Памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго;
шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія дзеі твае,
а дзень сёмы - субота Госпаду, Богу твайму: не рабі ў гэты ніякай працы...
таму дабраславіў Гасподзь дзень суботні і асьвяціў яго (4 запаведзь, Выхад 20:8-11)
Папа Бенядыкт XVI прывітаў у Ватыкане новага
Зьверхніка УГКЦ
“З вялікай радасьцю вітаю сёньня Яго Блаславенства Сьвятаслава (Шаўчука), новага Вярхоўнага Архібіскупа Кіева-Галіцкага, разам з біскупамі і вернікамі, якія яго суправаджаюць. Запэўніваю вас пра маю пастаянную малітву, каб Сьвятая Тройца адорвала шматлікімі дарамі, захоўваючы ў супакоі і згодзе ўлюбёны ўкраінскі народ”, - гэтымі словамі Папа Бенядыкт XVI прывітаў ярархію і вернікаў УГКЦ падчас агульнай аўдыенцыі 30 сакавіка 2011 году.
Бенядыкт XVI выказаў спачуваньне ў сувязі са сьмерцю Зьверхніка Сірыйска-Малабарскай Царквы
1 красавіка 2011 году памёр кардынал Варкей Вітхаятхіл, Вярхоўны Архібіскуп япархіі Эрнакулам-Ангамалі Сірыйска-Малабарскай Царквы ў Індыі. Як паведамляе Радыё Ватыкану ў сувязі з гэтым Папа Рымскі Бенядыкт XVI скіраваў тэлеграму, у якой выказаў спачуваньні сьвятарам, манахам і вернікам гэтай Усходняй Каталіцкай Царквы і запэўніў іх у сваёй малітве.
31.03.2011
Бенядыкт ХVI сустрэўся з архібіскупам Хрызастомам ІІ
28 сакавіка 2011 году Сьвяты Айцец прыняў на аўдыенцыі зьверхніка Праваслаўнай Царквы Кіпра архібіскупа Хрызастома ІІ. Гэта была ўжо трэцяя сустрэча Бенядыкта ХVI з высокім праваслаўным ярархам. Першая сустрэча адбылася ў 2007 г. у Ватыкане, а другая – у 2010 г. на Кіпры, калі Папа знаходзіўся там з апостальскім візітам.
31.03.2011
Хрызастом ІІ пра сустрэчу з Бенядыктам XVI
Зьместам гутаркі са Сьвятым Айцом Бенядыктам XVI кіпрскі праваслаўны архібіскуп Хрызастом ІІ падзяліўся з журналістамі часопісу «Il Foglio». Сустрэча адбылася ў Ватыкане 28 сакавіка 2011 году.
31.03.2011
Ва Ўкраіне з візітам пабываў мелхіцкі патрыярх
28 сакавіка 2011 годуe завяршыўся візіт ва Ўкраіну Зьверхніка Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы, Патрыярха Антыёхіі і ўсяго Ўсходу, Александрыі і Ерусаліму Рыгора III (Лагама).
30.03.2011
Памёр паэт Іван Лагвіновіч, грэка-каталік з Баранавічаў
r
Увечары, 29 сакавіка 2011 году, пасьля цяжкай хваробы памёр Іван Лагвіновіч - сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1992 году і вернік грэка-каталіцкай парафіі сьв. Кірылы і Мятода ў Баранавічах.
30.03.2011
Якой будзе УГКЦ праз 10 гадоў?
29 сакавіка 2011 году ў Кіеве адбылася першая прэс-канферэнцыя Ўладыкі Сьвятаслава (Шаўчука), новага Зьверхніка УГКЦ. Гэтае інфармацыйнае мерапрыемства выклікала вялікую цікавасьць прэсы і было прысьвечана тэме персьпектывам разьвіцьця УГКЦ.
28.03.2011
У Любліне памёр айцец
архімандрыт Раман Пентка
Увечары, 26 сакавіка 2011 году, пасьля доўгай цяжкай хваробы ў Анкалагічным цэнтры Люблінскай зямлі імя сьв. Яна з Дуклы, што ў Любліне, адыйшоў да Бога а. Раман Пентка MIC, архімандрыт тытулярны, шматгадовы душпастыр каталіцкай парафіі візантыйска-славянскага абраду ў прыбужскай мясцовасьці Кастамлоты (Польшча).
28.03.2011
Інтранізацыя новага Першаярарха УГКЦ
У Кіеве, у храме Сьвятога Ўваскрасеньня Хрыстова - новай катэдры Вярхоўнага Архібіскупа УГКЦ, 27 сакавіка 2011 году, у Крыжапаклонную нядзелю, адбылася ўрачыстая цырымонія інтранізацыі новага Зьверхніка Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Сьвятаслава (Шаўчука).
Памёр паэт Іван Лагвіновіч, грэка-каталік з Баранавічаў
Увечары, 29 сакавіка 2011 году, пасьля цяжкай хваробы памёр Іван Лагвіновіч - сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1992 году і вернік грэка-каталіцкай парафіі сьв. Кірылы і Мятода ў Баранавічах.
Паэт Іван Лагвіновіч з БаранавічаўЁн
пражыў 71 год. Значную частку свайго жыцьця правёў па-за межамі Беларусі, працуючы на шахтах Данбасу. У 1991-ым вярнуўся на Бацькаўшчыну і душою і сэрцам далучыўся да беларускага Адраджэньня. Пакінуў пасьля сябе пяць паэтычных зборнікаў вершаў, рыхтаваў шосты, але выдаць яго ўжо не пасьпеў. Адкрыўшыся на Бога, Іван Лагвіновіч напісаў таксама нямала вершаў на хрысьціянскую тэматыку, некаторыя з іх друкаваліся ў газеце “Царква”. Пахаваньне паэта Івана Лагвіновіча адбудзецца 31 сакавіка на яго радзіме, у вёсцы Малькавічы Ганцавіцкага раёну. Прапануем ніжэй разьвітальнае слова Анатоля Сідарэвіча пра баранавіцкага паэта і некалькі хрысьціянскіх вершаў Івана Лагвіновіча ў памяць пра яго.
div> * * *
З Іванам Лагвіновічам я сустракаўся толькі адзін раз — у Зэльве, на сьвяткаваньні угодкаў Ларысы Геніюш. Але я ведаю, што Іван Лагвіновіч — мой зямляк, што нарадзіўся ён у 1940 годзе на хутары Запрапасьць Ганцавіцкага раёну, непадалёк ад сяла Малкавічы. (Гэтага хутара цяпер няма: яго зьнішчыла калектывізацыя.) Як і многія беларускія юнакі, Іван Лагвіновіч паехаў на заробкі ў Данбас і асеў там на шмат гадоў. Працаваў у шахце пад зямлёю, а потым, калі сваё пачалі браць і ўзрост, і прафесійная хвароба — на паверхні, на абагачальнай фабрыцы. У 1990 годзе ён вярнуўся на Бацькаўшчыну. Стаў жыхаром Баранавічаў. Там далучыўся да беларускага руху. Такое рэдка бывае, але ўсё ж бывае. На Бацькаўшчыне ў Івана Лагвіновіча, чалавека ўжо сталага, прарэзаўся паэтычны зуб. І на самым пераломе стагоддзяў ён выдаў адзін за адным два зборнікі — «Разлукі выраёвыя» і «Піліпаўка». Першаю трапіла мне на вочы (нават не скажу, у якіх абставінах) другая кніжачка вершаў Івана Лагвіновіча, і я «праглынуў» яе за адзін раз. І не ўстрымаўся, патэлефанаваў Міхасю Скоблу, каб падзяліцца сваім адкрыцьцём (ёсьць яшчэ адзін добры паэт) і сваёй радасьцю (гэты паэт — мой зямляк). І мяне ўсьцешыла, што маю радасьць падзялілі і
Міхась Скобла, і Леанід Галубовіч, і іншыя знаўцы паэзіі, што вершы майго земляка трапілі ў анталогію беларускай паэзіі ХХ стагоддзя «Краса і сіла». Потым былі іншыя кніжкі Івана Лагвіновіча: «Ляда юдолі» (2003), «Далёкае і блізкае» (2004), «Палыновыя кветкі» (2007). Рыхтаваўся (і рыхтуецца) да друку чарговы зборнік, з гарняцкім загалоўкам — «Апошні забой». Сябры хацелі, каб ён выйшаў яшчэ пры жыцьці цяжка хворага паэта. Не атрымалася: учора пасьля працяглых пакутаў Іван Лагвіновіч адышоў у вечнасьць. Заўтра ў Малкавічах ва ўрочышчы Красунь, дзе спачываюць мае сваякі, сябры і знаёмыя, грэка-каталіцкі сьвятар айцец Яўген Маліноўскі, сябры і таварышы разьвітаюцца з Іванам Лагвіновічам. Там, на згорку, пад векавымі хвоямі прагучыць жалобнае і
разам з тым аптымістычнае: “Вечная памяць”. Бывай, Іване, мяккім пухам табе наша родная палеская зямелька.
Анатоль Сідарэвіч г. Менск ------------------------ Іван ЛАГВІНОВІЧ Малітва беларуса Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны! Пакажы нам шлях збавеньня – годны, незваротны. Абаронца справядлівы і суддзя праўдзівы – бездакорны, незаменны, на ўвесь сьвет адзіны! Ты – найпершы й найапошні, Божа ўсюдыісны! Бачыш нашага бязладдзя выступы-крывізны. Знаеш нашых змрочных думак хібы і заганы, як вакол няшчасьцяў-бедаў ходзім мы кругамі. Заблудзіліся ў грахоўных лабірынтах цемры: кветку-папараць шукалі ў зарасьніках церняў.
Прымушалі нас маліцца ідалам вар’яцкім, зьневажалі, выганялі з цэркваў уніяцкіх. Міласэрны, добры Божа! Дай надзею – грэшным, выведзі з палону зьдзекаў, ацалі, суцеш нас; бо Ты ведаеш, якія мы панеслі страты на шляху да лепшай долі, да сьвятла і праўды. Уладару Ўсемагутны! Будзь заўсёды з намі, памажы на землях продкаў стаць гаспадарамі. Навучы на роднай мове гаварыць і слухаць. у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін. (Верш “Малітва беларуса” - з апошняй кнігі Івана Лагвіновіча, якая выйдзе пасьмяротна). Вяшчун прарочыў Надыдзе час пакаяньня твайго, калі прыйдзеш ты да малельні тваёй, пакорна ўпадзеш на калені твае і будзеш на мове продкаў тваіх маліцца Госпаду, Збаўцы твайму, паверыўшы, што Ён пачуе цябе. Гаротнік маліўся Госпадзе! Я ня знаю, дзе ночы, дзе дні. Я ўзрыўны, бы набой у агні. Выспу роспачы не абміні - заслані мяне, абарані. На зямлю, дзе мае карані, жыватворнай спагады ліні. Да глыбокіх духоўных крыніц, да высокіх званіц навярні. Каб я ведаў, дзе ночы, дзе дні, уратуй, не шкадуй дабрыні. Амін. * * * Акно ў нябёсы адчыніў - І жураўля свайго чакаю. Яму насустрач не гукаю І не адпуджваю сініц. Хрыстос цярплівасьці вучыў Дзеля лагоды неўміручай; І я, ягоны сьціплы вучань, Гляджу спакойна ў далячынь. За сьветлы
міг жыцьця плаціць Даводзіцца высокай мерай. Не наракаць, чакаць і верыць - І журавель мой прыляціць! * * * Сасуды крывяносныя звужаюцца, азяблых рук і ў сьпёку не сагрэць. Апошні дзень імкліва набліжаецца: пара падумаць, грэшнаму, пра сьмерць. Даруй мне, неба, што так часта божкаю,- не проста рэчаіснасьць успрымаць: ёсьць могілкі і рускія, і польскія, а беларускіх, для мяне, няма. Верш чысьціні Спачатку я ў кватэры прыбяруся: памыю “пасівелую” падлогу, павыціраю пыл і павуціньне, стол засьцялю абрусам сьветлым. Затым умыюся і сам з сунічным пахкім мылам, адзену беласьнежную кашулю і лепшы свой, сьвяточны гарнітур. Стварыўшы знак крыжа перад сабою, прачулую малітву прачытаю, спагадлівага Бога папрашу, каб даў натхненьня. І з чыстым сэрцам, чыстымі рукамі вазьму я чысты ліст паперы, за чысты стол пісьмовы сяду ў пакоі чыстым і запішу лірычны верш пра чыстую любоў да Беларусі. Нагорная пропаведзь Ісуса Хрыста Дабрашчасныя ўбогія духам: царства Божае ваша, і вам херувімскую музыку слухаць у садах, дзе не вяне трава. Дабрашчасныя, хто сёньня плача, не хаваючы смутку свайго: вам дазволена Богам убачыць сьветач радасьці ў царстве Яго. Дабрашчасныя, хто быў галодны, хто цярпеў на шляху да Мяне: вы ўжо выйшлі з пустыні бясплоднай і ня будзеце болей прагнець. Дабрашчасныя вы, калі людзі вас адлучаць, і ваша імя беспадстаўна зьняслаўлена будзе, і прычынай таго буду Я. Весяліцеся з гэткай нагоды, гэты дзень абвясьціце сьвятым, бо вялікай цаны ўзнагарода будзе вам на нябёсах тады! Гора вам, хто з набітай кішэняй месца ў раі купіць намышляў! Атрымалі вы ўжо суцяшэньне, незайздросны наперадзе шлях... Не бясконца вяровачка ўецца: голад вылічыць, сытыя, вас; і заплача, хто зараз сьмяецца, загалосіць, хто сёньня сьпяваў. Гора вам, калі ўсе будуць людзі толькі добра пра вас гаварыць: бо ілжывых прарокаў ня судзяць, цень ад дрэва ў агні не гарыць. Сапраўды вам кажу: палюбіце вашых ворагаў,
напасьнікоў; ненавісьнікам ласку рабіце, прывячайце іх як сваякоў. Кляцьбітоў вашых дабраслаўляйце, каб пранікліся ў сэрцах віной; і другую шчаку падстаўляйце, калі ўперылі ўжо па адной. Той, хто верхнюю вопратку вашу адабраў у вас, хай забярэ і кашулю,- Бог верне прапажу, вас у шоўк, аксаміт убярэ. Тое самае людзям рабіце, што хацелі б ад іх атрымаць; хто ня любіць вас, тых палюбіце і чыніце дабро задарма. Міласэрнымі, чулымі будзьце, як і ваш міласэрны Айцец; асуджаць і судзіць не спрабуйце,- рэхам тое ж на вас упадзе. Дабрачыньце заўжды, пазычайце - у пару пасяўной і жніва; поўнай мераю людзям давайце - гэтаксама адмерыцца й вам. Бо калі пойдуць двое з кіямі, і сьляпога сьляпы павядзе,- у бліжэйшую, першую ж яму хіба толькі адзін упадзе? І вышэй за настаўніка вучань не сягне; лепшы вынік для іх:
той, хто вучыць, і той, каго вучаць, стануць роўнымі ў ведах сваіх. Што глядзіш ты ўсё на парушынку ў воку брата свайго? А між тым не заўважыў калоды аршыннай у прыдзірлівым воку сваім. Як ты можаш сказаць твайму брату: “Браце, дай выму з вока твайго парушынку”, калі ты не бачыш, як зручней падысьці да яго? Крывадушнік! Сьпярша ты калоду вымі з вока свайго і тады, калі зрок твой адчуе свабоду, выручай вока брата з бяды. Няма добрага дрэва, якое б плод радзіла нікчэмны, благі, як ня можа даць дрэва благое добры плод, чысьцінёй дарагі. Пазнаецца з пладовага соку дрэва ўсякае; людзі пакуль не зьбіраюць з цярноўніку смокваў, вінаграду - з кустоў хмызьняку. Людзі добрыя з добрага скарбу сваіх сэрцаў спаўна аддаюць, а ліхія - на просьбу і скаргу - нават з лішніцы вам не нальюць. Што вы клічаце: «Госпадзе Божа!» і ня робіце, што Я кажу? Хто яшчэ перайсьці вам паможа між грахом і збавеньнем мяжу? Кожны, хто Мае словы ўспрымае слыхам розуму, слыхам душы і ў учынкі іх увасабляе, будзе ў царстве Ўсявышняга жыць; бо падобны ён на чалавека, што надоўга свой дом збудаваў: паглыбіўся да цьвердзі спрадвечнай, на граніце падмурак заклаў. А хто слухае так, для парадку і трымае душу на замку, той нагадвае нам небараку, што будуе свой дом на пяску. Напасьледак сказаць вам хачу Я, каб на гэтым закончыць урок: кожны, хто мае вушы, хай чуе, і хай бачыць, каму Бог даў зрок!