Царква
Падчас сытасці ўспамінай пра час голаду, і ў дні багацця - аб беднасьці і нястачы
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 18-25)
"Царква", № 2 (29), 2001
Галоўная Навіны хрысьціянскага сьвету
Памер шрыфту

27.03.2011
Дабравешчаньне і Дзень Волі ў Празе


Сьвяточныя ўрачыстасьці з нагоды сьвята Дабравешчаньня і Дня Волі адбыліся 25-26 сакавіка 2011 году ў самым цэнтры чэшскай сталіцы — Празе, у адной з найстарэйшых сьвятыняў — царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна пачатку Х ст., якой карыстаюцца сёньня беларускія грэка-католікі.

Сьвяткаваньні ў Празе пачаліся ў пятніцу, 25 сакавіка: мясцовыя беларусы прыйшлі на Альшанскія могілкі, дзе пахаваныя прэзыдэнты Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Пётра Крачэўскі і Васіль Захарка, а таксама сьпявак Міхась Забэйда-Суміцкі. Сабраныя ўсклалі кветкі да магілаў дзеячоў нацыянальнага Адраджэньня. Беларускі грэка-каталіцкі сьвятар айцец Андрэй Абламейка прачытаў малітвы за памерлых. Затым усе прысутная прасьпявалі гімн “Магутны Божа”.
 
У суботу, 26 сакавіка сьвяткаваньне пачалося з урачыстай Боскай Літургіі, якую служыў а. Андрэй Абламейка. Разам з ім маліўся таксама грэка-каталіцкі экзарх Чэхіі біскуп Уладыслаў Гучка. Была прачытаная малітва за Беларусь, якую напісаў айцец Леў Гарошка. Падчас набажэнства і пасьля, у сьвецкай частцы імпрэзы, сьпяваў міжпарафіяльны хор “Прасфара” з Менску пад кіраўніцтвам Марысі Янушкевіч. Гэты грэка-каталіцкі хор прыехаў у Прагу адмыслова на сьвяткаваньне Дня Волі.
 
На сьвяточнае набажэнства ў царкве сьв. Кузьмы і Дзям’яна і імпрэзу з нагоды Дня Волі сабралася каля ста беларусаў, якія цяпер пражываюць у Чэхіі.
 
У сьвяткаваньні ў суседняй з царквою тэатральнай залі кляштару бенядыктынаў прыняў удзел Багдан Данілішын — экс-міністар эканомікі Ўкраіны з ураду Юліі Цімашэнкі, які атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. У імпрэзе таксама ўдзельнічаў экс-кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на апошніх выбарах Аляксей Міхалевіч, які таксама нядаўна папрасіў палітычны прытулак у Чэхіі.Імпрэзу вёў намесьнік старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Сяргей Навумчык.
 
Падчас сьвяткаваньня Вячаслаў Ракіцкі прадставіў свой тэлевізійны праект — «Сьцяна». Скончылася імпрэза дзьвюхгадзінным канцэртам аўтара і выканаўцы ўласных песень Яўгена Барышнікава, які адмыслова прыехаў у Прагу на запрашэньне мясцовых беларусаў. Яўген граў ня толькі на гітары, але і на дудзе.


Паводле Радыё Св***да

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 228 разоў (-ы)
X