Адшуканы новыя дакументы з сьледчай справы а. Фабіяна Абрантовіча Беларускі пісьменьнік і журналіст Уладзіслаў Ахроменка адшукаў унікальныя дакументы ў архіве Службы Бясьпекі Ўкраіны з сьледчай справы каталіцкага сьвятара візантыйскага абраду Архімандрыта Фабіяна Абрантовіча, распачатай супраць яго восеньню 1939 году ў Львове.
19.05.2017
Скарына з вялікай доляй верагоднасьці быў католікам Старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Беларусі, разважаючы над канфесійнай прыналежнасьцю Францішка Скарыны, супаставіў некаторыя факты, якія кажуць пра тое, што асьветнік быў католікам.
Веру, што Скарына быў у Венецыі і шмат чаму тут навучыўся — італьянскі прафесар Польскі і італьянскі навуковец, прафесар венецыянскага ўніверсітэту Ка Фоскары Аляксандар Навумаў, аўтар дзесяці навуковых прац пра Францішка Скарыну, у тым ліку самага поўнага выданьня твораў Скарыны ў перакладзе на польскую мову, расказаў у інтэрв’ю Радыё Свабода пра сваю гіпотэзу, паводле якой Скарына пабываў у Венецыі, шмат чаму там навучыўся і сустракаўся ў гэтым горадзе з сербскім першадрукаром Божыдарам Вукавічам.
«Сьвяты для ўсіх» — беларусы згадалі, што хрысьціянства нам прынёс ісландзец У 986 годзе ісландзкі місіянер Торвальд Вандроўнік заснаваў хрысьціянскую царкву ў Полацку. Толькі праз два гады пасьля гэтага кіеўскі князь Уладзімер Вялікі хрысьціў Русь. І хоць Торвальд не прызнаны ніводнай канфесіяй як першахрысьціцель, у апошнія гады на Віцебшчыне ягоны культ пашыраецца. А сёлета мы маглі б адзначаць 1030-я ўгодкі хросту беларускіх земляў.
Адшуканы новыя дакументы з сьледчай справы а. Фабіяна Абрантовіча
Беларускі пісьменьнік і журналіст Уладзіслаў Ахроменка адшукаў унікальныя дакументы ў архіве Службы Бясьпекі Ўкраіны з сьледчай справы каталіцкага сьвятара візантыйскага абраду Архімандрыта Фабіяна Абрантовіча, распачатай супраць яго восеньню 1939 году ў Львове.
Фабіян Абрантовіч (1884–1946) — адзін з найбольш выдатных беларускіх каталіцкіх сьвятароў свайго часу. Ён быў сярод пачынальнікаў беларускага хрысьціянскага руху ў XX ст. Шмат намаганьняў гэты выдатны беларускі сьвятар і грамадзкі дзяяч прыклаў для пашырэньня ідэяў хрысьціянскай еднасьці і адраджэньня Уніі.
Сёньня вядома, што архім. Фабіян Абрантовіч загінуў як мужны вызнаўца веры 2 студзеня 1946 году ў Бутырскай турме ў Маскве. Месца яго пахаваньня застаецца невядомае.
У траўні 2003 году ў Маскве намаганьнямі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча быў распачаты беатыфікацыйны працэс Слугі Божага архім. Фабіяна Абрантовіча.
Нягледзячы на тое, што ён шчыра прагнуў служыць для беларусаў і сярод беларусаў, у 1928 годзе Апостальскі Пасад у Рыме, не без уплыву польскіх уладаў, накіраваў айца Фабіяна Абрантовіча з кляштару марыянаў у Друі на Далёкі Ўсход у Харбін, для місійнай працы сярод шматлікіх там расейскіх эмігрантаў. Для гэтага была сьпецыяльна створаная новая грэка-каталіцкая япархія — Апостальскі экзархат з цэнтрам у Харбіне, а. Фабіян Абрантовіч быў прызначаны кіраўніком (Апостальскім адміністратарам) для расейскіх католікаў візантыйскага абраду.
Перад пачаткам ІІ Сусьветнай вайны, у чэрвені 1939 году, Архімандрыт Фабіян, як Апостальскі Адміністратар Усходняй місіі ў Харбіне, склаў у Рыме справаздачу аб сваёй працы і затым наведаў сваю радзіму ў Заходняй Беларусі. На зваротным шляху ён пабываў у Львове ў свайго сябра мітрапаліта Грэка-Каталіцкай Царквы Андрэя Шаптыцкага, дзе яго і застала вайна. Больш за месяц ён правёў у Львове. Уласна ў гэты час мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, прыняў рашэньне заснаваць новыя грэка-каталіцкія экзархаты, у тым ліку і для Беларусі. Мітрапаліт Шаптыцкі нават бачыў Фабіяна Абрантовіча адным з магчымых кандыдатаў на беларускага біскупа і кіраўніка Беларускага экзрахату ГКЦ.
Замарстынаўская турма ў Львове. Фота да 1939 г.22 кастрычніка 1939 году пры спробе пакінуць СССР ля гораду Рава-Руская архім. Фабіян Абрантовіч быў затрыманы нямецкімі памежнікамі і вернуты на тэрыторыю СССР, дзе адразу трапіў у Замарстынаўскую турму НКВД у Львове.
Пра гэтыя драматычныя старонкі з жыцьця а. Фабіяна Абрантовіча, зьвязаныя з яго арыштам у Львове ў 1939 годзе, распавёў для Радыё Рацыя беларускі пісьменьнік і журналіст Уладзіслаў Ахроменка. Ён адшукаў у архіве СБУ Ўкраіны невядомы раней дакумент пра Фабіяна Абрантовіча, рассакрэчаны ў 2013 годзе — звышсакрэтны даклад з Кіева ад 26 сьнежня 1939 году ў Маскву, наркаму унутраных справаў СССР камісару дзяржбясьпекі Л. Берыю, ад наркама унутраных справаў УССР камісара дзяржбясьпекі Сярова. Ніжэй падаем гэты матэрыял.
* * *
Слова «Ватыкан» і ўсё з ім зьвязанае, выклікала ў савецкае ўлады самую зацятую нянавісьць на мяжы з істэрыкай. Вось толькі некаторыя загалоўкі савецкіх газет 1920—1930-х гадоў: «Каталіцкая рэакцыя на службе сусьветнага імперыялізму», «Рымскія папы — распальнікі вайны!», «Антысавецкая дзейнасьць белапольска-фашысцкіх ксяндзоў».
Нават шэраговыя сьвятары падазраваліся саветамі ў тэрарызьме, арганізацыі замахаў на савецкіх правадыроў і, натуральна, у шпіянажы на карысьць Папы Рымскага і белапольскага фашыста Пілсудзкага. А ўжо калі такі сьвятар незаконна пераходзіў савецкую мяжу, лёс яго быў прадвызначаны...
У ноч з 24 на 25 верасьня 1939 году савецкі памежны нарад, які абыходзіў мяжу ў раёне мястэчка Рава-Руская, што на Галічыне, затрымаў чарговага парушальніка. Памежнікі не зьдзівіліся: пасьля падзелу Польшчы Савецкім Саюзам і Трэцім Рэйхам, уцекачы пераходзілі тую мяжу тысячамі. Пераважна гэта былі палякі, у якіх на Валыні заставаліся сваякі, а таксама габрэі, якія ўцякалі ад перасьледу нацыстаў. Усе яны ўцякалі ў СССР.
Але гэты парушальнік быў незвычайны хаця б тым, што ўцякаў ня ў СССР, а з СССР.
«СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО
НАРОДНОМУ КОММИСАРУ ВНУТРЕННИХ ДЕЛ СОЮЗА ССР
КОМИССАРУ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ 1 РАНГА
тов. Берия Л. П.
(…) На следствии задержанный показал о себе следующее.
Абрантович, 1884 года рождения, уроженец Новогрудского района — БССР, по национальности белорусс, владеющий русским, украинским, польским, немецким, французским, итальянским, китайским, чешским и белорусским языками.
С 1901 по 1914 г. Абрантович учился и закончил Петроградскую духовную семинарию, а затем академию и факультет философии Бельгийского университета в гор. Лувны. (маецца на ўвазе г. Лёвэн — Рэд. «Царквы»).
С 1914 по 1918 г. был преподавателем в б. духовной гимназии г. Петрограда, потом бежал через немецкий фронт в гор. Новогрудок, где и остался на жительстве, приняв польское подданство.
В 1928 г. по предложению бывшего папы Пия-11-го выехал как миссионер духовного ордена Марьянов в Китай, гор. Харбин, где и находился по 1939 г., исполняя обязанности руководителя главного католического дома марьянов.
Весной 1939 г. Абрантович был вызван папой Пием-12-м в Рим на доклад о проделанной им работе в Китае, после чего выезжал якобы для лечения во Францию, а затем в Литву, Латвию, Варшаву и Западную Белоруссию повидаться со своими родными и знакомыми. (…)»
Біяграфічныя зьвесткі, пададзеныя ў энкавэдэшнай справаздачы, не адлюстроўваюць маштаб асобы Фабіяна Абрантовіча — рэлігійнага філосафа еўрапейскага узроўню і аднаго з людзей, якія стаялі каля вытокаў адраджэньня беларускай дзяржаўнасьці ў 1918 годзе. Дый біяграфічныя зьвесткі відавочна няпоўныя. У свой час Абрантовіч друкаваўся ў рэлігійных часопісах «Крыніца» і «Хрысьціянская думка», дзе перакаўанча даводзіў, што ўсе набажэнствы ў Беларусі мусяць быць толькі па-беларуску, чым нажыў сабе багата ворагаў у польскім Касьцёле. Потым уваходзіў у Раду БНР; меркавалася, што ў будучым Міністэрстве замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі ён стане кіраўніком беларускай Місіі ў Ватыкане.
Арышт сьвятара-нацыяналіста такога калібру стаў сапраўдным падарункам для НКВД, які адразу абвясьціў яго «шпегуном Ватыкану» і нават «ідэолагам нацыяналістычна-паўстанцкіх рухаў».
ИЗ ДОНЕСЕНИЯ НАРОДНОМУ КОММИСАРУ ВНУТРЕННИХ ДЕЛ СОЮЗА ССР
КОМИССАРУ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ 1 РАНГА ТОВ. БЕРИЯ Л. П.
(...) Абрантович является членом миссионерского капитанства — конгрегации попов и миссионеров, связанной с «Интележинс сервис», по заданию которой он был направлен в Харбин (...)
Находясь в Риме, Абрантович докладывал папе Пию-12-му о проделанной им работе в Китае, в присутствии Ледом Юзефа, руководителя международной организации борьбы с ІІІ-м Интернационалом в гор. Риме.
Тогда же Абрантович получил указания выехать в Западную Украину и в Западную Белоруссию – организовать группу миссионеров-попов для посылки их на Кавказ и Крым с целью проведения там к[онтр]-р[еврлюционной] работы за отторжение Кавказа и Крыма от СССР.
По тем же данным, Абрантович был направлен также папой Пием-12-м в Прибалтийские страны, для организации и проведения там антикоминтерновской-националистической работы.
Проживая одно время в городе Белостоке, Абрантович находился в близких взаимоотношениях с ксендзом католиком Бухту, который, по данным аг.[ента] «Давыдов», — бывшего сотрудника 2-го отдела польского генштаба, являлся агентом «Интелижанс-сервис».
(...) О связях Абрантовича по Белостоку ориентировал НКВД БССР (...)
Сярод шматлікіх заданняў, якія ватыканскі шпегун Фабіян Абрантовіч выконваў на загад Рымскага папы, было і сяброўства з украінскімі нацыяналістамі.
ИЗ ДОНЕСЕНИЯ НАРОДНОМУ КОММИСАРУ ВНУТРЕННИХ ДЕЛ СОЮЗА ССР
КОМИССАРУ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ 1 РАНГА ТОВ. БЕРИЯ Л. П.
(...) Находясь в Западной Украине, незадолго до ареста Абрантович был в г. Львове, где встречался с митрополитом Шептицким — видным украинским националистом, руководителем униацкой церкви.
Грэка-католікі, што ўкраінскія, што беларускія, былі для савецкай улады нават страшнейшым ліхам за рыма-католікаў. А Галіцкі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі характарызаваўся саветамі выключна як «махровы рэакцыянер, клерыкал і агент Ватыкану»...
Фабіяна Абрантовіча кінулі ў Львоўскую турму НКВД.
ИЗ ДОНЕСЕНИЯ НАРОДНОМУ КОММИСАРУ ВНУТРЕННИХ ДЕЛ СОЮЗА ССР
КОМИССАРУ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ 1 РАНГА ТОВ. БЕРИЯ Л. П.
(…) Учитывая, что Абрантович подозрителен по шпионажу, он был обеспечен проработкой проверенной камерной агентурой, по материалам которой устанавливается.
Мэта чэкістаў была відавочнай: атрымаць ад Абрантовіча сьведчаньні пра сваю шпегунскую дзейнасьць, а таксама максімальную колькасьць імёнаў саўдзельнікаў па контрарэвалюцыйнай арганізацыі.
Але ж арыштант катэгарычна адмовіўся даваць нейкія сьведчаньні. Адзінае, у чым ён прызнаўся — у нелюбові да савецкай атэістычнай улады.
У 1962 годзе ў Мюнхене выйшла кніжка а. Язэпа Германовіча «Кітай-Сібір-Масква», дзе пададзеныя сьведчаньні пра львоўскую турэмную эпапею а. Фабіяна.
«На сьледзтве бальшавікі ўжывалі да айца найвышэйшы нумар сваёй інквізіцыі — аж да іголак пад пазногці і ўліваньне вады ў лёгкія, каб прызнаўся да закідаў, якія ім былі патрэбныя. Але а. Фабіян Абрантовіч не паддаўся — яго зламілі толькі фізічна.(...)
Напрыканцы 1939 г. ці напачатку 1940 г. Фабіяна Абрантовіча этапавалі ў Маскву, у Бутырскую турму. Надалей яго сьляды губляюцца. Паводле вартых даверу сьведкаў, у 1943 годзе ён яшчэ быў жывы. Магчыма, а. Фабіяна закатавалі на допытах, магчыма, ён памёр ад хваробаў».
Месца пахаваньня Фабіяна Абрантовіча невядомае. Невядомыя і некаторыя асьпекты дзейнасьці а. Фабіяна. Так, у дакументах НКВД згадваецца «беларускае каталіцкае антысавецкае падпольле ў Беластоку», да стварэньня якога нібыта быў датычны сьвятар. Але ніякіх зьвестак пра гэтае падпольле не прыводзіцца. Няма такіх зьвестак ані ў беларускіх, ані ў польскіх крыніцах. Невядомыя таксама акалічнасьці кантактаў Фабіяна Абрантовіча і Галіцкага мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага.
Усё гэта можны было б высьвятліць па «літарных справах» на турэмную агентуру Бутыркі, а таксама па сьледчай справе на самаго Абрантовіча. Але гэтыя дакументы знаходзяцца ва ўлікова-архіўнай службе ФСБ, доступ да якіх наглуха закрыты.
Радыё Рацыя дзякуе Цэнтральны галіновы архіў СБУ Украіны, г. Кіеў, за прадастаўленыя матэрыялы, архіўную справу — Фонд 16, вопіс 1, адзінка захаваньня 381.