Памінальная малітва за Янку Купалу і Алаізу Пашкевіч-Цётку ў Горадні
21 красавіка 2012 году душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай айцец Андрэй Крот адслужыў у Горадні пасхальную паніхіду за супакой вялікіх беларускіх пісьменьнікаў і грамадзкіх дзеячаў Янкі Купалы і Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Памінальнае набажэнства ў касьцёле Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі (пабрыгіцкім) стала духоўным завяршэньнем Купалаўскіх чытаньняў, якія адбыліся
20-21 красавіка ў Гарадзенскім універсітэце імя Я. Купалы і былі прымеркаваныя да 130-х угодкаў паэта.
09.04.2012
Велікоднае слова Апостальскага Візітатара БГКЦ
У сваім Пастырскім Слове на сьвята Пасхі Хрыстовай 2012 году Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек) разважае пра дар сьвятарства і прыводзіць прыклад добрага пастыра і вернага сьведкі Евангельля Экзарха а. Антона Неманцэвіча ды заклікае вернікаў асэнсаваць праўду пра тое, што “Хрыстос у сваім прыніжэньні ёсьць блізкі да ўсіх, хто церпіць, хто праходзіць выпрабаваньні і перасьлед”.
08.04.2012
Дар жыцьця У сваім велікодным звароце Апостальскі Візітатар для беларусаў-католікаў замежжа айцец Аляксандар Надсан зьвярнуўся да тэмы сьмяротнага пакараньня і галадовак пратэсту.
07.04.2012
Архібіскуп Гуджэроцьці наведаў грэка-каталіцкі храм у Віцебску 4 красавіка 2012 году падчас візіту ў Віцебскую рыма-каталіцкую дыяцэзію Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці па запрашэньні Апостальскага Візітатара БГКЦ архімандрыта Сяргея Гаека наведаў таксама душпастырскі цэнтр грэка-каталіцкай парафіі Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Віцебску, паведамляе Catholic.by.
21.03.2012
Ірына Дубянецкая: Беларусь 1000 гадоў жыве бяз Бібліі Адзіная ў Беларусі жанчына доктар сакральнай тэалогіі дадае: “Бяз Бібліі па-беларуску”. Правакацыйнае сьцьверджаньне, праўда? Так і хочацца паспрачацца: “Як так, я бачыў Біблію па-беларуску”, “У мяне дома ёсьць!”. Менавіта паспрачацца й хоча Ірына Дубянецкая, запрашаючы вас на сваю публічную лекцыю “1000 гадоў бяз Бібліі: беларускія біблійныя пераклады і еўрапейская цывілізацыя”, якая адбудзецца ў межах цыкла лекцый “Urbi et Orbi”. Занатуйце: 23 сакавіка (пятніца), а 18.30 у “Галерэі Ў” (пр-т Незалежнасьці, 37а, метро "Плошча Перамогі"). Уваход вольны!
20.03.2012
Айцец Аляксандар Надсан – пра дар жыцьця і сьмяротнае пакараньне
Падчас казаньня на нядзельнай Літургіі 18 сакавіка 2012 году ў царкве сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў Лондане Апостальскі Візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы айцец Аляксандар Надсан выказаўся адносна актуальных падзеяў у Беларусі, якія ўсхвалявалі грамадзтва: пра выкананьне сьмяротнага пакараньня паводле прысуду Канавалаву і Кавалёву, якіх абвінавацілі ў зьдзяйсьненьні тэракту ў менскім метро, а таксама
пра галадоўку Сяргея Каваленкі, якая сёньня ўжо пагражае ягонаму жыцьцю.
02.03.2012
Ніхто і нішто ня можа адмяніць запаведзі Божыя
Рашэньне пра перанос урадам Беларусі, у сувязі з сьвяткаваньнем 8 сакавіка, працоўнага дня на нядзелю, хрысьціянскія Цэрквы Беларусі ўспрынялі са зьдзіўленьнем і неразуменьнем.
02.03.2012
У Вене пачаліся беларускія набажэнствы
У сталіцы Аўстрыі на просьбу мясцовых беларусаў архібіскуп Вены, кардынал Хрыстафор Шонбарн заснаваў беларускае грэка-каталіцкае душпастырства ў гонар Хрыста Чалавекалюбцы, паведамляе Радыё Свабода.
22.02.2012
Мы маем вялікі ўласны патэнцыял добрых людзей
Перад пачаткам Вялікага посту завяршылася акцыя “Сьвяты Мікалай ідзе да дзяцей”, арганізаваная валанцёрскім рухам сьв. Мікалая, каардынацыйны цэнтр якога знаходзіцца пры грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Менску.
22.02.2012
“Стаўся ахвярай за веру і Бацькаўшчыну”
Грэка-каталіцкі клуб інтэлігенцыі імя сьв. Кірылы Тураўскага ў Менску запрашае на духоўную сустрэчу, якая адбудзецца з нагоды 60-годдзя мучаніцкай сьмерці (11 лютага 1952 г.) у асобым лагеры для палітзьняволеных пад Тайшэтам Архімандрыта Андрэя Цікоты M.I.C.
Кожны з нас адказны за рэалізацыю чалавечай годнасьці ва ўласным жыцьці
Разважаньнем пра Царкву, пра яе розныя вымярэньні, пра асобу чалавека, які ёсьць храм Бога Жывога, а таксама пра незьнішчальнасьць Хрыстовай Царквы падзяліўся Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскуп Цырыл Васіль у сваім казаньні 9 траўня 2012 году ў менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены.Руіны храма ў Белай Царкве.
Ніжэй прапануем тэкст казаньня ватыканскага ярарха, каб яшчэ раз задумацца і паразважаць над ім, што ёсьць Царква.
КАЗАНЬНЕ Высокадастойнага Архібіскупа Кірылы (Васіля) падчас сьвятой Імшы ў Менску, 9 траўня 2012 году, у касьцёле сьвятых Сымона і Алены
Некаторы час таму, у сутарэньнях гэтага храму, мы адчынілі выставу прысьвечаную “ўніяцкай”
сакральнай архітэктуры, абазначыўшы гэтым гістарычным тэрмінам перыяд станаўлення і росквіту Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Выявы гэтых цэркваў, старажытных або новых, узьведзеных ці зруйнаваных, адноўленых, зьмененых і рэстаўраваных – усё гэта прымушае нас задумацца над глыбокай ня толькі практычнай повязьзю, але таксама і духоўнай, псіхалагічнай, сымбалічнай, што існуе паміж будынкам, прызначаным для богаслужэньня, і самім богаслужэньнем, паміж месцам, дзе зьбіраецца хрысьціянская супольнасьць, і самой супольнасьцю. Гэтае разважаньне яшчэ больш натхняецца тым фактам, што мы знаходзімся ў такім прыгожым і важным для каталіцкай прысутнасьці ў гэтым горадзе храме – у касьцёле сьвятых Сымона і Алены, які называецца таксама Чырвоным касьцёлам. Гэты храм ёсьць адным з сымбаляў і помнікаў горада Менску, а таксама і ўсёй каталіцкай супольнасьці беларускага народу. Праз факт, што пад адным дахам суіснуюць дзьве каталіцкія грамады – больш колькасная лацінскага абраду, а таксама і грэка-каталіцкая, гэта набывае
глыбокай духоўнай вартасьці як знак братэрскай гасьціннасьці з боку больш моцнай у адносінах да той, што ў гэтым моманце здаецца слабейшай, як таксама і праз сымбалічную і гістарычную лучнасьць. Грэка-каталіцкая супольнасьць тут зьбіраецца ў ніжнім храме і праз гэта ёсьць менш бачная, але адназначна бліжэйшая да асноваў. Напраўду, гэтая Царква злучана з глыбокім карэньнем нацыянальнай і духоўнай ідэнтычнасьці Беларусі, яе паўстаньне зьвязана з нараджэньем ідэі Еднасьці Цэркваў, з Уніяй, што паўстала ўласна на гэтых землях, якая ў тую эпоху, у момант ейнага падпісаньня ў Берасьці, успрымалася ў добрай веры як найлепшы спосаб для пераадоленьня трагічнага падзелу хрысьціянства. У некаторых мовах, для прыкладу, у італійскай, тое самае слова “chiesa”, царква – азначае як будынак, так і інстытуцыю. Гэта актуальна для царкоўнаславянскай мовы і беларускай – “церковь”, “царква”.
Гэтаксама і ў іншых мовах, для прыкладу, тэрмін “kosciol” – у польскай. Пабудова, рэканструкцыя, аднаўленьне і вяртаньне цэркваў ёсьць адным з найбольш бачных і вымоўных элементаў аднаўленьня духоўнага жыцьця, царкоўнай дзейнасьці. Маем тут на ўвазе архітэктуру і пабудову цэркваў з каменю, аднак нашмат больш нас цікавіць пабудова той асаблівай Царквы, што абазначаецца як частка Народу Божага. Гэта пабудова пачынаецца, калі ўзгадваем словы сьвятога Паўла: “Вы – храм (царква) Бога Жывога”. У гэтым сэньсе кожная чалавечая істота заслугоўвае на ўласную, непараўнальную ні з чым годнасьць, годнасьць месца, у якім аб’яўляецца Бог, бо, сапраўды, кожны чалавек носіць у сабе вобраз і падабенства Божае. Бачым, такім чынам, што нашае разважаньне можа весьці нас ад самых фармальных, зьнешніх, універсальных і інстытуцыянальных паняцьцяў аж да найбольш індывідуальных, асабістых, унутраных.
Гэта дазваляе нам весьці размову пра розныя вымярэньні Царквы:
- Царква як містычнае Цела Хрыста; - Царква як мясцовая супольнасьць, г. зн., памесная Царква, сфармаваная на ўзор універсальнай Царквы, у якой і праз якую існуе Царква Паўсюдная, адна і адзіная (Lumen Gentium 23); - Царква як будынак, прызначаны для богаслужэньня; - Царква як супольнасьць верных; - Царква, якая ўцелаўляецца ў сямейнай царкве (ecclesia domestica) праз жыцьцё сям’і, якая жыве хрысьціянскімі каштоўнасьцямі, аж да асобнага чалавека, які ўспрымаецца як храм Сьвятога Духа. І ўсе мы пакліканы да будаваньня Царквы, дзеючы на кожным з вышэй названых
узроўняў, канешне, у меру ўласных кампетэнцый і ўласных магчымасьцяў. Дазвольце мне зрабіць зараз акцэнт (пачынаючы з канца вышэйназванага сьпісу) на вымярэньне, што яднае ўсіх нас – на годнасьць кожнага чалавека, якога бачым і якога ўшаноўваем як храм Сьвятога Духа, як месца Эпіфаніі. Кожны з нас адказны за рэалізацыю чалавечай годнасьці ва ўласным жыцьці і ў сваіх адносінах з бліжнімі. Гэта дазваляе расьці павазе да чалавечай годнасьці, да неад’емных правоў чалавека, які ўспрымаецца як Божы твор і праз гэта ёсьць непарушны і недатыкальны ў сваёй годнасьці. Усё гэта заслугоўвае павагі, заслугоўвае і здабывае пахвалу перад Госпадам. Час са сваімі выпрабаваньнямі спраўдзіць нашыя высілкі ў гэтым накірунку, спраўдзяць нашае жаданьне і здольнасьць будаваць на трывалых асновах. Сьвяты Павел у сваім Пасланьні да Карынцянаў выказвае гэта ў яснай і моцнай форме: “Мы – Божыя супрацоўнікі, а вы ёсьць Божая ніва, Божы будынак. Паводле атрыманай ласкі я, як мудры дойлід заклаў падмурак; нехта іншы на ім будуе. Але кожны няхай будзе ўважлівы, як будуе. Сапраўды, ніхто ня можа пакласьці іншага падмурку ад пакладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос. І калі, нехта на гэтым падмурку будуе з золата, ці з срэбра, ці з дарагіх камянёў, ці з дрэва, ці з сена, ці з саломы, – праца кожнага выявіцца; дзень бо Гасподні пакажа, бо ў агні выявіцца, і праца кожнага, якая ёсьць, будзе выпрабавана агнём. Той, чыя праца выстаіць, атрымае ўзнагароду, а калі чыя праца згарыць, будзе мець шкоду; сам, аднак, будзе збаўлены, але так, быццам праз агонь. Ці ж вы ня ведаеце, што вы – храм Божы, што Дух Свьяты жыве ў вас? Калі нехта зьнішчыць храм Божы, таго зьнішчыць Бог, бо храм Божы – сьвяты, і гэта ёсьць вы” (1 Кар 3, 9-17). Вось жа, Ісус Хрыстос, адзіны падмурак, адзіны ключ для разуменьня чалавечага жыцьця, жыцьця цэлага чалавецтва, нашых жыцьцяў. У гэтым ёсьць логіка Царквы, калі яна абвяшчае годнасьць і сакральнасьць чалавека. Нехта можа сказаць, што патрабаваньне, прадстаўленае на такім высокім маральным узроўні нерэалістычнае, цяжкае для ажыцьцяўленьня, асабліва, бачачы матэрыяльную слабасьць зьнешніх сродкаў, даступных Царкве. Адзін дыктатар і перасьледавальнік Царквы неяк з іроніяй і зьнявагай спытаў: “А сколько у неё танковых дивизий?” Думаў зьнішчыць яе, выкарастаць для сваіх мэтаў. І ў пэўным сэньсе меў усё неабходнае, каб гэта зрабіць, і рабіў гэта з непараўнальнай жорсткасьцю. Але, нягледзячы на гэта, яму не ўдалося выкараніць Бога з сэрцаў нават ягоных “подданных”. Чаму? Папросту таму, што Царкву ня можна зьнішчыць,
таму што яна пабудавана на Камені, таму што Госпад ёй паабяцаў, што пякельныя брамы яе не перамогуць. Сапраўды, гледзячы на гэты асьпект гісторыі, сустракаемся з таямніцаю. Ідзецца пра таямніцу, якую адна показка называе парадоксам авечкі і ваўка. Парадокс ставіць пытаньне: як магчыма, што ў сьвеце да гэтага часу існуюць авечкі? Авечка ня ўмее бараніцца ад ваўка, ня мае зубоў і кіпцюроў. Авечка нараджае штогод адно ягня, ваўчыца – некалькі ваўчанятаў. Як магчыма, што авечкі дагэтуль існуюць? Адказ: таму што існуе Пастыр, Які абараняе статак. Гэту тэму разглядаў ужо сьвяты Ян Залатавусны, кажучы: “Да таго часу, дакуль будзем ягнятамі, будзем перамагаць, і нават аточаныя шматлікімі ваўкамі, зможам іх перамагчы. Але, калі ператворымся на ваўкоў,
будзем пераможаныя, таму што застанемся без апекі Пастыра. Яму падабаюцца не ваўкі, але ягняты. Таму, калі Ён адыходзіць, пакідаючы цябе самога, гэта таму, што ты перашкаджаеш Яму паказаць сваю сілу. Гэта як бы Хрыстос сказаў: “Не бянтэжцеся фактам, што, пасылаючы вас сярод ваўкоў, я вам загадваю быць, як ягняты і галубы. Я мог бы сказаць вам супрацьлеглае і звольніць вас ад усякага цярпеньня, перашкодзіць вам быць як ягняты, аддадзеныя ваўкам, і зрабіць вас мацнейшымі за львоў. Але неабходна, каб так адбылося, таму што гэта вас праславіць і пакажа Маю сілу. Тое самае Ён кажа Паўлу: “Хопіць табе Маёй ласкі, бо мая сіла выяўляецца ў немачы (2 Kap 12, 9)”. Слова на Евангельле паводле Мацьвея (Om. 33,1.2; PG 57, 389-390) Вось гэтае разважаньне прыводзіць нас да апошняга вобразу Царквы як статку, ведзенага Добрым Пастырам. Гэта статак, які Госпад заклікае “не баяцца”. “Ня бойцеся,
бо я перамог сьвет”. Матэрыяльныя цэрквы могуць быць адабраныя, могуць быць ператвораныя на сьвецкія будынкі, могуць быць зруйнаваныя, але Хрыстову Царкву зруйнаваць немагчыма. Ня дзякуючы чалавечым сілам, не праз адвагу, розум ці хітрасьць ейных вернікаў, але папросту сілаю факту, што яна збудавана на Хрысьце. Ён, называючы нас храмам Божым, паабяцаў нам знак сваёй сілы, праўду Ягоных словаў, кажучы да юдэяў: “Зруйнуйце гэты храм, і Я ў тры дні адбудую яго!” Тады сказалі юдэі: “Сорак шэсьць гадоў будавалі гэты храм, а Ты за тры дні адбудуеш яго?” Але Ён гаварыў пра храм цела Свайго. Дык калі ўваскрос з мёртвых, вучні Ягоныя прыпомнілі, што гэта казаў, і паверылі Пісаньню і словам, якія сказаў Ісус (Ян 2, 19-22)”. Мы знаходзімся тут, каб сьвяткаваць Уваскрасеньне Хрыста і Ягонай Царквы, таму што паверылі ў Ягоныя словы, таму што бачылі адраджэньне Ягонага гістарычнага Цела, але
таксама і Цела містычнага, якім ёсьць Царква тут у Беларусі. Гэты досьвед і гэтае перакананьне дае нам сілу прадаўжаць будаваньне храма Божага ў сэрцах людзей, будаваньне Царквы – містычнага Цела Хрыста. Паводле сайту Svjazep.org. Зьмешчаны тут тэкст казаньня адрэдагаваны.