I зноў я пабачыў пад сонцам, што ня ўвішным пасьпяховы бег дастаецца, не адважным - перамога, ня мудрым - хлеб, і не ў разумных - багацьце, і ня ўмельцам - прыхільнасьць, а ад пары й нагоды залежаць яны (Кніга Эклезіяста 9:11)
Францішка Скарыну — найбольш вядомага дзеяча беларускай культуры XVI стагоддзя — у поўнай меры можна назваць чалавекам сьвету. Яго дзейнасьць ня мела межаў, як у сэньсе разнастайнасьці творчых заняткаў ды талентаў беларускага асьветніка, так і паводле геаграфіі яго падарожжаў ды сувязі з рознымі краінамі і прадстаўнікамі розных народаў.
Яго талент праяўляўся літаральна ва ўсім: беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, выдавец, перакладчык Бібліі на родную мову, пісьменьнік, філосаф-гуманіст, тэолаг, навуковец, лекар, батанік, прадпрымальнік, грамадзкі дзяяч.
Фільм Алега Лукашэвіча, створаны як частка міжнароднага арт-праекту «Дарогамі Скарыны з Белгазпрамбанкам» да 500-годдзя беларускага кнігадрукаваньня (2017). Ідэя стварэньня фільму належыць вядомаму мецэнату беларускай культуры, старшыні праўленьня Белгазпрамбанку Віктару Бабарыку.