
11.04.2011
Пра ролю біскупа як гаранта еднасьці Царквы і пра важнасьць архіпастырскага клопату для ўмацаваньня хрысьціянскага разуменьня шлюбу гаварыў Папа Рымскі Бенядыкт XVI 7 красавіка 2011 году на сустрэчы з групай ярархаў сірыйска-малабарскага абраду з Індыі, якія знаходзіліся ў Рыме з візітам “ad limina Apostolorum” з 28 сакавіка па 8 красавіка 2011 году, – паведамляе ватыканская інфармацыйная служба VIS.
Кожныя 5 гадоў біскупы робяць візіт у Вечны горад “да парогаў апосталаў”, каб засьведчць сваю еднасьць з Рымскім Архірэем і распавесьці пра жыцьцё сваёй памеснай Царквы. За тыдзень перад прыездам у Рым індыйскіх ярархаў сірыйска-малабарскага абраду з падобным візітам “ad limina Apostolorum” там пабывалі біскупы сірыйска-маланкарскага абраду. Трэба адзначыць, у Індыі існуе тры каталіцкія супольнасьці: лацінскага абраду (яна найбольшая ў краіне) і дзьве ўсходняга абраду – сірыйска-малабарскага і сірыйска-маланкарскага. Ярархі ўсіх трох гэтых абрадаў разам утвараюць Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў Індыі (CBCI). Акрамя таго, ярархі кожнага абраду маюць свае біскупскія Канферэнцыі.
Падчас сустрэчы з сірыйска-малабарскімі ярархамі на пачатку сваёй прамовы Папа Бенядыкт XVI з удзячнасьцю ўзгадаў Зьверхніка гэтай Царквы кардынала Варкея Вітхаятхіла (Varkey Vithayathil), Вярхоўнага Архібіскупа Эрнакулам-Ангамалі, CSsR, які памёр 1 красавіка 2011 году ва ўзросьце 83 гады.
Бенядыкт XVI, зьвяртаючыся да ўсходне-каталіцкіх ярархаў з Індыі, сказаў, што іх візіт у Рым ёсьць “каштоўнай магчымасьцю, каб падзякаваць Богу за дар еднасьці ў апостальскай веры і ў жыцьці Духу, які аб’ядноўвае вас паміж сабой і з вашым народам”. Кожны біскуп, з свайго боку, працягнуў ён, “закліканы быць слугою еднасьці ў яго мясцовай Царкве і ўнутры Паўсюднай Царквы. Сьвяты Айцец падкрэсьліў, што адказнасьць за царкоўную сулучнасьць асабліва важна ў краіне, дзе існуе багацьце і разнастайнасьць абрадаў і традыцыяў. Папа заклікаў індыйскіх біскупаў умацоўваць еднасьць паміж сабой і з усімі каталіцкімі біскупамі ў сьвеце, каб быць жывым сьведчаньнем братэрства для сваіх сьвятароў і вернікаў. Гэтая еднасьць павінна таксама рэалізоўвацца і ў сумесным клопаце аб жыцьцёвых прыярытэтах вернікаў.
“Гэтая таямніца еднасьці ў любові знаходзіць асаблівае праяўленьне ва ўдзеле ў боскім жыцьці ў тайне сужэнства і сямейным жыцьці, – сказаў Бенядыкт XVI. – Хуткія і драмтычныя зьмены, якія ўласьцівыя сучаснаму грамадзтву ва ўсім сьвеце, зьяўляюцца ня толькі сур’ёзным выклікам, але і даюць новыя магчымасьці для абвяшчэньня збаўчай праўды Евангельля, якое перамяняе і ўзвышае ўсе чалавечыя адносіны. Вашыя намаганьні, а таксама вашых сьвятароў і супольнасьцяў дзеля грунтоўнага, усебаковага выхаваньня маладога пакаленьня ў чысьціні і адказнасьці, ня толькі дазволіць ім прыняць сапраўдную прыроду сужэнства, але і прынясе карысьць для ўсёй індыйскай культуры”.
“На жаль, Царква ня можа больш разьлічваць на падтрымку ўсяго грамадзтва ў хрысьціянскім разуменьні сужэнства як сталай і непарыўнай сувязі, скіраванай на працяг роду і асьвячэньне сужонкаў. – заўважыў Папа. – Няхай жа вашыя сем’і глядзяць на Госпада і Яго збаўчае слова для поўнага і па-сапраўднаму пазітыўнага ладу жыцьця і сужэнскіх адносінаў, што так неабходна для дабра ўсёй чалавечай сям’і. Няхай вашае навучаньне і выхаваньне ў гэтай сферы будуць цярплівымі і сталымі”, – заклікаў Сьвяты Айцец.
Бенядыкт XVI таксама выказаў удзячнасьць за вялікую дабрачынную дзейнасьць Сірыйска-Малабарскай Царквы, і асабліва за працу манахіняў. Таксама ён выказаў пажаданьне, каб індыйскія біскупы і старэйшыя ў манастырах не шкадавалі сілаў у клопаце пра адпаведнае ўсебаковае выхаваньне і духоўную фармацыю манаства згодна ўласнай абрадавай традыцыі, пачынаючы з належнага руплівага распазнаньня пакліканьняў кандыдатаў, а таксама і на працягу ўсяго жыцьця канкрэтнай асобы ды супольнасьці.
На фота сірыйска-малабарскія біскупы ў Рыме падчас візіту “ad limina Apostolorum” , а таксама відэасюжэт з сірыйска-малабарскай літургіі за спачылага Вярхоўнага Архібіскупа кард. Варкея Вітхаятхіла ў базыліцы сьв. Пятра (фота з сайту Archdiocese of Trichur):


Гл. таксама:
18-25 студзеня — Тыдзень малітваў за еднасьць хрысьціянаў
Рымскі Архірэй рэарганізаваў структуры Сірыйска-Малабарскай Царквы
Сьвяты Дух перамагае рознагалосьсі і будуе еднасьць
Сірыйска-малабарскі ярарх: трактуеце нас несправядліва
Завяршылася штогадовая сустрэча ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы