Галоўная
Гісторыя Царквы
Пра гэта пасьля арганізаванай «Лятучым універсітэтам» публічнай лекцыі ўкраінскага гісторыка Леаніда Цімашэнкі «Спрэчныя праблемы Берасьцейскай уніі ў гісторыі народаў Рэчы Паспалітай», якая прайшла 28 траўня ў Менску, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» папрасіла паразважаць кандыдата гістарычных навук Алега Дзярновіча.
Гл. таксама:
Праваслаўныя беларусы — народ без сваёй Царквы
Адбылася прэзентацыя манаграфіі пра канфесійны фактар у сацыяльным разьвіцьці Беларусі
Прадстаўнік РПЦ сустрэўся з прэфектам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
Маскоўскі патрыярхат заклікае багасловаў зноў абмеркаваць “праблему уніі”
Каб стварыць беларускую царкву ў Лондане, кітаец вывучыў нашу гісторыю

04.10.2013
Алег Дзярновіч: Берасьцейская унія належыць да сьпісу «топ-тэмаў» беларускай гісторыі
Чаму Берасьцейская унія 1596 году да цяперашняга часу застаецца цікавай для беларусаў гістарычнай падзеяй, нягледзячы на тое, што сёньня колькасьць вернікаў-уніятаў у нашай краіне зусім невялікая?

Пра Берасьцейскую унію вачыма сучаснай Беларусі:
— Як гістарыяграфічная праблема Берасьцейская унія глыбока прапрацоўваецца з сярэдзіны XIX ст. Можа быць, для шырокай гістарычнай сьвядомасьці гэта не такая актуальная тэма, але ў гістарыяграфіі, калі мы пішам пра XVI—XVII стагодззі, мы ніякім чынам ня можам пазьбегнуць гэтай праблемы, у тым ліку — і ў палемічным ключы. Хоць мы спрабуем стрымана, з сьвецкіх пазіцыяў пісаць пра яе. Але дыскусійнасьці і палемічнасьці мы ня можам пазьбегнуць, бо гэтая падзея чапляе вельмі сур’ёзныя рэчы — ня толькі палітычныя і адміністрацыйныя, але пытаньні веры, Царквы. І ў той час гэта выклікала жывыя дыскусіі.
Магчыма, сёньня гэтая тэма ўжо ня будзе абмяркоўвацца, як у тыя часы, пра якія распавядаў Леанід Цімашэнка, калі адукаваныя людзі ў палемічнай літаратуры ня грэбавалі ўжываньнем абразьлівых словаў. Але, тым ня менш, праблема уніі застаецца на вастрыні гістарыяграфічных і канфесійных дыскусіяў.
І яшчэ адзін фактар, які, на жаль, мы ня можам пазьбягаць, — гэта геапалітычны. Таму што праблема уніі — гэта таксама праблема геапалітычнага расколу з пункту гледжаньня сучаснай сітуацыі. І гэты раскол падсілкоўвае, падмацоўвае, актуалізуе гэтую тэму так, што, можа быць, у плане навуковага засваеньня зьяўляецца мінусам для яе. Але актуальнасьць тэмы пры гэтым захоўваецца.
У любым выпадку, Берасьцейская унія — гэта адна з гістарыяграфічных тэмаў, пра якія многія людзі могуць выказаць свае меркаваньні паводле тых стэрэатыпаў ці комплексаў, якія ім навязаныя. Гэта адна з такіх «топ-тэмаў» гісторыі, як «чыя Вільня?» «каму належыць ВКЛ?». І многія людзі, якія чытаюць інтэрнэт і чытаюць кніжкі, могуць, безумоўна, на базе сваёй інтэлектуальнай працы і тых адукацыйных альбо ідэалагічных праграмаў, якія былі ўкладзеныя ў галовы, выказаць сваё меркаваньне і стаўленьне.
Пра адрозьненьні ў вывучэньні уніі паміж Беларусьсю ды Ўкраінай:
— Я мяркую, што, у адрозьненьне ад украінскай гістарыяграфіі, у нас тэма Берасьцейскай уніі менш глыбока прапрацаваная. Ва Ўкраіне — гэта ўсё яшчэ жывая традыцыя. Мы ведаем, што грэка-каталіцкая Царква ў Беларусі існуе, але яна зусім не дамінуе, як тое было ў мінулыя часы. Ва Ўкраіне, няхай і ў падпольлі, але грэка-каталіцкая Царква існавала ўвесь час і была моцная дыяспара, якая займалася вывучэньнем гэтай тэмы.
Там гэтая праблематыка значна лепш прапрацаваная, у тым ліку — дзякуючы інстытуцыянальнасьці. Там інстытуты дасьледаваньня царкоўнай гісторыі заўсёды існавалі ў тым ці іншым выглядзе.
Ёсьць адрозьненьні і ў гістарычным шляху. Уніяцкая Царква пры ўсіх праблемах у Беларусі замацавалася досыць рана — фактычна адразу пасьля Берасьцейскіх сабораў, з канца XVI стагоддзя.
Ва Ўкраіне яна не атрымала такой падтрымкі, у тым ліку — і сярод мясцовай шляхты. Праваслаўных япіскапаў, якія не падтрымалі унію, было толькі двое, але яны былі як раз такі з Украіны. У перыяд казаччыны на чале з украінскім нацыянальным героем Багданам Хмяльніцкім адбывалася фактычна вынішчэньне уніі.
А прыняцьце уніі ва Ўкраіне адбылося ў канцы XVII стагоддзя. І рэальна з гэтага часу пачынаецца існаваньне уніі ў нашых суседзяў. З таго моманту яна фактычна не спыняла традыцыі свайго існаваньня. Такім чынам, у нас быў раньні старт, але ў XIX стагоддзі унія татальна зьнікла пасьля таго, як на Полацкім саборы 1839 году ўніяты былі далучаныя да праваслаўнай Царквы.
Паводле: «ЕўраБеларусь».
Гл. таксама:
Праваслаўныя беларусы — народ без сваёй Царквы
Адбылася прэзентацыя манаграфіі пра канфесійны фактар у сацыяльным разьвіцьці Беларусі
Прадстаўнік РПЦ сустрэўся з прэфектам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
Маскоўскі патрыярхат заклікае багасловаў зноў абмеркаваць “праблему уніі”
Каб стварыць беларускую царкву ў Лондане, кітаец вывучыў нашу гісторыю
Гэты артыкул чыталі 206 разоў (-ы)