Царква
Ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і ліхадзейнічаюць ліхадзеі ліхадзейна
(Кніга Прарока Ісаі 24:16)
"Царква", № 2 (29), 2001
Галоўная Відэа
Паходжаньне герба Жыровічаў можа тлумачыцца пашырэньнем шанаваньня сьв. Язафата Кунцэвіча
«Дзьве мужчынскія фігуры: які сюжэт адлюстраваны на гербе Жыровічаў?» — з такім дакладам выступіў кандыдат гістарычных навук Дзяніс Лісейчыкаў, намесьнік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі, на XVІ Міжнародных кнігазнаўчых чытаньнях, якія былі прымеркаваныя да 500-годдзя заснаваньня Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі.

На сучасным гербе Жыровічаў, зарэгістраваным у 2014 годзе ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь, адлюстраваны дзьве мужчынскія постаці. Аднак хто гэта і што ілюструе выява на гербе — сёньня тут існуе шэраг версіяў, з якіх найбольш пашыраныя тры.

Паводле афіцыйнай версіі сучасны герб Жыровічаў уяўляе сабой барочны шчыт, у блакітным полі якога выявы дзьвюх мужчынскіх фігур, правая — у белых вопратках, якая стаіць на каленях, левая — у чорнай вопратцы, з німбам над галавой, якая трымае ў выцягнутых руках кнігу. У ніжняй частцы герба — выява залатога меча. Як гаворыцца ў апісаньні, у гербе знайшоў адлюстраваньне зборны вобраз братоў і настаяцеляў Жыровіцкага манастыра і людзей, якіх бласлаўляюць іконай Божай Маці.

Другую версію прапанаваў у сяр. 1990-х гадоў літоўскі дасьледчык Эдмундас Рымша. Ён мяркуе, што на рэканструяванай ім выяве герба зьмешчана сцэна хрышчэньня: сьв. Ян — нябесны заступнік Яна Мялешкі, які ў 1613 годзе падараваў Жыровічы і абраз Маці Божай манахам-базыльянам, а пад укленчанай фігурай — крыж з харугвай.

Паводле трэцяй версіі, якой трымаюцца многія краязнаўцы, на выяве мы бачым сцэну перадачы ўладальнікам Жыровічаў Янам Мялешкам іконы Жыровіцкай Божай Маці Язафату Кунцэвічу. Гэта можа ілюстраваць падзею 1613 году, калі ікона і мястэчка былі падораныя базыльянам, а першым ігуменам іх тады быў Язафат Кунцэвіч.

Варта адзначыць, што з 1990-х гадоў была вядомая таксама іншая рэканструкцыя і інтэрпрэтацыя выяваў на гербе Жыровічаў вядомага беларускага геральдыста Анатоля Цітова. На прапанаванай ім рэканструкцыі герба мужчынская фігура справа мае іншы колер вопраткі (сьветла-карычневы), а перад мужчынскай фігурай, што кленчыць, ляжыць ня меч, а крыж. Гэтая рэканструкцыя выявы герба Жыровічаў Анатоля Цітова блізкая да сучаснай, афіцыйна зацьверджанай выявы герба.

Жыровічы — гэта адно з дзьвюх мястэчак у Вялікім Княстве Літоўскім, якое належала манахам-базыльянам, менавіта пры іх яно атрымала свой росквіт, вялікую славу і еўрапейскую вядомасьць. У 1652 годзе Жыровічы атрымалі Магдэбурскае права ад караля і вялікага князя Яна Казімера Вазы.

Аналізуючы прапанаваную Эдмундасам Рымшам рэканструкцыю герба Жыровічаў, зробленую паводле пячатак на выпісках з дакументаў Жыровіцкага магістрату сяр. XVIII ст., дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі па гісторыі Жыровічаў і манастыра базыльянаў, Дзяніс Лісейчыкаў прыйшоў да высновы, што на арыгінальным гербе Жыровічаў ня нейкія невядомыя манахі, як гэта падаецца ў сучасным афіцыйным апісаньні герба, а канкрэтныя гістарычныя асобы.

Паводле дасьледчыка чалавек з німбам справа на гербе хутчэй за ўсё — Язафат Кунцэвіч. Другая постаць на гербе на яго думку ілюструе не манаха з абразом Маці Божай Жыровіцкай у руках, а пакланеньне караля Рэчы Паспалітай Яна Казімера II у рыцарскіх дасьпехах перад Жыровіцкім абразом Багародзіцы напярэдадні вайсковай выправы на бітву пад Берастэчкам. Ён склаў рукі ў малітве, паклаў перад сабой на зямлю шчыт і меч, а над яго галавой трымае цудатворны абраз Маці Божай Жыровікай і бласлаўляе ім Язафат Кунцэвіч. Апошні, хутчэй за ўсё не ў манаскай вопратцы, а ва ўборы біскупа. Таксама Дзяніс Лісейчыкаў выказаў думку, што на арыгінальнай выяве герба Жыровічаў за фігурай Язафата зьмешчана эмблема Ордэну базыльянаў у выглядзе слупа полымя, якая не знайшла адлюстраваньня на сучаснай версіі герба Жыровічаў.

Вядома, што кароль Ян Казімер II быў у Жыровічах і прасіў перад цудатворным абразом заступніцтва Маці Божай. Бітва пад Берастэчкам адбылася 28–30 чэрвеня 1651 году, і перамогу ў ёй сапраўды здабыла армія Рэчы Паспалітай. Гэтую перамогу кароль і сучасьнікі лічылі ласкай, атрыманай менавіта праз заступніцтва Маці Божай Жыровіцкай.
Тэгі: Жыровічы, Маці Божая Жыровіцкая, унія, базыльяне, Жыровіцкі манастыр, Язафат Кунцэвіч

Гл. таксама:
Каб несьці сьвятло Хрыстова людзям у сьвеце
Першаярарх УГКЦ: «Я з асаблівым хваляваньнем малюся тут з вамі і за вас»
Вёска Баруны, Ашмянскі раён. Цудадзейны абраз
Полацкая трагедыя 1705 году
Адкрыцьцё Году Жыровіцкай іконы Маці Божай
Сістэма Orphus
Гэтае відэа глядзелі 42 разоў (-ы)