Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што зь вялікай Сваёй міласьці адрадзіў нас праз уваскрэсеньне Ісуса Хрыста зь мёртвых да жывое надзеі. (1-ае Пасланьне сьв. ап. Пятра 1:3)
Кніга пра спробу забойства беларускага народу Кніга прафесаркі Сьвятланы Марозавай «Сваёй веры ламаць не будзем...» Супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780-1839)» выйшла ў Горадні ў 2014 годзе ў выдавецтве «ЮрСаПрынт» накладам 100 асобнікаў і пакуль што застаецца малавядомай у Беларусі. Мізэрны наклад у пэўнай ступені кампенсуе публікацыя поўнага тэксту кнігі ў інтэрнэце на сайце Pawet.net.
19.08.2015
Хруцкія: уніяцкі сьвятарскі род полацкай япархіі Вывучэньню ролі духавенства ў фармаваньні інтэлектуальнай эліты грамадзтва беларуска-літоўскіх земляў да сёньняшняга часу, на нашу думку, не надавалася належнай увагі. Між тым менавіта духавенства, перадусім уніяцкае, у першай чвэрці ХІХ ст. служыла своеасаблівым «пастаўшчыком» творчых асобаў, якія ўпершыню паспрабавалі сфармуляваць і акрэсьліць тое, што пазьней назавуць беларускай нацыянальнай ідэяй.
06.08.2015
Праблемы канфесійнага статусу Скарыны і яго час Беларуская грамадзкасьць рыхтуецца адзначыць найвялікшую дату ў гісторыі айчыннай культуры — 500-годдзе беларускага кнігадрукаваньня. 6 жніўня 1517 году Францішак Скарына ў Празе надрукаваў Псалтыр, а потым амаль штомесяц выдаваў новую кнігу Бібліі.
29.06.2015
Беларуская эліта — з сем’яў уніяцкіх сьвятароў Беларуская культурная эліта бярэ свой пачатак у сем’ях уніяцкіх сьвятароў. У мастака Івана Хруцкага, пісьменьнікаў Яна Баршчэўскага, Францішка Савіча продкі былі ўніяцкімі сьвятарамі.
21.10.2014
Аб нестварэньні Грэка-Каталіцкай Царквы ў 1596 годзе 18 (8) кастрычніка 1596 году ў Берасьці сьвету было абвешчана рашэньне беларускіх і ўкраінскіх праваслаўных ярархаў Кіеўскай мітраполіі пра аднаўленьне на тэрыторыі Рэчы Паспалітай еднасьці з Рымскай Апостальскай Сталіцай. Часта даводзіцца чуць з вуснаў людзей і чытаць у публікацыях сучасных дасьледчыкаў сьцьвярджэньне, што ў выніку Берасьцейскай уніі 1596 году была створана Ўніяцкая (Грэка-Каталіцкая) Царква. Ці так гэта — чытайце ў навуковым артыкуле беларускага кнігазнаўца і кандыдата культуралогіі з Менску Алеся Сушы.
Полацкая трагедыя 1705 году 11 ліпеня 1705 году ў храме сьв. Сафіі ў Полацку расейскі цар Пётр разам з сьвітай закатаваў 5 манахаў-базыльянаў. Тагачасная Еўропа ўздрыганулася ад бессэнсоўнай жорсткасьці каранаванай асобы, аднак, з большага прамаўчала... І толькі Апостальская Сталіца публічна кінула расейскаму цару, пераможцу пад Палтавай, цяжкае абвінавачаньне за перасьлед Уніяцкай Царквы. Гэта быў ці не адзіны голас выразнага асуджэньня Пятра І, стваральніка Расейскай імперыі, якога ўжо баяліся і лічылі за лепшае не сварыцца з ім і якога пазьней так уславілі гісторыкі.
Беларуская грамадзкасьць рыхтуецца адзначыць найвялікшую дату ў гісторыі айчыннай культуры — 500-годдзе беларускага кнігадрукаваньня. 6 жніўня 1517 году Францішак Скарына ў Празе надрукаваў Псалтыр, а потым амаль штомесяц выдаваў новую кнігу Бібліі.
Біблія, надрукаваная Францішкам Скарынам у 1517 годзе.«Біблію Скарына ўспрымаў як Боскі запавет, як самыя Сьвяшчэнныя кнігі ўсяго хрысьціянскага сьвету. І ён стараўся давесьці і растлумачыць іх усяму хрысьціянскаму паспольству. Дарэмна было б шукаць у яго прадмовах і каментарыях прыкметы крытычнага рацыяналістычнага падыходу, што адзначалася ў некаторых прысьвечаных яму працах», — адзначае вядомы беларускі гісторык Георгі Галенчанка.
Паводле падлікаў бібліёграфаў Францішку Скарыне і яго дзейнасьці прысьвечана больш за 6 тыс. публікацыяў. Аднак сярод іх грунтоўных манаграфіяў і дасьледаваньняў вядомых гісторыкаў, кнігазнаўцаў, філолагаў, мастацтвазнаўцаў, філосафаў ня так шмат — усяго з дзясятак. У 1988 і 1990 гг. на беларускай і расейскай мовах нават выйшаў энцыклапедычны даведнік «Францыск Скарына і яго час». Большасьць дакументальных сьведчаньняў пра беларускага першадрукара сабрана ў грунтоўным найбольш поўным іх комплексе: «Францыск Скарына. Зборнік дакументаў і матэрыялаў» (1988). Прыкметны ўклад у Скарыніяну ўнесьлі таксама калектыўныя зборнікі, матэрыялы навуковых канферэнцыяў. І тым ня менш, у біяграфіі Францішка Скарыны застаецца шмат белых плямаў, далёка ня ўсе этапы жыцьцёвага шляху знакамітага культурнага дзеяча высьветленыя.
Адна з такіх белых плямаў у яго біяграфіі — канфесійная прыналежнасьць.
З гэтай нагоды прапануем ніжэй урывак з навуковай працы аднаго з найбольш аўтарытэтных дасьледчыкаў спадчыны Францішка Скарыны, доктара гістарычных навук Георгія Галенчанкі «Францыск Скарына: у паціне версій, стэрэатыпаў і міфаў», адзін з разьдзелаў якой ён прысьвяціў праблеме канфесійнага статусу Ф. Скарыны.
Праблемы канфесійнага статусу Скарыны
У цэнтры дыскусіяў дасьледчыкаў застаюцца праблемы канфесійнага статусу Скарыны. Яны ў пэўнай ступені адлюстроўваюць канфесійнае разьмежаваньне старадаўняй, ды і сучаснай Еўропы і хрысьціянскага сьвету, якое паступова зыходзіць у мінулае. На дзейнасьць Скарыны паўплывала агульная атмасфера постгусіцкай Чэхіі, рэфармацыйных рухаў у нямецкіх княствах. Адна з асноўных крыніц яго пражскіх перакладаў была, як вядома, чэшская ўтраквісцкая Біблія (венецыянскае выданьне 1506 г.).
Аб’ектыўна дзейнасьць Скарыны часткова супадае з праграмнымі пастулатамі еўрапейскіх рэфарматараў: выданьне Бібліі як асновы хрысьціянскай веры на зразумелай народу мове. Але памылкова было б уключаць яго ў кагорту сьвядомых еўрапейскіх пратэстантаў. У Беларусі ў першай чвэрці ХVI ст. не адчувалася выразных рэфармацыйных павеваў і не існавала ўмоваў для разгортваньня падобнай дзейнасьці. У адрозьненьне ад пратэстантаў, Скарына прызнаваў царкоўную традыцыю, важнасьць дагматыкі і абраднасьці, у сваіх каментарах спасылаўся на творы айцоў Царквы, пастановы Ўсяленскіх сабораў. Ня толькі віленскія, але і пражскія выданьні, як сьведчаць, напрыклад, паметы на экзэмпляры Пражскага музею, выкарыстоўваліся ў праваслаўных літургічных службах.
Глыбокая хрысьціянская сьвядомасьць відавочна ў яго стаўленьні да царкоўнага разьмежаваньня ў сьвеце і на Радзіме. Складана ў лацінскай тагачаснай Еўропе знайсьці асьветнікаў і выдаўцоў, якія выдавалі б адначасова свае кнігі таксама для праваслаўнага паспалітага люду, захоўваючы грэка-візантыйскі Сымбаль веры. Віленскія выданьні Скарыны ў сваёй аснове мала чым адрозьніваліся ад традыцыйных праваслаўных тэкстаў Апостала і Псалтыра, нягледзячы на вядомае дабаўленьне да 13-га псалома («Гроб разверсты…»). Па сутнасьці, Скарына зьяўляецца адным з першых прыхільнікаў экуменічнага зьбліжэньня ўсіх хрысьціянскіх народаў і Цэркваў. У яго прадмовах і каментарах няма палемічных і ідэалагічных акцэнтаў, скіраваных супраць каталіцкай ці праваслаўнай канфесіі, ці нават і рэфарматараў.
Патрыятычныя погляды Скарыны выцякалі з яго разуменьня патрэбаў грамадзтва, асэнсаваньня цэласнасьці беларускага народу, пры ўсіх унутраных супярэчнасьцях і канфліктах. Сталае згадваньне Полаччыны — сваёй малой Радзімы, рысы народнай беларускай мовы прасьледжваюцца ў большасьці яго выданьняў (дасьледчыкі называюць яе царкоўнаславянскай мовай беларускай рэдакцыі). Яны паказваюць, каму ў першую чаргу прызначаў ён свае выданьні: усяму беларускаму паспольству, усім яго станам, гараджанам, шляхце, духоўным асобам, у больш шырокім кантэксьце — усім беларусам, украінцам і рускім, што пражывалі на землях ВКЛ. Можна сказаць, што тэксты Скарыны былі вядомыя і сялянам, бо ў шмат якіх прыхадзкіх храмах чыталі іх галосна і адпраўлялі па іх патрэбныя службы.
Адукаваны ўніяцкі мітрапаліт Антон Сялява ў 1622 г. публічна асудзіў яго кнігі, але гэтая інвектыва шмат чаго вартая. Зьвяртаючыся да сваіх апанентаў, беларускіх і ўкраінскіх выдаўцоў і палемістаў, ён сьцьвярджаў: «Y przed tym jeszcze dawno za przodkow waszych wam podobnych, Ruś byla dobrze potruta: przed unią był Skoryna, heresią Hussyta, ktory wam księgi po rusku drukował w Pradze. Przyjmowali ich wdzięcznie, dosyć na tym że się zwał Rusinem z Połocka, jako się podpisał. Smakowali sobie iego druki, człowek godny mowili, a Rusin, brat nasz to drukował».
Гравюрны партрэт Францішка Скарыны (1517).Гуманістычныя, асьветніцкія і грамадзка-палітычныя погляды Скарыны сказваюцца ў яго стаўленьні да школьнай і вышэйшай асьветы, да твораў антычных і рэнесансавых аўтараў, у яго піетэце да прыродазнаўчых і «вольных» навук. Толькі свабодны чалавек, які асэнсоўваў годнасьць духоўнай творчасьці, мог двойчы надрукаваць у Бібліі свой «партрэт» — доктара ў лекарскіх навуках, адыйсьці ад многіх канонаў мастацкага афармленьня ацаркоўленых твораў традыцыйнай беларускай і ўсходнеславянскай пісьменнасьці. Некаторыя дасьледчыкі падкрэсьлівалі, што параўнаньне Бібліі з кнігамі Арыстоцеля і іншых дзеячаў старажытнасьці, з 7 сьвецкімі навукамі, сьведчыла аб пэўнай недаацэнцы Скарынам значнасьці сьвецкай навукі і культуры. Няма больш памылковага ўражваньня. Згадваньне Арыстоцеля, класічных аўтарытэтаў сярэдневяковай і рэнесансавай Еўропы павінна было падкрэсьліць духоўны прыярытэт Бібліі і ў той жа час вызначыць высокі духоўны сэнс згаданых свабодных навук, прац і аўтараў. Іншае параўнаньне проста б не спрацоўвала. Выдатнае веданьне знакамітых твораў Арыстоцеля, між іншым, ляжала ў аснове дзьвюх універсітэцкіх ступеняў Скарыны.
Уплыў Скарыны на духоўную культуру Беларусі і ўсіх усходнеславянскіх народаў цяжка пераважыць. У шырокім кантэксьце як заснавальнік беларускага і ўсходнеславянскага кнігадруку ён вырашальным чынам узьдзейнічаў на зараджэньне новай духоўнай цывілізацыі, і ў пэўнай ступені на зьбліжэньне славянскіх і еўрапейскіх народаў, лацінскай і грэка-візантыйскай Еўропы. Уплывы Скарыны на духоўную культуру Беларусі, Украіны, Польшчы, тагачаснай Расеі па-свойму праяўляліся ў розных рэгіёнах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. І асноўным іх чыньнікам былі непасрэдна яго выданьні. Дзе былі яго кнігі, там быў Скарына. Дасьледчыкі высьветлілі нямала бібліятэк, кніжных, архіўных і музейных збораў ХVI—ХVIII ст., маргінальных уладальніцкіх і чытацкіх запісаў, дзясяткі рукапісных сьпісаў, цытатаў і перайманьняў з яго прац.
Скарына садзейнічаў разьвіцьцю духоўнай і кніжнай талерантнасьці, дзякуючы чаму адроджанае з другой паловы ХVI ст. беларускае кнігадрукаваньне (тэматычна і па колькасьці афіцынаў і напрамкаў) выразна пераўзыходзіла расейскае і ўкраінскае. Ён заклаў падставы біблейскай друкарскай традыцыі. Ніводная з суседніх дзяржаў ня можа пахваліцца такой колькасьцю рознамоўных і рознаканфесійных выданьняў Сьвятога Пісаньня, як Беларусь ХVI ст. Спадчына Скарыны як уся яго творчасьць не была ні кананічнай, ні амярцьвелай. Пераемнікі Скарыны, што добра ведалі яго творы і нават імітавалі іх у пэўных стылістычных і моўных рысах і мастацкім аздобленьні, у нечым адышлі ад Скарыны, у нечым пайшлі далей. Сымон Будны, як выразны дзяяч еўрапейскага Рэнесансу і Рэфармацыі, стаў зачынальнікам плённай філалагічнай крытыкі многіх польскіх і заходнееўрапейскіх перакладаў Бібліі, сам ажыцьцявіў шэраг выданьняў і неаднаразова спасылаўся на тэксты Скарыны. Васіль Цяпінскі пераняў патрыятычныя заветы Скарыны і ўпершыню ў сьвеце выдаў частку Евангельля на славянскай і старабеларускай мовах. Прыклады можна было б прадоўжыць.
Бясспрэчна, што дзейнасьць Скарыны не патрабуе штучных упрыгожваньняў. Многія яго духоўныя і ментальныя рысы ствараюць непаўторны воблік вялікага палачаніна: глыбокія хрысьціянскія погляды, экуменізм, гуманізм, упэўненасьць у неабходнасьці актыўнай дзейнасьці дзеля ўласнага непаўторнага лёсу ўсіх вернікаў, для карысьці грамадзтва і дзяржавы, павага да іншых народаў і краінаў, асьветніцтва, дэмакратызм (у тагачасным яго выглядзе), талерантнасьць, літаратурныя і іншыя таленты. Паводле агульнай сукупнасьці сваіх поглядаў і сваёй дзейнасьці ён ня меў адэкватных асобаў у тагачаснай лацінскай і «грэцкай» Еўропе.
Скарына ня быў тыповым прадстаўніком духоўнай эліты Беларусі першай паловы ХVI ст. Ён намнога апярэдзіў свой час, чым і тлумачыцца значны «глухі» перыяд у станаўленьні сталага кнігадрукаваньня ў Беларусі, Літве, Украіне і Расеі. Па многіх сваіх памкненьнях і ідэях ён больш сучасны для нас, чым для тагачаснага насельніцтва Беларусі і Ўсходняй Еўропы.
Семя, пасеянае Скарынам, не прапала. Вегетацыя была працяглай, але яно ўзышло новымі ўсходамі і абліччамі ў кнігах беларускіх і ўкраінскіх выдаўцоў, адбілася ў творчасці рускіх першадрукароў, пазьней эмігрантаў — Івана Фёдарава і беларуса Пятра Мсьціслаўца, расквітнела ў спадчыне беларускага Адраджэньня другой паловы ХVI ст. Нягледзячы на тое, што кнігадрукаваньне пасьля Скарыны заўсёды выкарыстоўвалася з рознымі мэтамі, у цэлым яно перамагала цемру і забабоны, служыла людзям, стварала чалавека разумнага, цэласнага, сьвядомага, годнага. Сьвятло кнігадрукаваньня прарывалася праз цені часу.