
Пытаньне: як ставіцца Ўніяцкая Царква да аднаполых шлюбаў? Аднаполыя шлюбы і чалавечая сэксуальнасьць
Сьвятое Пісаньне ў шэрагу месцаў вельмі выразна і адназначна адмоўна выказваецца пра гомасэксуалізм. У Старым Запавеце яно ўзгадваецца сярод грахоў, якія належыць караць сьмерцю (Лявіт 18, 22; 20, 13). Рэзка асуджае гэтую зьяву і Апостал Павел (1 Кар 6, 9-11; 1 Цім 1, 10). У Лісьце да Рымлянаў ён піша: “Таму аддаў іх Бог ганебным жарсьцям. Жанчыны іхнія замянілі натуральныя зносіны на праціўныя прыродзе. Падобна і мужчыны, кінуўшы натуральныя зносіны з жанчынай, загарэліся пажадлівасьцю адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі сорам робячы і атрымоўваючы для саміх сябе належную адплату за сваю распусту. А таму, што не імкнуліся пазнаць Бога, аддаў іх Бог бязглуздаму розуму, каб рабілі тое, што не належыцца” (Рым 1, 26-28).
Прыхільнікі аднаполых “шлюбаў” часта катэгарычна сьцьвярджаюць, што гомасэксуальная арыентацыя даецца чалавеку ад нараджэньня. А таму, маўляў, і “шлюб” паміж такімі людзьмі зьяўляецца іх натуральным правам. Такая думка не знаходзіць пацьверджаньня ў Сьвятым Пісаньні – ані ў Старым, ані ў Новым Запавеце. Апостал Павел ва ўзгаданым ужо ўрыўку з Ліста да Рымлянаў (Рым 1, 18-32) адзначае, што гомасэксуалізм – гэта наступства агульнага сапсаваньня Божага стварэньня праз грэх, нормай жа зьяўляюцца сталыя адносіны двух асобаў супрацьлеглага полу. Паўсюль у Бібліі шлюб разумеецца выключна як саюз мужчыны і жанчыны, і ні ў водным месцы няма ўзгадкі пра тое, што гэта саюз двух мужчынаў ці дзьвюх жанчынаў. З першых старонак Бібліі падкрэсьліваецца думка пра ўзаемадапаўняльнасьць полаў і патрэбнасьць мужчыны і жанчыны адзін для аднаго (і ня толькі ў інтымным плане). Варта ўзгадаць самы пачатак кнігі Быцьцё: “І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой; на вобраз Бога стварыў яго: мужчынам і жанчынай стварыў іх” (Быц 1, 27). У Евангельлі сам Хрыстос цытуе і тлумачыць гэтыя словы: “Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці, ды злучыцца з жонкаю сваёю, ды будуць двое адным целам; значыць іх ужо ня двое, але адно цела” (Мк 10, 7-8).
Чаму тады некаторыя каляцаркоўныя дзеячы падтрымліваюць аднаполыя “шлюбы”? На жаль, яны альбо кіруюцца зусім небіблійнымі поглядамі і меркаваньнямі, альбо некаторыя біблійныя тэксты спрабуюць вырваць з кантэксту і няправільна іх інтэрпрэтуюць. Так, напрыклад, зьвяртаюць увагу на тое, што Хрыстос даў наказ нам любіць адзін аднаго. Дык чаму, сьцьвярджаюць яны, нельга любіць адзін аднаго двум людзям аднаго полу? Адказ вельмі просты: Хрыстос ня меў на ўвазе плоцкую любоў (для якой у беларускай, як і ў некаторых іншых мовах ёсьць нават асобнае слова – “каханьне”). Два чалавекі аднаго полу ня толькі могуць, але і павінны імкнуцца любіць адно аднаго, але такая любоў не прадугледжвае ў хрысьціянскім разуменьні інтымных стасункаў паміж імі.
Варта таксама зьвярнуць увагу, што біблійнае асуджэньне гомасэксуалізму як зьявы і так званых аднаполых “шлюбаў” датычыць найперш тых, хто залічвае сябе да хрысьціянаў, гэта значыць да тых, хто хоча належыць да Царквы. У Царкве, якую Апостал Павел называе Целам Хрыстовым, не павінна быць ніякай недасканаласьці, а тым больш распусты, адной з формаў якой зьяўляецца гомасэксуалізм. Пры гэтым варта адзначыць, што адносіны хрысьціянаў да людзей з гомасэксуальнымі схільнасьцямі не павінны адрозьнівацца ад адносінаў да людзей з любымі іншымі грахоўнымі схільнасьцямі. Гэта значыць, асуджацца павінны гомасэксуальныя практыкі гэтых людзей (у тым ліку і імкненьне ствараць пажыцьцёвыя саюзы паміж двума мужчынамі або дзьвюма жанчынамі – так званыя аднаполыя “шлюбы”). Тыя ж людзі, якія нягледзячы на свае схільнасьці, вядуць цнатлівы лад жыцьця, альбо, змагаючыся з грахом гомасэксуалізму часамі (ці нават часта) падаюць, павінны атрымліваць падтрымку і любоў хрысьціянаў. За тых жа, хто свае гомасэксуальныя схільнасьці лічыць нормай, якую павінна прызнаць грамадзтва, і змагаецца “за правы сэкс-меншасьцяў”, хрысьціянам належыць маліцца, каб такія “дзеячы” распазналі волю Божую адносна іх сэксуальнасьці.
г. Горадня
Гл. таксама:
Беларускі грэка-каталіцкі сьвятар: насілу да веры ніхто не прыводзіць
Кардынал Каспэр: як пераадолець прорву паміж царкоўным навучаньнем пра шлюб і практыкай многіх католікаў
Добрый день. Какой вариант перевода Библии принимается в униатстве: Вульгата или Септуагинта?
Каким переводом Библии на белорусский язык пользуется Белорусская Греко-Католическая Церковь? У меня есть белорусский перевод Василия Сёмухи, но им пользуются римо-католики. Я слышал, что у греко-католиков какой-то другой перевод. С уважением.
Фота з сямейнага архіву беларускага грэка-каталіцкага сьвятара Баляслава Пачопкі
Гэты адказ чыталі 803 разоў (-ы)