А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых;
каб сталіся вы сынамі Айца вашага (Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:44-45)
Беларускі грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч. Да 100-годдзя з дня нараджэньня
Пра жыцьцё і дзейнасьць першага ў XX стагоддзі беларускага грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча распавядае фільм Сяргея Раюнца.
Чэслаў Сіповіч (нар. 8 сьнежня 1914 г., в. Дзедзінка, Браслаўскі павет — памёр 4 кастрычніка 1981 г., Лондан) — беларускі рэлігійны i грамадзкі дзеяч, грэка-каталіцкі біскуп, генерал Кангрэгацыі Марыянаў, Апостальскі Візітатар беларусаў-католікаў у замежжы, доктар багаслоўя (1946), адзін з беларускіх тэарэтыкаў і прапаведнікаў экуменізму, пісьменьнік, публіцыст і перакладчык, гісторык, культуролаг.
Паходзіў з шматдзетнай сялянскай сям’i беларусаў-католікаў Вінцэнта Сіповіча i Ядвігі Тычкі.
Выхаванец Друйскага кляштару айцоў-марыянаў. Навучаўся на тэалагічным факультэце ў Папскім Грыгарыянскім ўніверсітэце ў Рыме, у Папскім Усходнім інстытуце, дзе падрыхтаваў і абараніў доктарскую дысертацыю, прысьвечаную ўніяцкаму мітрапаліту Ясону Смагажэўскаму.
Высьвячаны на сьвятара ў Рыме 16 чэрвеня 1940 году. З 1947 гооду — рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. 2 ліпеня 1960 году намінаваны тытулярным біскупам Марыямэтанскім. Хіратонія на біскупа адбылася 4 жніўня 1960 году.
Удзельнік 2-га Ватыканскага сабору (1962—1965), быў там абраны ў камісію па справах Усходніх Цэркваў. Генерал ордэну айцоў-марыянаў у Рыме (1963—1969).
Сябра Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі. Браў актыўны ўдзел у арганізацыі і дзейнасьці Ангельска-беларускага таварыства. Выступаў з рэфератамі гісторыка-культуралагічнага характару на курсах беларусазнаўства. Сябра рэдкалегіі навуковага часопісу «The Journal of Byelorussian Studies».
Ініцыятар адкрыцьця і заснавальнік Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны і музею пры ёй (травень 1971).
У перыядычным друку выступаў пад псеўданімамі Васіль Друя (В.Д-я), А.Дзедзінка (А. Дз-ка), Крывічанін і інш.