«Люблю прыказаньні Твае, Госпадзе!» 7 ліпеня 2015 году вырушыла пілігрымка з Віцебску ў Полацак, якую штогод ладзіць Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква. За 5 дзён, з 7 па 11 ліпеня, удзельнікі пілігрымкі пройдуць каля 110 км.
05.07.2015
Парафіяльны фэст у грэка-католікаў Берасьця 27-28 чэрвеня 2015 году берасьцейскія грэка-католікі адзначалі сваё парафіяльнае сьвята ў гонар братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, апекуноў хрысьціянскага Захаду і Ўсходу.
20.06.2015
Беларускія грэка-каталікі маюць новага сьвятара Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква мае яшчэ аднаго сьвятара — айца Аляксея Філіпенку. У мінулую нядзелю ў Кастамлотах сьвятарскае пасьвячэньне на просьбу Апостальскага Візітатара для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека ўдзяліў дапаможны біскуп Перамышальска-Варшаўскай архіяпархіі Яўген Паповіч.
05.06.2015
За прымірэньне паміж хрысьціянамі і народамі Прадстаўнік Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы архім. Сяргей Гаек, а таксама расейскі грэка-каталіцкі сьвятар з Санкт-Пецярбургу а. Кірыла Міронаў прынялі ўдзел у працы міжканфесійнай духоўнай канферэнцыі, прысьвечанай прымірэньню хрысьціянаў і міру паміж народамі «Kairos-2015», якая адбылася 30-31 траўня 2015 году ў Бары (Італія).
28.04.2015
Яна абараняла беларускасьць і вучыла любіць Бацькаўшчыну 22 красавіка 2015 году ў грэка-каталіцкай царкве ў Берасьці прайшло адпяваньне і грамадзкае разьвітаньне з Марыяй Лукашук — маці дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука.
25.04.2015
Верш у памяць а. Аляксандра Надсана Беларускі паэт, празаік і перакладчык Віктар Шніп напісаў верш з нагоды адыходу ў вечнасьць а. Аляксандра Надсана.
23.04.2015
Лекцыя ў Маладэчна па гісторыі Ўніяцкай Царквы У нядзелю, 26 красавіка 2015 году, у Маладэчна адбудзецца публічная лекцыя Дзяніса Лісейчыкава «Уніяцкая Царква ў Беларусі 1596-1839 гг.: міфы, штампы, стэрэатыпы».
22.04.2015
Памёр марыянін, які дапамагаў БГКЦ 20 красавіка 2015 году ў Лондане на 51-ым годзе жыцьця раптоўна памёр польскі марыянін а. Пётра Смалінскі, які шмат дапамагаў беларускім грэка-католікам.
20.04.2015
Грэка-каталіцкі сьвятар: Айцец Надсан быў аўтарытэтам і для беларусаў па-за Царквой Беларуская супольнасьць сьвету 29 красавіка ў Лондане разьвітаецца з а. Аляксандрам Надсанам, Апостальскім візітатарам каталікоў усходняга абраду на эміграцыі, адным з духоўных лідараў беларусаў сьвету. Асэнсаваць маштаб асобы а. Надсана карэспандэнт КРЫНІЦЫ.INFO паспрабавала ў гутарцы са сьвятаром грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні а. Андрэем Кратом.
18.04.2015
Народжаны для Неба «Калі даведаўся, што памёр айцец Аляксандар Надсан, напэўна, павінен быў смуткаваць», — піша грэка-каталіцкі сьвятар з Горадні а. Андрэй Крот.
Увечары, 15 красавіка 2015 году, у Лондане на 89-м годзе жыцьця памёр а. Аляксандар Надсан, Апостальскі Візітатар для беларсаў-католікаў у замежжы.
Айцец Аляксандар Надсан.Гэтую сумную навіну паведаміў беларускі грэка-каталіцкі сьвятар з Лондану а. Сяргей Стасевіч, які напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Сёньня Бог забраў да сябе нашага айца Аляксандра. Гэта здарылася а 22.20 у шпіталі Барнэту (Лондан), куды ён быў узяты на лячэньне ў гэты панядзелак у выніку разьвіцьця хваробы нырак. З восені мінулага году айцец цяжка хварэў. Яму было 88 гадоў. Вечная памяць».
У інтэрв’ю з гэтай нагоды для Радыё Свабода канцлер Курыі Апостальскай візітатуры БГКЦ айцец Яўген Усошын з Менску сказаў: «Аляксандар Надсан упершыню ў Беларусі адкрыта і публічна — пасьля доўгага перапынку — адслужыў першую грэка-каталіцкую службу на Кальварыі ў Менску. Якраз у гэтым сакавіку мы адзначалі 25 гадоў ад моманту тае службы. Гэткім чынам, айцец Аляксандар прынёс свабоду нашай Царкве тут, у Беларусі.
Ён шмат зрабіў, каб мы маглі маліцца па-беларуску. Сваімі перакладамі, а таксама сваім унёскам у фармаваньне і дзейнасьць беларускай Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане. Гэта вялікая справа ня толькі для нашай Царквы, але і для ўсёй Беларусі — для яе гістарычнай, навуковай і культурнай спадчыны, для яе захаваньня, распаўсюджваньня і пашырэньня».
Сьвятар адзначыў таксама вялікія заслугі а. Аляксандра Надсана ў справе дабрачыннасьці. Многія годы ён зьбіраў і прывозіў у розныя куткі Беларусі лекі і разнастайную гуманітарную дапамогу людзям. «Ягоны ўнёсак у справу дапамогі сваім суайчыньнікам велізарны, бо ён таксама шмат займаўся дабрачыннасьцю ў чарнобыльскіх праграмах. І гэта сапраўды вельмі значная асоба ня толькі для нашай Царквы, але і для ўсёй Беларусі», — сказаў айцец Яўген Усошын.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ў інтэрв’ю Радыё Свабода заявіла, што «сьмерць айца Надсана — гэта вялікая страта для нацыянальнага руху і для Беларусі. Гэтага сьветлага чалавека будзе не хапаць усім, у каго сэрца баліць за нашу Бацькаўшчыну».
У Менску, 17 красавіка, а гадз. 18.30, у грэка-каталіцкім душпастырскім цэнтры сьв. Язэпа на вул. Арджанікідзэ, 6 будзе адслужана паніхіда за супакой душы спачылага а. Аляксандра Надсана.
Таксама і ва ўсіх парафіях БГКЦ у бліжэйшыя дні вернікі будуць маліцца за спачын душы айца Аляксандра Надсана.
***
Аляксандар Надсан(да эміграцыі — Аляксандар Бочка) — беларускі грэка-каталіцкі сьвятар, гісторык Царквы і перакладчык літургічных тэкстаў, вядомы грамадзкі дзеяч беларускага замежжа, Апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы.
Нарадзіўся 8 жніўня 1926 году ў м. Гарадзея, што сёньня ў Нясвіжскім раёне Менскай вобласьці. Быў хрышчаны ў праваслаўнай царкве. Бацька і маці ягоныя былі настаўнікамі. Вучыўся ў гімназіі ў Баранавічах, а пасьля — ў Гарадзеі, дзе была сярэдняя школа. З дзяцінства размаўляў з маці па-французску. У неспрыяльныя часы нямецкай акупацыі скончыў беларускую настаўніцкую семінарыю ў Нясьвіжы, дзе вучыўся, як і ягоны бацька, на настаўніка матэматыкі.
З восені 1944 году ваяваў у арміі Андэрса, у 2-м Польскім корпусе ў Італіі, дзе браў удзел у баявых дзеяньнях і быў паранены. Разам з многімі беларусамі, якія ваявалі ў арміі Андэрса, у 1946 годзе апынуўся ў Англіі. Там пад уплывам беларускіх грэка-каталіцкіх сьвятароў Чэслава Сіповіча і Льва Гарошкі далучыўся да Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Стаў адным з заснавальнікаў і актывістаў Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі. Рэдагаваў часопісы «Беларус на чужыне» і «На шляху», браў удзел у дзейнасьці беларускага хрысьціянскага акадэмічнага таварыства «Рунь» і Беларускага народнага незалежнага хрысьціянскага руху. Актыўна супрацоўнічаў з найбуйнейшым беларускім духоўным асяродкам на Захадзе — Беларускай каталіцкай місіяй у Лондане — ад часу яе ўтварэньня ў 1947 годзе. Скончыў матэматычны факультэт Лонданскага ўніверсітэту.
Айцец Аляксандар Надсан у Вялікі пост 2014 году (фота М. Пачкаева).Увосень 1953 году паехаў вучыцца ў Грэцкую калегію ў Рыме. 23 лістапада 1958 году ў Рыме ў царкве сьв. Апанаса Вялікага ў Грэцкай калегіі быў рукапакладзены на грэка-каталіцкага сьвятара. У ліпені 1959 году вярнуўся ў Вялікабрытанію. Працаваў выкладчыкам матэматыкі ў Нотынгеме і ажыцьцяўляў душпастырскую дзейнасьць у Цэнтральнай і Паўночнай Англіі. У 1966-1975 гг. кіраваў школай-інтэрнатам імя Кірылы Тураўскага пры Беларускай Каталіцкай Місіі ў Лондане.
Ад 1971 году кіраваў Беларускай бібліятэкай-музеем імя Ф. Скарыны, якая мае вялізны навуковы фонд па беларусазнаўстве — каля 40 тысяч тамоў кніг і перыядычных выданьняў, сярод якіх ёсьць старадрукі і рэдкія выданьні. Айцец Аляксандар Надсан спрычыніўся таксама да заснаваньня Англа-беларускага таварыства, чытаў культуразнаўчыя лекцыі, друкаваўся у перыядычных выданьнях, перадусім у «Journal of Byelorussian Studies» і ў беларускім рэлігійным часопісе «Божым шляхам».
З 1981 году стаў кіраўніком Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане. 30 чэрвеня 1986 году быў прызначаны на пасаду Апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў у замежжы. Стваральнік і кіраўнік Камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі.
Айцец Аляксандар Надсан — перакладчык літургічных тэкстаў візантыйскай традыцыі на беларускую мову, дасьледчык твораў сьв. Кірылы Тураўскага і Францішка Скарыны, а таксама аўтар шматлікіх публікацыяў з гісторыі беларускай Царквы і культуры. Ганаровы доктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні.
Пра а. Аляксандра Надсана гл. таксама размову з ім у рэдакцыі газеты «Царква»: