Галоўная
Гісторыя Царквы
У 2014 годзе спн. Галіна Флікоп-Сьвіта абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Мастацкія і іканаграфічныя асаблівасьці іканапісу грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі ХVIII – першай паловы ХIХ стагоддзя». Новая манаграфія зьяўляецца падсумаваньнем яе дзесяцігадовай навуковай працы. Яна прысьвечана вывучэньню асаблівасьцяў абсталяваньня ўнутранай прасторы ўніяцкіх храмаў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і зьяўляецца першай спробай у беларускім мастацтвазнаўстве комплекснага вывучэньня інтэр’ераў уніяцкіх храмаў. Выяўляюцца варыянты суіснаваньня іканастастаў і прысьценных алтароў у цэрквах, высьвятляюцца прычыны зьнікненьня іканастасаў у шэрагу храмаў і пераабсталяваньня іх унутранай прасторы на лацінскі лад на працягу ўсяго перыяду існаваньня Ўніяцкай Царквы ў Беларусі. Вывучаюцца асаблівасьці ўніяцкіх іканастасаў, іх канструкцыя і праграма. Дасьледуюцца спосабы афармленьня прысьценных алтароў. Прыводзяцца прыклады захаваных працэсійных алтарыкаў — фератронаў.
Выданьне мае каля 350 старонак тэксту з 700 ілюстрацыямі. У ім зьмешчаны фотаздымкі помнікаў сакральнага мастацтва, якія захоўваюцца ў дзеючых храмах, музеях і прыватных зборах, на якіх паказаныя іканастасы, алтары, абразы, скульптуры, фератроны, што зьяўляюцца каштоўнай спадчынай Уніяцкай Царквы ў Беларусі. Шэраг гэтых помнікаў раней не публікаваўся. У шэрагу подпісаў пад фотаздымкамі дасьледчыца падае ўстаноўленую ёй інфармацыю, якая не заўсёды супадае са зьвесткамі, якія раней падаваліся ў музеях, дзе захоўваюцца тыя творы сакральнага мастацтва. Акрамя таго, у канцы кнігі зьмешчаны схемы інтэр’ераў, іканастасаў і алтароў.
Гл. таксама:
Чаму мітрапаліт Павел абрынуўся на царкоўную унію?
«Веру ў Адзіную Царкву»
Як выглядае Каталіцкая Царква ў школьных падручніках
Беларуская эліта — з сем’яў уніяцкіх сьвятароў
Уніі практыкаваліся ў гісторыі практычна ўсіх Цэркваў

08.11.2021
Манаграфія пра іканастасы і алтары грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі
У выдавецтве «Беларуская навука» ў кастрычніку 2021 году, у 425-ыя ўгодкі Берасьцейскай царкоўнай уніі, выйшла ў сьвет багата ілюстраваная кніга «Іканастасы і алтары грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі XVII – першай трэці XIX ст.». Аўтар гэтай грунтоўнай мангарафіі — гісторык мастацтва Галіна Флікоп-Сьвіта, якая шмат гадоў дасьледуе рэлігійнае мастацтва і іканаграфію ўніяцкіх храмаў Беларусі. Яна зьяўляецца аўтарам больш за 50 навуковых прац.

Пры напісаньні гэтай манаграфіі дасьледчыца выкарыстала і прааналізавала шматлікія гістарычныя дакументы XVII — першай паловы XIX ст. з архіваў, музеяў і бібліятэк Беларусі, Расеі, Літвы, Польшчы, Украіны, Аўстрыі, якія асьвятляюць стан каля 2600 парафіяльных, філіяльных, манастырскіх і катэдральных грэка-каталіцкіх цэркваў былога Вялікага Княства Літоўскага. Шэраг храмаў аўтарам манаграфіі былі наведаныя асабіста ў 2012—2021 гг., у выніку чаго было праведзена натуральнае вывучэньне помнікаў сакральнага мастацтва.

Да кнігі прыкладаецца CD-дыск, на якім дадатак на 240 старонак, дзе ў выглядзе табліцы пададзены сістэматызаваныя зьвесткі пра інтэр’еры ўніяцкіх храмаў: наяўнасьць у іх іканастасаў, прысьценных алтароў, фератронаў. У гэтую табліцу ўключана каля 2600 мясцовасьцяў (прыведзены ў алфавітнай пасьлядоўнасьці), у якіх існавалі ўніяцкія храмы. Да таго ж, па некаторых храмах зьвесткі пададзеныя за некалькі розных гадоў, што дазваляе прасачыць зьмены ў інтэр’еры. Тут жа адразу прыводзіцца спасылка на архіўную крыніцу.
Выданьне прызначана для мастацтвазнаўцаў, гісторыкаў, культуролагаў, рэлігіязнаўцаў, музейных супрацоўнікаў, краязнаўцаў і ўсіх тых, хто цікавіцца беларускай культурай і айчыннай мастацкай спадчынай.
Кошт гэтага каштоўнага выданьня ў кнігарнях — 43 руб., наклад — 300 асобнікаў.
Фота: Halina Flikop.
Тэгі: унія, Грэка-Каталіцкая Царква, іканастасы, алтары, уніяцкія храмы, Галіна Флікоп-Сьвіта, сакральнае мастацтва, спадчына
Гл. таксама:
Чаму мітрапаліт Павел абрынуўся на царкоўную унію?
«Веру ў Адзіную Царкву»
Як выглядае Каталіцкая Царква ў школьных падручніках
Беларуская эліта — з сем’яў уніяцкіх сьвятароў
Уніі практыкаваліся ў гісторыі практычна ўсіх Цэркваў
Гэты артыкул чыталі 67 разоў (-ы)