Сьвята Еднасьці пад апекай Маці Божай Берасьцейскай З малітвы ля цудатворнай іконы Маці Божай Берасьцейскай 30 чэрвеня 2012 году распачаліся сёлета парафіяльныя ўрачыстасьці грэка-каталіцкай парафіі братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці.
03.07.2012
Грамадзянін Вялікага Княства Любові Раніцай, 2 ліпеня 2012 году, у шпіталі ў Вільні заўчасна памёр Сяргей Вітушка — гісіторык, настаўнік і журналіст. Ён быў кіраўніком легендарнай менскай “Талакі” — адной з першых незалежніцкіх арганізацый беларускай моладзі ў 1985-1990 гг.
02.07.2012
Сьвяты Пасад падтрымлівае імкненьне да свабоды і справядлівасьці ў Беларусі 29 чэрвеня 2012 году ў Менску адбыўся прыём з нагоды 7-х угодкаў Пантыфікату і 85-годдзя з дня нараджэньня Сьвятога Айца Бенядыкта XVI. На ім прадстаўнік Сьвятога Пасаду ў Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці запэўніў беларускі народ у падтрымцы беларускай культуры і ў імкненьні да ўмацаваньня прынцыпаў свабоды і справядлівасьці ў нашай краіне.
29.06.2012
Беларускі дыякан у супольнасьці рэдэмптарыстаў візантыйскага абраду
Нядзеля, 24 чэрвеня 2012 году, калі манахі-рэдэмптарысты і ўсе грэка-католікі Ўкраіны разам з сьвятам Хрыста Чалавекалюбцы ўшаноўваюць цудатворны абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі, стала асаблівым днём для беларускага манаха-рэдэмптарыста Зьмітра Чарнеля. У гэты дзень у Львове грэка-католік з Беларусі брат Зьміцер Чарнель атрымаў дыяканскія сьвячаньні.
26.06.2012
Навіны з Ватыкану ў эфіры Беларускага радыё
Навіны з Ватыкану цяпер можна пачуць у эфіры Беларускага радыё — паведамляе прэс-служба Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі. Кожную нядзелю ў 8.55 на хвалях Першага нацыянальнага канала цяпер гучыць выпуск навін, падрыхтаваны Беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё. У ім гаворыцца пра падзеі, што адбываліся на працягу тыдня ў Сьвятым Пасадзе і Царкве ў Беларусі.
26.06.2012
Хто вучыў наваградзкага ўладыку Гурыя?
Вядомы беларускі гісторык і публіцыст Анатоль Сідарэвіч падзяліўся сваімі думкамі і ўражаньнямі ад інтэрв’ю праваслаўнага архіяпіскапа Наваградзкага і Лідзкага Гурыя афіцыйнаму сайту ўласнай япархіі, у якім той крытыкуе прыхільнікаў ювенальнай юстыцыі, што “спрыяе разбурэньню сям’і і дзяржаўнасьці”, абураецца з прычыны беззаконя і маральнага заняпаду сям’і на Захадзе ды плаўна пераходзіць на тэму Уніі ў сучаснай Беларусі. Ніжэй прапануем гэтыя раважаньні Анатоля Сідарэвіча.
23.06.2012
Працоўны дакумент пра спосабы і інструменты новай евангелізацыі
У Ватыкане 19 чэрвеня 2012 году быў апублікаваны працоўны дакумент (Instrumentum Laboris) Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі. Сінод, прысьвечаны новай евангелізацыі, пройдзе ў Ватыкане 7-28 кастрычніка 2012 году, паведамляе Ватыканскае радыё.
05.06.2012
Прэзентацыя кнігі пра ўніяцтва на Лідчыне
У Гарадзенскай абласной бібліятэцы iмя Я.Карскага 30 траўня 2012 году адбылася прэзентацыя кнігі лідзкага краязнаўцы Леаніда Лаўрэша “Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне”. У сваёй кнізе краязнаўца знаёміць чытача з унікальнымі фактамі лакальнай гісторыі, прыводзіць невядомыя шырокаму колу цікавыя дакументы і сьведчаньні сучасьнікаў.
01.06.2012
Пад Тайшэтам ушанавалі памяць айцоў Цікоты і Станкевіча 22-23 траўня 2012 году на былых лагерных могілках у Сібіры, дзе знайшлі свой апошні прытулак выдатныя беларускія каталіцкія сьвятары Андрэй Цікота і Адам Станкевіч, паўсталі памятныя крыжы. Як паведаміла Радыё Свабода, у абедзьвюх акцыях узялі ўдзел беларускі гісторык, доктар Юры Гарбінскі і беларускі каталіцкі сьвятар, манах-марыянін Вячаслаў Пялінак, віцэ-пастулятар беатыфікацыйных працэсаў архімандрытаў з Ордэну Марыянаў Андрэя Цікоты і Фабіяна Абрантовіча, якія служылі ва ўсходнім абрадзе.
31.05.2012
Ці існуе ў Беларусі антыхрысьціянскае лобі?
Загадчык катэдры рэлігіязнаўства Інстытуту тэалогіі БДУ прафесар Андрэй Данілаў у інтэрв’ю для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё разважае пра грамадзкую сітуацыю, якая склалася пасьля прыняцьця беларускім парламентам шэрагу неадназначных законапраектаў, супраць якіх выступіла як кіраўніцтва Беларускага Экзархату Расейскай Праваслаўнай
Царквы, так і прадстаўнікі Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Ніжэй прапануем гэты матэрыял.
Кожны з нас адказны за рэалізацыю чалавечай годнасьці ва ўласным жыцьці
Разважаньнем пра Царкву, пра яе розныя вымярэньні, пра асобу чалавека, які ёсьць храм Бога Жывога, а таксама пра незьнішчальнасьць Хрыстовай Царквы падзяліўся Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскуп Цырыл Васіль у сваім казаньні 9 траўня 2012 году ў менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены.Руіны храма ў Белай Царкве.
Ніжэй прапануем тэкст казаньня ватыканскага ярарха, каб яшчэ раз задумацца і паразважаць над ім, што ёсьць Царква.
КАЗАНЬНЕ Высокадастойнага Архібіскупа Кірылы (Васіля) падчас сьвятой Імшы ў Менску, 9 траўня 2012 году, у касьцёле сьвятых Сымона і Алены
Некаторы час таму, у сутарэньнях гэтага храму, мы адчынілі выставу прысьвечаную “ўніяцкай”
сакральнай архітэктуры, абазначыўшы гэтым гістарычным тэрмінам перыяд станаўлення і росквіту Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Выявы гэтых цэркваў, старажытных або новых, узьведзеных ці зруйнаваных, адноўленых, зьмененых і рэстаўраваных – усё гэта прымушае нас задумацца над глыбокай ня толькі практычнай повязьзю, але таксама і духоўнай, псіхалагічнай, сымбалічнай, што існуе паміж будынкам, прызначаным для богаслужэньня, і самім богаслужэньнем, паміж месцам, дзе зьбіраецца хрысьціянская супольнасьць, і самой супольнасьцю. Гэтае разважаньне яшчэ больш натхняецца тым фактам, што мы знаходзімся ў такім прыгожым і важным для каталіцкай прысутнасьці ў гэтым горадзе храме – у касьцёле сьвятых Сымона і Алены, які называецца таксама Чырвоным касьцёлам. Гэты храм ёсьць адным з сымбаляў і помнікаў горада Менску, а таксама і ўсёй каталіцкай супольнасьці беларускага народу. Праз факт, што пад адным дахам суіснуюць дзьве каталіцкія грамады – больш колькасная лацінскага абраду, а таксама і грэка-каталіцкая, гэта набывае
глыбокай духоўнай вартасьці як знак братэрскай гасьціннасьці з боку больш моцнай у адносінах да той, што ў гэтым моманце здаецца слабейшай, як таксама і праз сымбалічную і гістарычную лучнасьць. Грэка-каталіцкая супольнасьць тут зьбіраецца ў ніжнім храме і праз гэта ёсьць менш бачная, але адназначна бліжэйшая да асноваў. Напраўду, гэтая Царква злучана з глыбокім карэньнем нацыянальнай і духоўнай ідэнтычнасьці Беларусі, яе паўстаньне зьвязана з нараджэньем ідэі Еднасьці Цэркваў, з Уніяй, што паўстала ўласна на гэтых землях, якая ў тую эпоху, у момант ейнага падпісаньня ў Берасьці, успрымалася ў добрай веры як найлепшы спосаб для пераадоленьня трагічнага падзелу хрысьціянства. У некаторых мовах, для прыкладу, у італійскай, тое самае слова “chiesa”, царква – азначае як будынак, так і інстытуцыю. Гэта актуальна для царкоўнаславянскай мовы і беларускай – “церковь”, “царква”.
Гэтаксама і ў іншых мовах, для прыкладу, тэрмін “kosciol” – у польскай. Пабудова, рэканструкцыя, аднаўленьне і вяртаньне цэркваў ёсьць адным з найбольш бачных і вымоўных элементаў аднаўленьня духоўнага жыцьця, царкоўнай дзейнасьці. Маем тут на ўвазе архітэктуру і пабудову цэркваў з каменю, аднак нашмат больш нас цікавіць пабудова той асаблівай Царквы, што абазначаецца як частка Народу Божага. Гэта пабудова пачынаецца, калі ўзгадваем словы сьвятога Паўла: “Вы – храм (царква) Бога Жывога”. У гэтым сэньсе кожная чалавечая істота заслугоўвае на ўласную, непараўнальную ні з чым годнасьць, годнасьць месца, у якім аб’яўляецца Бог, бо, сапраўды, кожны чалавек носіць у сабе вобраз і падабенства Божае. Бачым, такім чынам, што нашае разважаньне можа весьці нас ад самых фармальных, зьнешніх, універсальных і інстытуцыянальных паняцьцяў аж да найбольш індывідуальных, асабістых, унутраных.
Гэта дазваляе нам весьці размову пра розныя вымярэньні Царквы:
- Царква як містычнае Цела Хрыста; - Царква як мясцовая супольнасьць, г. зн., памесная Царква, сфармаваная на ўзор універсальнай Царквы, у якой і праз якую існуе Царква Паўсюдная, адна і адзіная (Lumen Gentium 23); - Царква як будынак, прызначаны для богаслужэньня; - Царква як супольнасьць верных; - Царква, якая ўцелаўляецца ў сямейнай царкве (ecclesia domestica) праз жыцьцё сям’і, якая жыве хрысьціянскімі каштоўнасьцямі, аж да асобнага чалавека, які ўспрымаецца як храм Сьвятога Духа. І ўсе мы пакліканы да будаваньня Царквы, дзеючы на кожным з вышэй названых
узроўняў, канешне, у меру ўласных кампетэнцый і ўласных магчымасьцяў. Дазвольце мне зрабіць зараз акцэнт (пачынаючы з канца вышэйназванага сьпісу) на вымярэньне, што яднае ўсіх нас – на годнасьць кожнага чалавека, якога бачым і якога ўшаноўваем як храм Сьвятога Духа, як месца Эпіфаніі. Кожны з нас адказны за рэалізацыю чалавечай годнасьці ва ўласным жыцьці і ў сваіх адносінах з бліжнімі. Гэта дазваляе расьці павазе да чалавечай годнасьці, да неад’емных правоў чалавека, які ўспрымаецца як Божы твор і праз гэта ёсьць непарушны і недатыкальны ў сваёй годнасьці. Усё гэта заслугоўвае павагі, заслугоўвае і здабывае пахвалу перад Госпадам. Час са сваімі выпрабаваньнямі спраўдзіць нашыя высілкі ў гэтым накірунку, спраўдзяць нашае жаданьне і здольнасьць будаваць на трывалых асновах. Сьвяты Павел у сваім Пасланьні да Карынцянаў выказвае гэта ў яснай і моцнай форме: “Мы – Божыя супрацоўнікі, а вы ёсьць Божая ніва, Божы будынак. Паводле атрыманай ласкі я, як мудры дойлід заклаў падмурак; нехта іншы на ім будуе. Але кожны няхай будзе ўважлівы, як будуе. Сапраўды, ніхто ня можа пакласьці іншага падмурку ад пакладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос. І калі, нехта на гэтым падмурку будуе з золата, ці з срэбра, ці з дарагіх камянёў, ці з дрэва, ці з сена, ці з саломы, – праца кожнага выявіцца; дзень бо Гасподні пакажа, бо ў агні выявіцца, і праца кожнага, якая ёсьць, будзе выпрабавана агнём. Той, чыя праца выстаіць, атрымае ўзнагароду, а калі чыя праца згарыць, будзе мець шкоду; сам, аднак, будзе збаўлены, але так, быццам праз агонь. Ці ж вы ня ведаеце, што вы – храм Божы, што Дух Свьяты жыве ў вас? Калі нехта зьнішчыць храм Божы, таго зьнішчыць Бог, бо храм Божы – сьвяты, і гэта ёсьць вы” (1 Кар 3, 9-17). Вось жа, Ісус Хрыстос, адзіны падмурак, адзіны ключ для разуменьня чалавечага жыцьця, жыцьця цэлага чалавецтва, нашых жыцьцяў. У гэтым ёсьць логіка Царквы, калі яна абвяшчае годнасьць і сакральнасьць чалавека. Нехта можа сказаць, што патрабаваньне, прадстаўленае на такім высокім маральным узроўні нерэалістычнае, цяжкае для ажыцьцяўленьня, асабліва, бачачы матэрыяльную слабасьць зьнешніх сродкаў, даступных Царкве. Адзін дыктатар і перасьледавальнік Царквы неяк з іроніяй і зьнявагай спытаў: “А сколько у неё танковых дивизий?” Думаў зьнішчыць яе, выкарастаць для сваіх мэтаў. І ў пэўным сэньсе меў усё неабходнае, каб гэта зрабіць, і рабіў гэта з непараўнальнай жорсткасьцю. Але, нягледзячы на гэта, яму не ўдалося выкараніць Бога з сэрцаў нават ягоных “подданных”. Чаму? Папросту таму, што Царкву ня можна зьнішчыць,
таму што яна пабудавана на Камені, таму што Госпад ёй паабяцаў, што пякельныя брамы яе не перамогуць. Сапраўды, гледзячы на гэты асьпект гісторыі, сустракаемся з таямніцаю. Ідзецца пра таямніцу, якую адна показка называе парадоксам авечкі і ваўка. Парадокс ставіць пытаньне: як магчыма, што ў сьвеце да гэтага часу існуюць авечкі? Авечка ня ўмее бараніцца ад ваўка, ня мае зубоў і кіпцюроў. Авечка нараджае штогод адно ягня, ваўчыца – некалькі ваўчанятаў. Як магчыма, што авечкі дагэтуль існуюць? Адказ: таму што існуе Пастыр, Які абараняе статак. Гэту тэму разглядаў ужо сьвяты Ян Залатавусны, кажучы: “Да таго часу, дакуль будзем ягнятамі, будзем перамагаць, і нават аточаныя шматлікімі ваўкамі, зможам іх перамагчы. Але, калі ператворымся на ваўкоў,
будзем пераможаныя, таму што застанемся без апекі Пастыра. Яму падабаюцца не ваўкі, але ягняты. Таму, калі Ён адыходзіць, пакідаючы цябе самога, гэта таму, што ты перашкаджаеш Яму паказаць сваю сілу. Гэта як бы Хрыстос сказаў: “Не бянтэжцеся фактам, што, пасылаючы вас сярод ваўкоў, я вам загадваю быць, як ягняты і галубы. Я мог бы сказаць вам супрацьлеглае і звольніць вас ад усякага цярпеньня, перашкодзіць вам быць як ягняты, аддадзеныя ваўкам, і зрабіць вас мацнейшымі за львоў. Але неабходна, каб так адбылося, таму што гэта вас праславіць і пакажа Маю сілу. Тое самае Ён кажа Паўлу: “Хопіць табе Маёй ласкі, бо мая сіла выяўляецца ў немачы (2 Kap 12, 9)”. Слова на Евангельле паводле Мацьвея (Om. 33,1.2; PG 57, 389-390) Вось гэтае разважаньне прыводзіць нас да апошняга вобразу Царквы як статку, ведзенага Добрым Пастырам. Гэта статак, які Госпад заклікае “не баяцца”. “Ня бойцеся,
бо я перамог сьвет”. Матэрыяльныя цэрквы могуць быць адабраныя, могуць быць ператвораныя на сьвецкія будынкі, могуць быць зруйнаваныя, але Хрыстову Царкву зруйнаваць немагчыма. Ня дзякуючы чалавечым сілам, не праз адвагу, розум ці хітрасьць ейных вернікаў, але папросту сілаю факту, што яна збудавана на Хрысьце. Ён, называючы нас храмам Божым, паабяцаў нам знак сваёй сілы, праўду Ягоных словаў, кажучы да юдэяў: “Зруйнуйце гэты храм, і Я ў тры дні адбудую яго!” Тады сказалі юдэі: “Сорак шэсьць гадоў будавалі гэты храм, а Ты за тры дні адбудуеш яго?” Але Ён гаварыў пра храм цела Свайго. Дык калі ўваскрос з мёртвых, вучні Ягоныя прыпомнілі, што гэта казаў, і паверылі Пісаньню і словам, якія сказаў Ісус (Ян 2, 19-22)”. Мы знаходзімся тут, каб сьвяткаваць Уваскрасеньне Хрыста і Ягонай Царквы, таму што паверылі ў Ягоныя словы, таму што бачылі адраджэньне Ягонага гістарычнага Цела, але
таксама і Цела містычнага, якім ёсьць Царква тут у Беларусі. Гэты досьвед і гэтае перакананьне дае нам сілу прадаўжаць будаваньне храма Божага ў сэрцах людзей, будаваньне Царквы – містычнага Цела Хрыста. Паводле сайту Svjazep.org. Зьмешчаны тут тэкст казаньня адрэдагаваны.