

14 кастрычніка 2007 г. адбылося храмавае сьвята грэка‐каталіцкай парафіі Покрыва Насьвяцейшай Багародзіцы ў
Карагандзе. Сьвяточную Боскую Літургію ўзначаліў а. Сьцяпан Угрын, адміністратар храму сьвятога Язэпа г. Астана (які шмат разоў удзельнічаў у душпастырскіх ініцыятывах у Беларусі). Разам з ім саслужылі а. Яраслаў Галаўчук (Паўладар), а. Алег Пігій (Караганда), а. Уладзімір Грыдын, а. Валеры Ерміш (Балхаш). Настаяцель храму протаярэй Васіль Гавера ў гэты дзень браў удзел у асьвячэньні новазбудаванага храму ў Новакузьнецку (Расея).
Разьдзяліць радасьць сьвята прыбылі шматлікія вернікі з рыма‐каталіцкіх парафіяў, семінарысты Вышэйшай духоўнай
семінарыі г. Караганда, а таксама ўкраінская грэка‐каталіцкая супольнасьць г. Астана. Сьвяточную Боскую Літургію сьпяваў маладзёвы хор Пакроўскай царквы. Багаслужэньне скончылася асьвячэньнем вады, па заканчэньні якога ўсіх парафіянаў і гасьцей у двары царквы частавалі сапраўдным казахскім пловам ды паілі гарбатай.
А напрыканцы адбылася сустрэча грэка‐каталіцкай і рыма‐каталіцкай моладзі. Усіх удзельнікаў сустрэчы віталі а. Алег Пігій, с. Міхаліна Гарнакевіч СНДМ, якія разам з групай мясцовай моладзі былі яе ініцыятарамі.