

Сенат Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні прыняў рашэньне аб прысуджэньні ганаровага званьня Doctor Honoris Causa а. Аляксандру Надсану, апостальскаму Візітатару для беларусаў-католікаў у замежжы.
Гэтым ганаровым тытулам Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт выказаў «высокую ацэнку навуковых дасьледаваньняў айца Аляксандра ў галіне гісторыі Беларусі і гісторыі хрысьціянства, а таксама належным чынам ацаніўшы ягоны ўнёсак у разьвіцьцё беларускай культуры і пашырэньня ведаў пра Беларусь у сьвеце», паведамляе сайт навучальнай установы.
Цырымонія ўзнагароджаньня прайшла на адкрытым паседжаньні Сенату ЕГУ 27 лістапада 2008 г., у Вільні. Айцец Аляксандар Надсан выступіў з публічнай лекцыяй «Францішак Скарына: еўрапеец у еўрапейскім горадзе».
На цырымоніі было мноства людзей, а пасьля яе да айца Аляксандра доўга нельга было падступіцца, бо студэнты набывалі кнігі і бралі аўтографы.
На фота:
27.11.2008. Вільня. Узнагароджаньне а. Аляксандра Надсана ў ЕГУ.