Беларуская эліта — з сем’яў уніяцкіх сьвятароў Беларуская культурная эліта бярэ свой пачатак у сем’ях уніяцкіх сьвятароў. У мастака Івана Хруцкага, пісьменьнікаў Яна Баршчэўскага, Францішка Савіча продкі былі ўніяцкімі сьвятарамі.
21.10.2014
Аб нестварэньні Грэка-Каталіцкай Царквы ў 1596 годзе 18 (8) кастрычніка 1596 году ў Берасьці сьвету было абвешчана рашэньне беларускіх і ўкраінскіх праваслаўных ярархаў Кіеўскай мітраполіі пра аднаўленьне на тэрыторыі Рэчы Паспалітай еднасьці з Рымскай Апостальскай Сталіцай. Часта даводзіцца чуць з вуснаў людзей і чытаць у публікацыях сучасных дасьледчыкаў сьцьвярджэньне, што ў выніку Берасьцейскай уніі 1596 году была створана Ўніяцкая (Грэка-Каталіцкая) Царква. Ці так гэта — чытайце ў навуковым артыкуле беларускага кнігазнаўца і кандыдата культуралогіі з Менску Алеся Сушы.
Полацкая трагедыя 1705 году 11 ліпеня 1705 году ў храме сьв. Сафіі ў Полацку расейскі цар Пётр разам з сьвітай закатаваў 5 манахаў-базыльянаў. Тагачасная Еўропа ўздрыганулася ад бессэнсоўнай жорсткасьці каранаванай асобы, аднак, з большага прамаўчала... І толькі Апостальская Сталіца публічна кінула расейскаму цару, пераможцу пад Палтавай, цяжкае абвінавачаньне за перасьлед Уніяцкай Царквы. Гэта быў ці не адзіны голас выразнага асуджэньня Пятра І, стваральніка Расейскай імперыі, якога ўжо баяліся і лічылі за лепшае не сварыцца з ім і якога пазьней так уславілі гісторыкі.
Канфесіянальныя “франты”, лініі “культурнага разлому” і “доўгая памяць” Прапануем аналітычны агляд навуковай працы амерыканскай дасьледчыцы Барбары Скінэр “Заходні фронт Усходняй Царквы. Уніяцка-праваслаўны канфлікт XVIII стагоддзя ў Польшчы, Украіне, Беларусі і Расеі”, які падрыхтаваў Аляксандар Пагарэлы.
27.02.2014
За кулісамі Полацкага царкоўнага сабора 175 гадоў таму, 12 (24) лютага 1839 г., у Нядзелю Праваслаўя, на сумесным служэньні ў Полацку трох біскупаў Ёсіфа Сямашкі, Васіля Лужынскага і Антонія Зубко, якія папярэдне здрадзілі Ўніяцкай Царкве і перайшлі ў праваслаўе, быў складзены “саборны акт” з прашэньнем аб падпарадкаваньні Ўніяцкай Царквы Сьвятому Сіноду Расейскай Праваслаўнай Царквы.
Канфесіянальныя “франты”, лініі “культурнага разлому” і “доўгая памяць”
Прапануем аналітычны агляд навуковай працы амерыканскай дасьледчыцы Барбары Скінэр “Заходні фронт Усходняй Царквы. Уніяцка-праваслаўны канфлікт XVIII стагоддзя ў Польшчы, Украіне, Беларусі і Расеі”, які падрыхтаваў Аляксандар Пагарэлы.
Barbara Skinner (2009). The Western Front of the Eastern Church. Uniate-Orthodox Conflict in 18th-Century Poland, Ukraine, Belarus and Russia. DeKalb: Northern Illinois University Press, XVI+295 pp.
Барбара Скінэр.Яшчэ ў 2009 г. пабачыла сьвет манаграфія Барбары Скінэр “Заходні фронт Усходняй Царквы. Уніяцка-праваслаўны канфлікт XVIII стагоддзя ў Польшчы, Украіне, Беларусі і Расеі”. Восем разьдзелаў кнігі асьвятляюць вельмі шырокае кола ўзаемазьвязаных праблемаў: уніяцкае і праваслаўнае парафіяльнае жыцьцё, сацыяльныя і адукацыйныя характарыстыкі сьвятароў, палітызацыю ўніяцка-праваслаўнага канфлікту ў XVIII ст., гвалт на канфесійнай глебе ў кантэксьце 1-га падзелу Рэчы Паспалітай і падзеяў, што яму папярэднічалі, лёс уніятаў беларускіх зямель пасьля 1-га падзелу і інш.
Скінэр разглядае праблему паўстаньня уніі ў ключы канфесіяналізацыі пострэфармацыйнай Еўропы і патрэбы мадэрнізацыі Праваслаўнай Царквы Рэчы Паспалітай. Апошні клопат аб’ядноўваў як будучых ініцыятараў уніі, так і іх зацятых праціўнікаў. Канфесіяналізацыя, паводле Скінэр, азначала выкарыстаньне такіх інструментаў, запазычаных ад новых пратэстанцкіх галінаў заходняга хрысьціянства, як вызначэньне дактрынаў і практыкаў веры праз тэкстуальную фіксацыю вызнаньня ці праз царкоўны сабор і стварэньне добра артыкуляваных катэхізісаў з мэтай навучаньня рэлігіі.
Продкі сучасных беларусаў і ўкраінцаў фігуруюць у яе як “русіны”.
Асноўныя высновы аўтаркі адлюстроўваюць яе перакананьне, што XVIII ст. зьяўляецца досыць дрэнна вывучаны перыядам ў параўнаньні з бурлівым XVII ст. і палітыкай поўнага зьнішчэньня уніі ў XIX ст. Паводле яе, працэсы рэформаў і трансфармацыі закранулі як Праваслаўную Царкву, бо пераўтварэньні кіеўскага мітрапаліта Магілы былі цалкам у духу канфесіяналізацыі і былі ў значнай ступені вестэрнізацыйнымі, так і стаялі за паўстаньнем Уніяцкай Царквы.
Далей дасьледчыца заўважае, што супрацьстаяньне палітычных арыентацыяў у кантэксьце падзеяў XVIII ст. стала каталізатарм фармаваньня асобных ідэнтычнасьцяў: русінскай уніяцкай і праваслаўнай. Таксама, паводле яе, дасьледуючы прыроду Ўніяцкай і Праваслаўнай Цэркваў, іх адрозьненьні, кніга пралівае сьвятло на цэнтральны чыньнік русінскай ідэнтычнасьці, які ўплываў на яе цягам стагоддзяў.
Таксама нельга зразумець характару эскалацыі ўніяцка-праваслаўнага канфлікту ня ўлічваючы разьвіцьця расейскай імперскай ідэнтычнасьці і ідэалогіі. Апошнія не пакідалі месца іншым хрысьціянскім канфесіям для “агульнарускага” народу апрача праваслаўя. У рамках такой логікі працэс “вяртаньня” у праваслаўе быў яе своеасаблівым культурным і ідэалагічным інструментам.
Гаворачы аб ідэалогіі, паняцьці, якое само зьяўляецца мінным полем для дасьлдечыкаў, трэба яшчэ адзначыць, што менавіта праваслаўнае духавенства з левабярэжнай Украіны мела “доўгую памяць” пасьля рэлігійнай вайны сярэдзіны XVII ст. ва ўкраінскіх землях Рэчы Паспалітай і якраз яно забясьпечыла імперскі ўрад Кацярыны ІІ канцэпцыямі “культурнай уніфікацыі”, якія служылі апраўданьнем навяртаньня ўніятаў і наступных (2-га і 3-га) падзелаў Рэчы Паспалітай, а таксама неабходнымі кадрамі.
Разьвязаная Кацярынай ІІ кампанія навяртаньня, якая вылілася ў серыю крывавых паўстаньняў і сутыкненьняў, Барбара Скінэр расцэньвае не як палітычныю акцыю, характэрную для эпохі асьветніцтва і асьветнай мадэрнасьці (Van Der Veer, 1996), а як праяву ментальнасьці рэлігійнай вайны і канфесійнага канфлікту, характэрных для папярэдніх стагоддзяў у іншых частках Еўропы (Marx, 2003).
Ні праблемы з уніфікацыяй і выпраўленьнем літургічнай літаратуры, ні позьняее разьвіцьцё ўніяцкага кнігадрукарства ніяк ня сьведчаць супраць таго, што ў XVIII ст. Уніяцкая Царква аформілася як паўнавартасная канфесія з сваёй уласнай маральнай тэалогіяй. Апошні асьпект Скінэр падрабязна аналізуе і раскрывае сьпецыфіку грамадзкіх каштоўнасьцяў, якія складалі падставы сацыяльных дактрын уніяцтва і праваслаўя ў іх сувязі з дамінуючым інтэлектуальным кліматам і ідэалогіяй.
Шмат месца яна прысьвячае тлумачэньню сацыяльнага вучэньня Расейскай Праваслаўнай Царквы, якая, паводле амерыканскай дасьледчыцы, заахвочвала адданасьць цару, у параўнаньні з арыентацыяй на прававыя нормы і кантрактныя адносіны ў выпадку Ўніяцкай (Скінэр, 2007).
У той жа час досыць праблематычна сьцьвярджаць, што ўніяцкія сьвятары трансьлявалі каштоўнасьці непасрэдна з дапаможнікаў па маральнай тэалогіі, а масы сялянаў-вернікаў — пасіўна і літаральна ўспрымалі такія ідэі. Скінэр не надае праблематызацыі гэтага асьпекту належнай увагі, хоць гэты накірунак ужо даўно распрацоўваецца ў рамках той жа “новай культурнай гісторыі” (Hunt, 1989; Катлярчук, 2001).
Паводле амерыканскай дасьледчыцы, менавіта ў XVIII ст. уніяцкая юрысдыкцыя максімальна пашырылася пасьля траўматычнай і турбулентнай другой паловы XVII ст., якая паставіла само выжываньне канфесіі на большай частцы тэрыторыі Рэчы Паспалітай пад пытаньне. Палітызацыя канфесійнай прыналежнасьці ў кантэксьце расейскай імперскай палітыкі і адчуваньне ўнутры Рэчы Паспалітай сябе як краіны ў атачэньні “іншаверцаў” прывяла да абвастрэньня супрацьстаяньня паміж Праваслаўнай і Ўніяцкай Цэрквамі.
Аўтарка фактычна сьцьвярджае, што больш інтэнсіўны характар гвалту ў дачыненьні вернікаў і іх супраціў адбываўся там, дзе традыцыі уніі пасьпелі пусьціць глыбокія карані. У літаратуры даўно існуюць розныя погляды на тое, як моц рэлігійных пачуцьцяў уплывае на гвалтоўныя дзеяньні і стварэньне “вобразу ворага” (De Vries, 2002).
Пры гэтым нельга правесьці дакладнай лініі падзелу паміж тымі тэрыторыямі, дзе унію ўспрымалі як неад’емную частку ўласнай ідэнтычнасьці, і тымі, дзе яна зацьвердзілася адносна нядаўна. Характар рэакцыяў вернікаў на спробы навяртаньня часта (але не заўсёды), паводле Скінэр, указваюць на наяўнасьць своеасаблівых лініяў “культурнага разлому”. На беларускіх землях тэрыторыя 2-га падзелу аказалася больш прывязанай да уніі, чым 1-га.
У другой палове XVIII стагоддзя не магло быць і гаворкі пра канфесійную мабільнасьць, альбо дабраахвотны выбар веравызнаньня. У 1760-1790-я гг. зьмена веравызнаньня, якая супярэчыла дзяржаўным інтарэсам як расейскіх уладаў, так і ўладаў Рэчы Паспалітай разглядалася ня проста як вераадступніцтва, але як дзяржаўная здрада.
Нельга ахапіць усе праблемы, зьвязаныя з гісторыяй адносінаў уніяцтва і праваслаўя і нельга раскрыць іх усе адразу, але кніга заслугоўвае вельмі высокай ацэнкі. На некаторыя праблемы, якія на думку Скінэр, зьяўляюцца і будуць актуальнымі, яна зьвярнула асаблівую ўвагу як, напрыклад, параўнаўчае дасьледаваньне ўніяцкіх і праваслаўных парафіяў на межах Рэчы Паспалітай і Расеі.
Цікавыя і праблемы таго, ці зьяўлялася ўступленьне рыма-каталікоў у базыльянскі ордэн адным з каналаў захаваньня русінскай ідэнтычнасьці, а таксама больш уважлівае вывучэньне ўнутранага аздабленьня парафіяльных уніяцкіх цэркваў, што само па сабе было своеасаблівай “бібліяй непісьменных” (Гуревич, 1989; Senyk, 2006: 201-234).
Больш увагі таксама, на яе погляд, заслугоўваюць і пастанаўленьні аб вяртаньні ў унію раней пераведзеных у праваслаўе сялянаў у канцы XVIII ст. Ня менш важныя і дасьледаваньні на лакальным узроўні самога працэсу навяртаньня ўніятаў у праваслаўе падчас і пасьля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай і адваротнага працэсу вяртаньня ў унію пазьней. Усё гэта магчыма толькі з улікам абмежаваньняў, якія накладаюць крыніцы і тэарэтыка-метадалагічны апарат дасьледчыкаў.
Навуковец з універсітэту штата Індыяна трансьлітэравала ў кнізе асабістыя і геаграфічныя назвы так, як яны адлюстраваны ў крыніцах з тым, каб яны ня надта адрозьніваліся ад сучасных назваў. Напрыклад, Наваградак у кнізе перадаецца як Novohrodok. Усё ж такі бянтэжыць наяўнасьць некаторых недарэчных скажэньняў такіх як “Druissa” у Полацкай дыяцэзіі, бо ня ясна пра Друю ці Дрысу ідзе гаворка. Гэта сьведчыць аб крыху меншай абазнанасьці аўтаркі ў гістарычнай геаграфіі беларуска-літоўскіх зямель у параўнаньні з украінскімі і некаторай некрытычнасьці ў адносінах да крыніцаў.
Скінэр лічыць абмежаваньне вывучэньня гісторыі Ўніяцкай Царквы сучаснымі нацыянальнымі рамкамі і межамі немэтазгодным, бо гэта звужае магчымасьці дасьледчыка і перашкаджае фармаваньню комплекснага шматвымернага ўяўленьня аб гісторыі канфесіі.
Барбара Скінэр перакананая, што нельга прымяншаць уплыў царкоўнай уніі на культуру і ідэнтычнасьць украінцаў і беларусаў. Уплывы гэтыя ня зводзяцца выключна да Заходняй Украіны, дзе доўгі перыяд спатрэбіўся для ператварэньня яе ў нацыянальны інстытут, і такі вынік быў далёка не перадвызначаным наперад. Канфесійныя разломы з часам перасунуліся далей на захад, але і да сёньня нагадваюць пра сябе супрацьпастаўленьнем ідэнтычнасьцяў і палітычных памкненьняў, якія маюць лакальнае, нацыянальнае, рэгіянальнае і еўрапейскае вымярэньне.