Супрасьлеўскія канцікі канца XVII стагоддзя — помнік царкоўнай музыкі Ўніяцкай Царквы У Львове ў выдавецтве Ўкраінскага каталіцкага ўніверсітэту выйшла з друку 1-я кніга 27 тома выдавецкай серыі «Кіеўскае хрысьціянства» — «Супрасьлеўскія канцікі канца XVII ст. — помнік базыльянскай царкоўнай музыкі» (у 3 тамах, 2-х кнігах). Гэты новы том выдавецкай серыі «Кіеўскае хрысьціянства» падрыхтаваны да друку ў супрацоўніцтве з гмінай Супрасьля і пры падтрымцы гранту ЕС, — паведамляе сайт УКУ.
08.11.2021
Манаграфія пра іканастасы і алтары грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі У выдавецтве «Беларуская навука» ў кастрычніку 2021 году, у 425-ыя ўгодкі Берасьцейскай царкоўнай уніі, выйшла ў сьвет багата ілюстраваная кніга «Іканастасы і алтары грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі XVII – першай трэці XIX ст.». Аўтар гэтай грунтоўнай мангарафіі — гісторык мастацтва Галіна Флікоп-Сьвіта, якая шмат гадоў дасьледуе рэлігійнае мастацтва і іканаграфію ўніяцкіх храмаў Беларусі. Яна зьяўляецца аўтарам больш за 50 навуковых прац.
05.11.2021
Першаярарх УГКЦ на сімпозіюме, прысьвечаным 425-годдзю Берасьцейскай уніі: «Мы хочам прапанаваць дыскусію пра мадэль еднасьці Царквы» Грэка-католікі, як памесная Царква Кіеўскага хрысьціянства, як Царква свайго права, як глабальная Царква, нясуць у сабе місію і задачу, а можа, і выклік для сучаснага сьвету Ўсходу і Захаду — быць тымі, што прапаведуюць, жывуць і нават паміраюць за ідэю еднасьці паміж Цэрквамі. Пра гэта сказаў Зьверхнік УГКЦ, Вярхоўны архібіскуп Сьвятаслаў (Шаўчук), зьвяртаючыся да ўдзельнікаў навуковага сімпозіюму «Берасьцейскае паяднаньне 1596 году ў кантэксьце ўнійных працэсаў мінулага і пошуку сучасных мадэляў», які адбыўся 28 кастрычніка 2021 году ў Кіеўскім цэнтры Ўкраінскага каталіцкага ўніверсітэту.
15.03.2021
Беларускі душпастыр, што ішоў Божым шляхам 11 сакавіка – 110 гадоў з дня нараджэньня Льва Гарошкі. Грэка-каталіцкі сьвятар, архімандрыт, беларускі рэлігійны і грамадзкі дзеяч, дасьледчык гісторыі рэлігіі ў Беларусі, культуролаг, літаратар Леў Гарошка нарадзіўся 11 сакавіка 1911 году ў вёсцы Трашчычы (цяпер Карэліцкі раён).
11.03.2021
Архімандрыт Леў Гарошка (26.II.1911 — 28.VII.1977) Жывой стаіць перад нашымі вачамі постаць высокая, танклявая, з кустом сівой барады, з носам шырокім арліным, з вачамі чорнымі гаручымі, упартымі. Помнім ягоныя энэргічныя рухі, тараплівую паходку, французкі бэрэт на галаве...
05.08.2020
Першыя, вядомыя на сёньня, дакументы з гісторыі Жыровіцкага манастыра На 2020 год у Беларусі запланаваныя сьвяткаваньні 550-годдзя цудоўнага зьяўленьня Жыровіцкага абраза Багародзіцы і 500-годдзя заснаваньня Жыровіцкага манастыра. Праваслаўнай Царквой і дзяржавай задуманы юбілейныя мерапрыемствы, у якія, праўда, унесла свае карэктывы пандэмія каранавірусу.
14.06.2020
Неаунія ў Дзікушскай царкве Лідзкага павету, 1925 г. У 1925 годзе на Лідчыне адбылася спроба адрадзіць у вёсцы Дзікушкі грэка-каталіцкую парафію. Пісьменьнік і краязнавец Леанід Лаўрэш паспрабаваў разабрацца ў тым, што адбывалася ў той час вакол Дзікушскай царквы, а таксама прыгледзеўся да асобы сьвятара, які хацеў адрадзіць там уніяцкую парафію.
Праваслаўныя беларусы — народ без сваёй Царквы Што ўкраінская аўтакефалія значыць для Беларусі — пра гэта разважае ў сваім матэрыяле на Радыё Свабода журналіст, гісторык і пісьменьнік Сяргей Абламейка.
07.08.2018
Мітрапаліт Язэп Вельямін-Руцкі. Годны сын беларускай зямлі 405 гадоў таму, 8 жніўня 1613 году, Язэп Руцкі атрымаў годнасьць архібіскупа-мітрапаліта Кіеўскага, а 5 красавіка 1614 году папскай булай быў пацьверджаны як мітрапаліт Кіеўскі Зьяднанай Царквы. Пасьля сьмерці 18 ліпеня 1613 году непасрэднага творцы царкоўнай Уніі мітрапаліта Іпація Пацея ён стаў 3-м мітрапалітам Зьяднанай Царквы. Яшчэ пры жыцьці гэтага царкоўнага дзеяча называлі Атлантам еднасьці (Уніі).
11 сакавіка – 110 гадоў з дня нараджэньня Льва Гарошкі. Грэка-каталіцкі сьвятар, архімандрыт, беларускі рэлігійны і грамадзкі дзеяч, дасьледчык гісторыі рэлігіі ў Беларусі, культуролаг, літаратар Леў Гарошка нарадзіўся 11 сакавіка 1911 году ў вёсцы Трашчычы (цяпер Карэліцкі раён).
Айцец Леў Гарошка за працай на Ватыканскім радыё.Бацькі аддалі здольнага хлопчыка ў Наваградзкую беларускую гімназію, многія навучэнцы якой сталі адданымі прыхільнікамі беларускай справы. У сям’і яшчэ жылі традыцыі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, забароненай Расейскай імперыяй у 1837 годзе. Верагодна, што менавіта гэтым кіраваўся юнак, калі паступіў у 1931 годзе ў Львоўскую грэка-каталіцкую багаслоўскую акадэмію. Дапамаглі Льву Гарошку ў паступленьні дырэктар Наваградзкай гімназіі Ян Цеханоўскі і дырэктар беларускага музею ў Вільні Антон Луцкевіч – былы прэм’ер-міністар Беларускай Народнай Рэспублікі.
Потым было яшчэ навучаньне ў каталіцкім Багаслоўскім інстытуце ў Інсбруку ў Аўстрыі, дзе за свае акадэмічныя посьпехі Леў Гарошка атрымаў стыпендыю грэка-каталіцкага мітрапаліта Львоўскага вялебнага Андрэя Шаптыцкага.
17 кастрычніка 1937 года Леў Гарошка атрымаў прасьвітарскае пасьвячэньне з рук украінскага грэка-каталіцкага біскупа Мікіты Будкі ў прыватнай капліцы мітрапаліта Шаптыцкага ў Львове. Першую Боскую Літургію на Бацькаўшчыне сьвятар адслужыў у грэка-каталіцкай парафіі Дзяляцічы на роднай Наваградчыне, дзе тады працаваў а. Вячаслаў Аношка. Потым служыў на Палесьсі ў Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі – у парафіях ва Ўгрынічах, Гарадной (Столінскі раён), Стоўпцах, Збуражы (Маларыцкі раён). Перасьледаваўся за сваю душпастырскую і нацыянальна-асьветніцкую дзейнасьць польскімі ўладамі, пастаянна знаходзіўся пад наглядам паліцыі.
Айцец Леў Гарошка (сядзіць другі зьлева) на сустрэчы Беларускага акадэмічнага каталіцкага аб’яднаньня «Рунь» у Рыме.Пасьля стварэньня ў 1939 годзе Беларускага Экзархату ГКЦ і прызначэння ў кастрычніку 1940 году а. Антона Неманцэвіча першым у XX стагоддзі беларускім грэка-каталіцкім экзархам, а. Леў Гарошка 2 траўня 1942 году быў абраны ў Раду экзархату і стаў віцэ-экзархам. Акрамя духоўнай працы, а. Леў, які ўвесь час вучыўся сам, знаходзіў час для таго, каб дапамагаць суайчыньнікам нават падчас вайны – працаваў на настаўніцкіх курсах, быў выкладчыкам беларускай і лацінскай моў у розных навучальных установах, працаваў у рэдакцыях беларускіх газет.
У 1944 годзе а. Леў Гарошка апынуўся ў эміграцыі, дзе стаў духоўным айцом для беларусаў на чужыне і прадстаўніком Беларусі ў Рыме, дапамагаў беларусам, якія служылі ў польскай арміі генерала Андэрса. У 1946 годзе ён падрыхтаваў і выдаў малітоўнік «Божым шляхам», які дагэтуль выкарыстоўваецца многімі беларусамі і шмат разоў перавыдаваўся. Актыўна зьбіраў сродкі на выданьне газеты «Беларускія навіны» (выдавалася ў Парыжы шматтысячным накладам і рассылалася суродзічам па ўсім сьвеце – ад Скандынавіі да Афрыкі і Амерыкі).
Часопіс «Божым шляхам».Айцец Леў Гарошка далей служыў беларускім вернікам у Францыі і Брытаніі, ня мог толькі патрапіць у Беларусь, аднак кіраваў беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё ў 1970-1977 гадах. У гэты перыяд вяшчаньне радыёстанцыі на беларускай мове павялічылася да пяці разоў на тыдзень па 14 хвілінаў. Акрамя непасрэдна ватыканскіх навінаў, айцец Гарошка рабіў ухіл на апалагетычную і беларускую нацыянальную тэматыку.
Жывучы ў Парыжы, а. Леў Гарошка ў 1947-1957 гадах рэдагаваў і выдаваў беларускі рэлігійна-грамадзкі часопіс «Божым шляхам». Затым выехаў у Рым, дзе ў 1959 годзе ўступіў у навіцыят айцоў-марыянаў. У 1960 годзе разам з біскупам Чэславам Сіповічам быў накіраваны ў Лондан і прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі. У 1962-1969 гадах быў ігуменам манаскага дому айцоў-марыянаў у Лондане. У 1965 годзе атрымаў годнасьць архімандрыта. Браў актыўны ўдзел у рэлігійным і культурным жыцьці беларускага замежжа, зьяўляўся сябрам лонданскага аддзелу Згуртаваньня беларусаў Вялікабрытаніі.
Леў Гарошка, Аляксандар Надсан, Ян Дамінік, 1970-ыя гады.Леў Гарошка выдаў дзясяткі кніжак і навуковых прац у самых розных галінах, склаў грэцка-лацінска-царкоўнаславянска-беларускі слоўнік, слоўнік беларускіх прыказак ды прымавак, які ахоплівае больш за 20 тысяч адзінак. Архімандрыт Леў Гарошка пераканаў Усходнюю Кангрэгацыю, што энцыкліка папы Пія ХІІ «Orientalis omnes» з нагоды 350-х угодкаў Берасьцейскай уніі павінна быць выдадзеная і на беларускай мове, а лацінскае слова «Rutheni» ў ёй перакладзенае, як беларусы і ўкраінцы, што стала важным момантам для таго, каб назва Беларусь пачала заваёўваць належнае яму месца ў дакументах Каталіцкай Царквы.
Памёр Леў Гарошка ў Парыжы 28 ліпеня 1977 году. Пахаваны на могілках Сэн-Панкрас у Лондане.