Усё мне можна, ды ня ўсё на карысьць; усё мне можна, але нішто не павінна валодаць мною.
Ежа для чэрава, а чэрава для ежы; але Бог зьнішчыць і тое і другое (Першае Пасланьне Сьв.Ап. Паўла да Карынфянаў 6:12-13)
Рэлігійны канфлікт на Берасьцейшчыне — праваслаўныя патрабуюць зьнесьці каталіцкі крыж
Рэлігійны канфлікт разгарэўся на Берасьцейшчыне. У аграгарадку Белавежскі, што ў Камянецкім раёне, частка праваслаўных патрабуе зьнесьці каталіцкі крыж.
Мясцовыя каталікі зьвярнуліся да ўладаў з просьбай усталяваць крыж яшчэ ў студзені 2014 году, але не дачакаўшыся адказу – самавольна ўсталявалі крыж на ў’езьдзе ў аграгарадок.
Крыжы праваслаўны і каталіцкі, маглі б стаяць побач нікому не замінаючы, — такое можна пабачыць па ўсёй Беларусі, — каб не сьвятар мясцовай праваслаўнай царквы, якому каталіцкі крыж не дае спакойна жыць.
Што рабіць далей з каталіцкім крыжам вырашалася на адмысловым сходзе жыхароў Белавежскага. Пасьля доўгіх спрэчак залу пакінулі прадстаўнікі каталіцкай паствы, якія адмыслова не рэагавалі на рэзкія выказваньні некаторых прадстаўнікоў праваслаўнага боку. У выніку рашэньне наконт далейшага лёсу каталіцкага крыжа будуць прымаць сьвецкія ўлады.
З 2,5 тыс. жыхароў Белавежскага супраць крыжа выступае толькі частка прыхаджанаў РПЦ. Астатнім праваслаўным вернікам пасёлку крыж зусім не замінае.
У суседнім горадзе Высокае крыжы двух канфесіяў стаяць побач шмат гадоў, і ніяк ня свараць людзей.
Спрадвеку ў Беларусі мірна жылі прадстаўнікі розных канфесіяў. І ёсьць надзея, што і ў Белавежскім агонь канфлікту будзе загашаны, а крыж ня стане яблыкам разладу.