвятыні ў нашыя дні алтар быў перанесены ў кут. Уніяцкая Царква ў Беларусі пасьля Замойскага сіноду 1720 г. пачала арыентаваць многія свае новыя храмы не на ўсход, а часта ў кірунку Ерусаліму, Магілы Гасподняй. Гэтак, напрыклад, быў пераарыентаваны адноўлены ўніяцкім архібіскупам Фларыянам Грабніцкім старажытны катэдральны храм сьв. Сафіі ў Полацку (па лініі поўнач-поўдзень), базыльянская царква сьв. Пятра і Паўла ў Берасьці (дзе падпісаны Берасьцейскі мір у 1918 г.), царква ў Шчэбрыне Берасьцейскага р-ну і інш. А вось алтар па сярэдзіне храму — такіх прыкладаў ва Ўніяцкай Царкве пакуль больш не апісана. Хіба гэта была вялікая капліца?
Захавалася цікавае апісаньне ўнутранага выгляду гэтай царквы з візітацыі 1798 г., якая тады была яшчэ драўлянай. Паводле яго вакол сьценаў угары былі хоры з балясінамі, па кутах храму разьмяшчаліся тры закрыстыі з дзьвярамі на завесах. У адной з іх быў алтар сталярскай работы з абразом Найсьвяцейшай Багародзіцы. Рэканструкцыя выгляду мураванага храму ў Вялікай Сваротве Я. Чубінскага, візуалізацыя Ю. Тухольскай.Пасярод царквы разьмешчаны алтар разной работы, зроблены трохкутнікам. На мураваным прастоле (mensa), зьверху якога драўляная пазалочаная карона з разнымі анёламі, якія тую карону трымаюць, з аднаго боку — абраз Сьвятой Тройцы, з другога — абраз сьв. Мікалая, а з трэцяга боку — абраз Найсьвяцейшай Багародзіцы. На тых двух прастолах (менсах) па пары драўляных сьвечнікаў і па адным абрусе (tuwalnі), на першым з іх — дараносіца ўпрыгожаная (cyboryum malowane) з трыма дзьверкамі ў выглядзе замку (o trzech drzwiczkach zamczyste), сьвятыя дары ў даразахавальніцы алавянай (w puszce cynowey), пераносны алтарык (фератрон) з іконаю Ісуса Хрыста (Ołtarżyk ponosny z obrazem Pana Jezusa).
Дасьледаваньне, апісаньне і аналіз архітэктурных асаблівасьцяў гэтай унікальнай трохкутнай уніяцкай царквы з бутавага каменю ў Вялікай Сваротве праводзіў польскі навуковец Кшыштаф Ленартовіч у 2002-2005 гг. Перад ім на гэты храм зьвяртаў увагу ў 1992 г. толькі беларускі дасьледчык С. Сергачоў, які зрабіў рэканструкцыі першага драўлянага і пабудаванага на яго месцы пазьней мураванага храму. На тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага польскі дасьледчык архітэктуры Кшыштаф Ленартовіч налічыў усяго 5 храмаў з сакральнай прасторай у выглядзе трохкутніка. Тры іншыя прыклады такой храмавай архітэктуры — на тэрыторыі сучаснай Літвы. Аднак, на яго думку, царква ў Вялікай Сваротве ў Баранавіцкім раёне ня мае сярод іх непасрэдных аналагаў.Стан храму ў 2004 г. (фота А. Яроменкі).
Такім чынам, можна сьмела казаць, што храм Сьвятой Тройцы ў Вялікай Сваротве — унікальны і выключна цікавы аб’ект беларускай і ўніяцкай архітэктурнай спадчыны еўрапейскага значэньня. Цяжка паверыць, але, як аказалася, гэты храм да 2012 г. нават не зьяўляўся помнікам архітэктуры і не ахоўваўся дзяржавай!.. Безумоўна, ён мусіць цяпер стаць адным з адметных аб’ектаў для турыстаў.
Тым больш што мясьціны вакол адноўленай царквы ў Вялікай Сваротве таксама жывапісныя. Царква была часткай сядзібна-паркавага комплексу Незабытоўскіх на высокай тэрасе р. Сваротва — адзінай рэчкі, якая выцякае з Сьвіцязі. На жаль, сёньня гэтая сядзіба ляжыць у руінах. Засталіся рэшткі гаспадарчых пабудоваў, парк, алея старых дубоў, а вось ад палацу засталіся адно падмуркі...
Дарэчы, калі ў 1839 г. мясцовыя католікі абодвух абрадаў пазбавіліся права маліцца ў перададзенай праваслаўным царкве ў Вялікай Сваротве, на панскім двары была пабудавана з бутавага каменю рыма-каталіцкая капліца. Да сёньняшняга дня ад яе захаваліся толькі падмуркі крыпты.
Вядомы беларускі пісьменьнік і перакладчык Анатоль Клышка, які паходзіць з суседняй вёскі, узгадваў, што сярод мясцовых людзей хадзіла байка пра тое, як іх дзядоў і прадзедаў перахрышчвалі ў праваслаўе: “Людзей хапалі на дарозе ці ў полі і валаклі ў царкву. Але й народ ня дурань. Кожны насіў з сабой часнок у кішэні. Засьпеюць яго, а ён часначыну ўхопіць! Прывядуць у царкву, а ў яго пах з рота. Хрысьціцца ж трэба нашча! Тым і ратаваліся. Мудрагеліста было прыдумана. Наўрад ці абышлося без падказкі з боку ўніяцкіх сьвятароў”.