Царква
Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе?
(Кніга Эклезіяста 7:16)
Галоўная Відэа
Вёска Баруны, Ашмянскі раён. Цудадзейны абраз
Вядомая праграма «Падарожжа дылетанта» расказвае пра адно з незвычайных месцаў нашай краіны — мястэчка Баруны Ашмянскага раёну. Гэта даўняе славутае паселішча, вядомае цудатворнай іконай Маці Божай і базыльянскім манастыром, дзе дзейнічала знакамітая базыльянская школа.

Вядоўца праграмы Юры Жыгамонт распавядае пра гісторыю Барунаў і пра цудатворны абраз Маці Божай Барунскай, які ўпершыню ўзгадваецца яшчэ ў сярэдзіне 17 стагоддзя. Першы цуд пры ім адбыўся ў 1691 годзе. Вестка пра тое, што ў Барунах у царкве ёсьць абраз маці Божай, пры якім людзі атрымліваюць цудоўныя выздараўленьні ад цяжкіх і невылечных хваробаў, разьляцелася па ўсёй Рэчы Паспалітай. У 1693 годзе сюды прыязджаў уніяцкі мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Цыпрыян Жахоўскі, каб памаліцца ля цудатворнай іконы Маці Божай.

Да нашых дзён у Барунах захаваўся адметны архітэктурны комплекс царквы сьв. апосталаў Пятра і Паўла і базыльянскага манастыра. Гэты храм будаваўся як уніяцкі і лічыцца адным з найбольш дасканалых узораў Віленскага барока. Пасьля скасаваньня Уніі яго перадалі праваслаўнаму духавенству, а ў 1922 годзе польскія ўлады перадалі храм рыма-католікам і з гэтага часу там касьцёл.

Варта таксама дадаць, што ў Барунах з 1979 году па красавік 1990 году служыў пробашчам мясцовай рыма-каталіцкай парафіі а. Ян Матусевіч, які адным з першых пачаў служыць сьвятую Імшу на беларускай мове. Ён пачаў таксама ўдзяляць хрост ва ўсходнім абрадзе маладым беларусам, якія прагнулі аднаўленьня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі і стаў дэканам БГКЦ. Фактычна тут, у Барунах, пачалося адраджэньне Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
Тэгі: Баруны, унія, базыльяне, цудадзейны абраз

Гл. таксама:
Паходжаньне герба Жыровічаў можа тлумачыцца пашырэньнем шанаваньня сьв. Язафата Кунцэвіча
Навуковая канферэнцыя з нагоды 400-годдзя служэньня манахаў-базыльянаў на беларускіх землях
Першаярарх УГКЦ: «Я з асаблівым хваляваньнем малюся тут з вамі і за вас»
Сьвяты Язафат Кунцэвіч
Як разьвіваўся беларускі біблійны пераклад?
Сістэма Orphus
Гэтае відэа глядзелі 206 разоў (-ы)