Мітрапаліт Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы датэрмінова сышоў на пенсію 25 красавіка 2022 году Прэс-цэнтар Сьвятога Пасаду паведаміў, што Сьвяты Айцец Францішак прыняў адстаўку ад пастырскага кіраваньня грэка-каталіцкай Прэшаўскай архіяпархіяй у Славакіі архібіскупа-мітрапаліта Яна Бабяка, SJ. Адначасова Папа Францішак прызначыў біскупа Пятра Руснака з Браціслаўскай япархіі Апостальскім адміністратарам sede vacante Прэшаўскай архіяпархіі.
Ватыкан: тэолагі асуджаюць расейскую агрэсію супраць Украіны Ваенная агрэсія Расеі супраць Украіны зьяўляецца злачынствам супраць міжнароднага права, правоў чалавека, свабоды і гуманізму — лічаць члены Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Пра гэта яны скіравалі адмысловую заяву — паведамляе Vatican News.
Біблія павінна быць сёньня нашай “Малой падарожнай кніжкай” 20 студзеня 2022 г. у грэка-каталіцкай царкве сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя адбылася Экуменічная малітоўная сустрэча з нагоды 500-годдзя выданьня “Малой падарожнай кніжкі” Францішка Скарыны, выдадзенай у Вільні ў 1522 г.
18.01.2022
Папа: ахвяруем цяжкасьці і пакуты ў інтэнцыі еднасьці хрысьціянаў Пасьля малітвы Анёл Гасподні, якая 16 студзеня 2022 году прайшла на плошчы сьвятога Пятра ў Ватыкане, Папа Рымскі Францішак скіраваў заклік у сувязі з набліжэньнем Тыдня малітваў за еднасьціь хрысьціянаў — паведамляе Беларуская рэдакцыя Vatican News.
03.12.2021
Візіт Папы на Кіпр і ў Грэцыю – крок у дыялогу любові Візіт Папы Рымскага на Кіпр і ў Грэцыю стане важным крокам на шляху «дыялогу любові» з Праваслаўнымі Цэрквамі. Такое меркаваньне выказаў старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, кардынал Курт Кох.
01.12.2021
Папа Патрыярху Барталамею I: мы ўмацоўваем глыбокую сувязь, якая ўжо нас яднае Як інфармуе Vatican News, у сёлетнім традыцыйным пасланьні Канстанцінопальскаму патрыярху з нагоды сьвята апостала Андрэя Першапакліканага, брата сьвятога Пятра, Папа Рымскі Францішак адзначыў, што іх супольная адказнасьць перад абліччам сучасных выклікаў вынікае з іх агульнай веры.
Апостал Андрэй — сьвяты апякун хрысьціянскага братэрства З 21 лістапада ў грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі пачалася душпастырская навэнна перад сьвятам Апостала Андрэя Першапакліканага — асаблівага апекуна і заступніка Ўсходняй (Візантыйскай) Царквы, якога шануюць хрысьціяне як на Ўсходзе, так і на Захадзе.
Пасьля сьмерці Вярхоўнага Архібіскупа Ернакулам-Ангамалі кардынала Варкея Вітхаятхіла Сінод Біскупаў Сірыйска-Малабарскай Царквы, сабраны 24 траўня 2011 году на Гары сьвятога Тамаша ў Каканад-Кочы (індыйскі штат Керала, дзе жыве найбольш хрысьціянаў гэтага абраду), абраў ягоным пераемнікам 66-гадовага біскупа Тукалайскага Джорджа Аленчэры (George Alencherry). 26 траўня 2011 году прэс-служба ў Ватыкане паведаміла пра тое, што Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI ухваліў просьбу аб пацьверджаньні выбару, які зрабілі ярархі Сірыйска-Малабарскай Царквы, абраўшы ўпершыню самастойна свайго новага зьверхніка. Адпаведную просьбу, згодна з прадпісаньнямі канону 153 Кодэкса Канонаў Усходніх Цэркваў, накіраваў Рымскаму Архірэю новаабраны Першаярарх гэтай Усходняй Каталіцкай Царквы ў Індыі Найдастойны Джордж Аленчэры.
Як паведамляе афіцыйны сайт Архіяпархіі Эрнакулам – Ангамалі, 29 траўня, у нядзелю, у катэдральнай базыліцы сьв. Марыі ў Кочы ў прысутнасьці вялікай колькасьці сьвятароў і вернікаў адбылася
ўрачыстая цырымонія інтранізацыі новага Першаярарха Сірыйска-Малабарскай Царквы Вярхоўнага Архібіскупа Эрнакулам – Ангамалі Джорджа Аленчэры. На інтранізацыі, якую ўзначальваў Адміністратар Царквы біскуп Боска Путур, прысутнічалі 44 сірыйска-малабарскія біскупы, а таксама Апостальскі нунцый у Індыі архібіскуп Сальваторэ Пенакіё, Першаярарх Сірыйска-Маланкарскай Царквы Вярхоўны Архібіскуп Базеліяс Кліміс, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Індыі кардынал Тэлесфорэ Топа. Было зачытана таксама віншавальнае пасланьне ад Папы Бенядыкта XVI.
Найдастойны Мар Джордж Аленчэры нарадзіўся 19 красавіка 1945 году на поўдні Індыі ў г. Туруці (штат Керала) сірыйска-малабарскай архіяпархіі Чанганачэры. Сьвятарскія сьвячаньні атрымаў 19 лістапада 1972 году. Працаваў сакратаром
Архібіскупа Чанганачэры, служыў віцэ-парахам у катэдры, зьяўляўся дырэктарам нядзельных школаў архіяпархіі. Джордж Аленчэры студыяваў у Папскай Духоўнай семінарыі сьв. Язэпа ў Алюве (Індыя), атрымаў дыплом доктара багаслоўя ў Каталіцкім інстытуце ў Парыжы, сьпецыялізуючыся ў катэхетыцы. Вярнуўшыся з Францыі, быў прызначаны дырэктарам Цэнтру катэхізацыі архіяпархіі Чанганачэры. Пазьней яго прызначылі дырэктарам Душпастырскага арыентацыйнага цэнтру ў Кочы. Гэты міжабрадавы душпастырскі цэнтр падпарадкаваны
Канферэнцыі Біскупаў штату Керала, у якую ўваходзяць
біскупы трох абрадаў, што існуюць у Індыі: лацінскага і двух ўсходніх – сірыйска-малабарскага і сірыйска-маланкарскага. Займаўся выкладчыцкай дзейнасьцю ў Папскім Ўсходнім інстытуце рэлігійных дасьледаваньняў у Катаяме і ў Папскім Інстытуце тэалогіі і філасофіі ў Алюве. Зьяўляўся Генеральным вікарыем Архіяпархіі Чанганачэры. 11 лістапада 1996 году а. Джордж Аленчэры быў прызначаны першым біскупам новаўтворанай япархіі Тукалай, а ў лютым наступнага году атрымаў хіратонію. 24 траўня 2011 году Выбарчы Сінод Біскупаў Сірыйска-Малабарскай Царквы абраў Уладыку Джорджа новым Вярхоўным Архібіскупам Эрнакулам-Ангамалі.
25 траўня Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI даў апостальскае пацьверджаньне выбару Сіноду. Пасьля свайго абраньня Вярхоўны Архібіскуп Аленчэры сказаў, што яго служэньне будзе для ўсіх людзей Індыі. Сярод сваіх прыярытэтаў ён адзначыў важнасьць міжабрадавых стасункаў, міжканфесійнай згоды і разьвіцьцё экуменізму.
Яго Сьвятасьць Мар Джордж Аленчэры. Фота Sahrudayaphotos.
Вярхоўны Архібіскуп Джордж Аленчэры – першы зьверхнік Сірыйска-Малабарскай Царквы, які абраны Сінодам. Такі спосаб зьяўляецца часткай новай
сістэмы кіраваньня, уведзенай у дзеяньне ў Сірыйска-Малабарскай Царкве пасьля сьмерці Папы Яна Паўла II, які ў 1992 годзе ўзьвёў гэтую Ўсходнюю Каталіцкую Царкву ў ранг вярхоўнага архібіскупства. Аднак за Рымскім Архірэем заставалася права прызначаць вярхоўнага архібіскупа і біскупаў гэтай Царквы. У 2004 годзе Ватыкан надаў поўныя адміністрацыйныя паўнамоцтвы Сірыйска-Малабарскай Царкве, у тым ліку права самастойна абіраць біскупаў і свайго зьверхніка. Гісторыя заснаваньня гэтай Ўсходняй Каталіцкай Царквы зьвязана з місіянерскай дзейнасьцю ў Індыі апостала Тамаша. Згодна з паданьнем сьвяты апостал Тамаш высадзіўся на Малабарскім узьбярэжжы (сучасны індыйскі штат Керала) каля 52 году нашай эры і прапаведаваў Евангельле ў розных кутках Індыі. У 72 годзе ён прыняў мучаніцкую сьмерць у г. Меліпура (сучасны г. Чэнаі, раней –
Мадрас) – быў працяты каламі. Абрад Сірыйска-Малабарскай Царквы належыць да ўсходне-сірыйскай (халдэйскай) літургічнай традыцыі. У літургічных багаслужбах сёньня найчасьцей выкарыстоўваецца традыцыйная для халдэйскага абраду старажытная Літургія апосталаў Тадэя і Марыя (літургія Мар Адаі і Мар Мары) – спадарожнікаў і палечнікаў апостала Тамаша. Багаслужбы сірыйска-малабарскіх хрысьціянаў захавалі значны адбітак старажытных юдэйскіх традыцыяў і маюць шмат сымбалічных сувязяў з Ерусалімам ды габрэйскай культурай. Варта адзначыць, што заснаваныя апосталам Тамашом першыя хрысьціянскія супольнасьці складаліся ня толькі з мясцовых жыхароў, але і з навернутых габрэяў, шмат калоніяў якіх там здаўна існавалі. Да XV ст. індыйскія хрысьціяне ня мелі
кантактаў з еўрапейскімі хрысьціянамі. Лацінскія місіянеры з Партугаліі насьцярожана паставіліся да сірыйска-малабарскага духавенства і мясцовых традыцыяў. У выніку яны заснавалі япархію лацінскага абраду, а іх дзейнасьць у Індыі прывяла да лацінізацыі малабарскага хрысьціянства ды шматлікіх расколаў у ім. Пэўная частка супольнасьцяў малабарскіх хрысьціянаў нават перарвала еднасьць з Апостальскай Сталіцай.
З даўніх часоў мовай набажэнстваў у сірыйска-малабарскіх хрысьціянаў зьяўляецца сірыйская мова. Яна захавалася ў якасьці літургічнай мовы нават ня гледзячы на поўную страту сувязяў з Блізкім Усходам і Сірыяй у Сярэднявеччы. Гэтаму паспрыяла перакананьне мясцовых вернікаў, што сірыйская мова блізкая або ідэнтычная з мовай, на якой размаўляў Хрыстос. Ад 1968 году набажэнствы ў Сірыйска-Малабарскай Царкве правяцца таксама па-ангельску і на мове малаялам. У XX ст. Сірыйска-Малабарская Царква пачала дынамічна разьвівацца пасьля пераўтварэньня ў 1923 годзе апостальскіх вікарыятаў у япархіі. У 1876 годзе было ўсяго каля 200 тысячаў сірыйска-малабарскіх католікаў, а праз стагоддзе, у 1960 годзе – 1,5 мільёны вернікаў. Сёньня Сірыйска-Малабарская Царква налічвае больш за 3,6 млн. вернікаў у Індыі і ў сьвеце, мае 27 япархіяў (11 з іх – у штаце Керала, адна з япархіяў – у Чыкага, ЗША). Яна таксама – другая у сьвеце па колькасьці вернікаў Царква ўсходняга абраду ў поўнай сулучнасьці з Рымскай Апостальскай Сталіцай (пасьля Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы). Да нядаўняга часу гэтую Царкву ўзначальваў кардынал Варкей Вітхаятхіл, які памёр у 1 красавіка гэтага году ва ўзросьце 84 гадоў.
Відэасюжэт з інтранізацыі Першаярарха Сірыйска-Малабарскай Царквы Вярхоўнага Архібіскупа Джорджа Аленчэры: