

Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча
Айцу Аляксандру Надсану,
Апостальскаму візітатару
для беларусаў-католікаў у замежжы
Глыбокапаважаны айцец Аляксандр!
«Любоў Бога Айца, ласка Пана нашага Езуса Хрыста і дар еднасьці ў Духу Сьвятым няхай будуць з вамі...»
Гэтымі словамі сьвятога апостала Паўла шчыра вітаю Вас і віншую з 80-годдзем з дня Вашага нараджэньня, а таксама з залатым юбілеем сьвятарства. Свае пажаданьні дасылаю з далёкага Лос-Анджэлесу ў Злучаных Штатах Амерыкі, дзе прымаю ўдзел у Кангрэсе Божай Міласэрнасьці.
«Кожны сьвятар, якога выбіраюць з людзей, прызначаны для людзей» (пар. Габр 5, 1),– кажа Апостал Народаў.
Гэтая праўда вельмі добра праявілася ў Вашым сьвятарскім жыцьці. Узяты з Беларусі, Вы, знаходзячыся далёка ад Радзімы – у Лондане, у Англіі,– сэрцам, душой і практычнай дзейнасьцю служылі і надалей служыце нашай супольнай Бацькаўшчыне. Вас добра ведаюць як у Вялікабрытаніі, так і ў Беларусі. Вас ведаюць як адданага Богу, Касьцёлу і Радзіме сьвятара, навуковага дасьледчыка і грамадзкага дзеяча.
50 гадоў сьвятарства – гэта 50 гадоў служэньня Касьцёлу і людзям. Колькі сьвятых Імшаў, споведзяў і іншых сакрамэнтаў, колькі казаньняў, колькі касьцёльнай і чыста чалавечай паслугі было за гэты час! Толькі адзін Бог ведае! Сваім служэньнем Вы настойліва выконвалі тры галоўныя абавязкі сьвятара – абвяшчалі Божае слова, асьвячалі людзей і, у любові служачы, кіравалі імі, каб такім чынам будаваць хрысьціянскую супольнасьць.
З нагоды юбілеяў 80-годдзя Вашага жыцьця і 50-годдзя сьвятарства, якія Вы сьвяткуеце ва ўрачыстасьць Хрыста Валадара Сусьвету ў касьцёле сьвятых Сымона і Алены ў Мінску, ад усяго сэрца жадаю Вам, найдастойнейшы Юбіляр, многіх Божых ласкаў, добрага здароўя, Божага благаслаўленьня і посьпехаў у Вашай дзейнасьці, каб дзякуючы ёй як мага больш людзей пазналі праўду Божую і дасягнулі вечнага шчасьця ў Валадарстве Езуса Хрыста.
Многая лета!
З павагай і благаслаўленьнем