

Вадою i духам
5 студзеня 2007 году ў грэка-каталiцкай парафii Хрыста Чалавекалюбцы, што ў Маладэчна, адбылося асьвячэньне iканастасу. Iконы для iканастасу i алтарную фрэску Ўваскрасеньня Хрыстова напiсаў iканапiсец з Вiцебску сп. Мiхась Кускоў. На сьвяце прысутнiчалi каталiкi абодвух абрадаў, як сярод духавенства, так i сярод вернiкаў.
Боскую Лiтургiю ўзначальваў Архiмандрыт Сяргей (Гаек). Яму саслужылi новапрасьвiтары а.Андрэй Буйнiч i а. Аляксандр Шаўцоў, душпастыр парафii ў Маладэчна а. Андрэй Абламейка i дыякан Яўген Усошын. Разьдзялiць радасьць гэтага сьвята прыйшлi таксама мясцовы рыма-каталiцкi дэкан Эдмунд Даўгiловiч i манах-капуцын айцец Тадэвуш. Мясцовыя парафiяне сустракалi Архiмандрыта Сяргея i паважаных гасьцей калядкамi i тэатралiзаванай пастаноўкай. Пасьля багаслужбы адбылося асьвячэньне куцьцi. Усе прысутныя змаглi пачаставацца хлебам з мёдам ды традыцыйнай куцьцёй.
Паводле словаў айца А.Абламейкi маладачанская парафiя доўга чакала гэтай падзеi: "З iканастасам нават служыцца па-iншаму. Ствараецца ўражаньне большай сакральнасьцi. Тое, што тут зьявiўся iканастас, ёсьць сапраўдным пацьверджаньнем, што нашая парафiя жыве, у тым лiку i вашымi малiтвамi".
Будзем жа разам малiцца за нашыя беларускiя грэка-каталiцкiя парафii, за iх разьвiцьцё i за тых, што там служаць.
Вiнцук Цiшко г.Маладэчна
На фота справа: УВАСКРАСЕНЬНЕ ХРЫСТОВА. Алтарная фрэска ў грэка-каталіцкай капліцы Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладэчна (Іканапісец - Міхась Кускоў, 2006 г.).