16.04.2009
Грэка‑каталікі Менску зьвярнуліся да Лукашэнкі
Грэка‑каталіцкія вернікі сталіцы зьярнуліся да прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі з просьбай дазволіць ім пабудаваць свой храм на месцы разбуранай царквы Сьвятога Духа ў Верхнім горадзе.
У звароце зазначаецца, што цяпер у Менску налічваецца чатыры грэка‑каталіцкія парафіі: «Дзякуючы візіту ў Беларусь Дзяржаўнага сакратара Ватыкану кардынала
Тарчызіё Бэртоне адна з парафій атрымала магчымасьць праводзіць набажэнствы ў капліцы па вул. Арджанікідзэ. Тры іншыя грэка‑каталіцкія парафіі карыстаюцца гасьціннасьцю рыма‑каталіцкіх парафій».
Уніяты наракаюць: «Такое становішча нельга лічыць нармальным. Ужо даўно насьпела неабходнасьць пабудаваць у сталіцы Беларусі грэка‑каталіцкі храм. На ранейшыя звароты грэка‑католікі атрымлівалі ад менскіх уладаў адмоўныя адказы. Цяпер мы зьвяртаемся да Прэзідэнта Беларусі».
Аўтары звароту вітаюць аднаўленьне царквы Сьвятога Духа, зьнішчанай у 1936 г. На іх думку, вяртаньне храму канфесіі, якая яго збудавала, падкрэсьліла б унікальны поліканфесійны характар Менску, у цэнтры якога ў XVII—XVIII cтст. знаходзіліся храмы і манастыры Ўніяцкай, Праваслаўнай і Рыма‑Каталіцкай Цэркваў.
Пад зваротам падпісаліся доктар гiстарычных навук Анатоль Грыцкевiч, доктар багаслоўя Iрына Дубянецкая, доктар фiзiка‑матэматычных навук Юры Хадыка, пiсьменьнiк Уладзiмiр Арлоў, паэтка Галiна Дубянецкая, археолаг Эдвард Зайкоўскi, гісторык Анатоль Сiдарэвiч.
Царква Сьвятога Духа, збудаваная ў першай палове XVII ст., належала да комплексу базыльянскага кляштару.
У 1795 г. базыльянскі манастыр быў зачынены, а царкву аддалі пад катэдральны праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор. Пры цару яе перабудавалі на маскоўскі лад, а за саветамі ўвогуле збурылі. Захаваліся толькі падмуркі, на іх яна і паўстане зноў.
Пачатак аднаўленьня запланаваны на пачатак лета. Адбудовай будзе займацца КУП «Мінская спадчына». Мае быць адноўлены гістарычны вобраз храму. Адно што скульптуры сьвятых на фасадзе вырашана замяніць на арнамент. Запланавана, што ў будынку разьмесьціцца філарманічная зала.
Паводле: Алег Гардзіенка, "Наша Ніва".