

Сёлетняе сьвяткаваньне парафіяльнага сьвята рыма-каталіцкай парафіі
ў Маларыце, названай у гонар Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы, напэўна,
запомніцца надоўга, бо было яно адметнае некалькамі нештодзённымі падзеямі. 26 сакавіка 2007 году, у дзень, калі рыма-католікі адзначалі сьвята Дабравешчаньня, да агульнахрысьціянскай духоўнай радасьці вернікаў з нагоды атрыманьня Дзевай Марыяй весткі ад Бога пра тое, што яна хутка народзіць Збаўцу сьвету, дадалася і зямная радасьць: нарэшце ў гэтай маладой і яшчэ невялікай парафіі будзе свой сталы душпастыр. Для таго, каб больш урачыста адзначыць гэтыя падзеі, у Маларыту для дапамогі ў арганізацыі царкоўнага сьпеву запрасілі берасьцейскіх грэка-католікаў. І гэта стала яшчэ адной адметнай падзеяй, пры чым ня толькі для мясцовых вернікаў. У рэлігійным жыцьці Беларусі яшчэ няшмат фактаў, калі грэка-католікі дапамагаюць сваім братам лацінскага абраду – звычайна бывае наадварот. Урачыстую імшу з нагоды сьвята Дабравешчаньня і цырымоніі ўвядзеньня на пасаду пробашча рыма-каталіцкай парафіі ў Маларыце кс.Эдуарда Мігая ўзначальваў дэкан кс. Тадэвуш Альшэўскі з Берасьця, які ўручыў маладому сьвятару ключы ад капліцы. Для сумеснай падзячнай малітвы ля алтара ў гэты дзень сабраліся яшчэ тры ксяндзы рыма-каталіцкага дэканату (кс. Павел Халяўкін – пробашч з парафіі ў Чарнаўчыцах Берасьцейскага р-ну, які апякуецца таксама парафіяй у Пелішчах Камянецкага р-ну, кс. Ян Васілеўскі, які апякуецца парафіямі ў Камянцы і Высокім Камянецкага р-ну, кс. Чэслаў Ёйка з Кобрыня), а таксама грэка-каталіцкі сьвятар а. Ігар Кандрацьеў – парах парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці, душпастыр грэка-католікаў Берасьцейскай вобласьці. На сьвята прыехала таксама шмат гасьцей з суседніх парафіяў – моладзь, прадстаўнікі розных супольнасьцяў, манахіні кармяліткі і шарыткі з Берасьця, Кобрыня, Бярозы. Прыемнай нечакансьцю для маларыцкіх вернікаў і шматлікіх гасьцей стаў той факт, што песьні перад імшой і сьпевы лацінскай сьв. Імшы выконваў хор берасьцейскіх грэка-католікаў з харызматычнай супольнасьці “Марана-ата”. (Трэба адзначыць, што музычная група супольнасьці “Маран-ата” незадоўга да гэтага ўжо выконвала музычнае служэньне для рыма-каталіцкай моладзі ў Берасьці падчас велікапоснага рэкалекцыйнага спатканьня). Усяго ж на сьвята да маларыцкіх рыма-католікаў прыехала каля 20 грэка-католікаў. Душпастыр берасьцейскіх грэка-католікаў а. Ігар Кандрацьеў меў казаньне з нагоды сьвята Дабравешчаньня. Вячэра любові была заключнай часткай урачыстасьцяў у Маларыце. Яна зьнішчыла ўсе нашыя абрадавыя адрозьненьні ў выяўленьні падзякі Богу і Яго Маці за радасьць размовы з Богам і ў Богу паміж людзьмі. Вольга ГРАСЬКОВА г.Берасьце На фота: 26.03.2007. Хор берасьцейскіх грэка-католікаў сьпявае падчас сьвята
рыма-каталіцкай парафіі ў Маларыце.