
13.06.2011
9-17 ліпеня 2011 году Цэнтр “Экумена” і рыма-каталіцкая парафія Божага провіду ў Слабодцы (Віцебскай вобл., Браслаўскі р-н) запрашаюць у летнік перакладчыкаў біблійных, багаслоўскіх і літургічных тэкстаў на беларускую мову. Летнік носіць міжканфесійны характар і да ўдзелу ў ім запрашаюцца асобы, незалежна ад іх веравызнаньня.
У Беларусі ўжо адбылося некалькі мерапрыемстваў, кансультацыяў людзей, прыналежных да розных канфесіяў, якія бачаць важнасьць у пашырэньні ўжываньня беларускай мовы ў царкоўных асяродках, а таксама непасрэдна займаюцца перакладамі на беларускую са старажытных і сучасных моваў. Найбольш фундментальным пытаньнем для гэтай працы зьяўляецца адсутнасьць перакладу на беларускую мову тэксту самай галоўный для хрысьціянаў кнігі – Бібліі.
Справа ў тым, што ва ўжытку існуюць розныя варыянты тэкстаў, аднак, альбо яны зробленыя ня з мовы- арыгіналу, часта з вялікай колькасьцю памылак, альбо той варыянт беларускай мовы, якім карыстаўся перакладчык, не заўжды тэрміналагічна вытрыманы, часта далёка ад літаратурнага.
Праблема стварэньня сучаснай беларускай Бібліі – вельмі актуальная, і часта спараджае імкненьне асобных аўтараў узяцца за гэтыю грандыёзную працу ў адзіночку, але ўрэшце, такая праца, хоць і мае быць ацэненая як годная, усё ж не набліжае нас да стварэньня такога тэксту, які б быў прыдатным ня толькі для асабістага ўжываньня вернікаў, але і для навуковага і літаратурнага вывучэньня.
Сярод мерапрыемстваў, пакліканых для каардынацыі метадычнай і ўласна перакладніцкай працы, варта адзначыць семінар і круглы стол перакладчыкаў “Шмат традыцыяў – адна мова”, які адбыўся ў Менску 23-24 кастрычніка 2010 г. Там, апроч абмеркаваньняў праблемаў і перашкодаў на шляху да стварэньня беларускай Бібліі, абмяркоўваліся і стратэгіі іх пераадоленьня. У прыватнасьці, былі прапанаваныя некалькі кірункаў па разьвіцьці навуковай, філалагічнай і метадычнай базы для будучага перакладу, сярод іх, такія, як:
2) пашырэньне бібліістычных дасьледаваньняў, у т.л., зьвязаных з пошукам адэкватных сэнсу і паэтыцы тэкста перакладніцкіх стратэгіяў;
4) падрыхтоўка слоўнікаў, у т.л. багаслоўскага, тэрміналагічнага, якія могуць стаць дапаможнікамі для перакладчыкаў;
5) пошук адэкватнай беларускай адаптацыі тэрмінаў і імёнаў уласных;
6) каардынацыя дзеянняў у галіне перакладу Бібліі.
Цэнтр “Экумена” на ласкавае запрашэньне пробашча парафіі Божага провіду ў Слабодцы кс. Сяргея Сурыновіча, праводзіць працоўна-духоўны летнік для тых, хто гатовы ахвяраваць сваім часам і высілкамі, каб ажыцьцяўляць рух у пазначаных вышэй кірунках. Для гэтага праграма ў летніку будзе падзеленая на некалькі рознага кшталту асьпектаў:
працоўныя сесіі – выкананьне той ці іншай працы ўдзельнікам семінару ў вызначаных вышэй кірунках (адлічбоўка тэкстаў, вычытка, праца над слоўнікам, аналітычная праца з тэкстамі і г.д., у залежнасьці ад надзённай патрэбы і падрыхтоўкі ўдзельніка);
духоўныя сесіі – безумоўна, духоўнае жыцьцё пастаяннае і ні на якія сесіі ня дзеліцца, але ў летніку будзе прысьвячацца асаблівы час для супольнага і індывідуальнага духоўнага жыцьця: малітвы, разборы Сьвятога Пісаньня, удзел у Еўхарыстыі (для ўдзельнікаў-каталікоў), знаёмства з духоўнымі скарбамі розных канфесіяў. Мяркуецца, што летнік будзе насіць ня проста міжканфесійны, але і экуменічны характар, каб прадстаўнікі розных хрысьціянскіх супольнасьцяў вучыліся жыць і разумець адзін аднога;
рэкрэацыйныя сесіі – адпачынак, культурная праграма, размовы. Парафія Божага провіду знаходзіцца ў, як цяпер кажуць, экалагічна чыстай зоне, на землях беларускага Паазер’я, на беразе цудоўнага возера, у зацішным куточку Браслаўшчыны.
Умовы побыту:
Удзельнікі разьмесьцяцца ў парафіяльным доме, дзе ёсьць прыбіральня і душ з гарачай вадой. Пакоі – рознага ўзроўню камфорту, пераважна спаць давядзецца на карыматах або цюфяках у спальных мяшках. Харчаваньне арганізуецца сіламі парафіі, аднак заўжды будзе вітацца дапамога ўдзельнікаў па прыгатаваньні страваў, прыбіраньні і мыцьці посуду. Ёсьць бесправадны інтэрнэт, просьба прыяжджаць з ноўтбукамі.
Умовы аплаты:
У якасьці аплаты будуць прымацца дабраахвотныя ахвяраваньні ўдзельнікаў у межах, якія ім можа дазволіць іх асабісты бюджэт. Вялікую частку расходаў прымае на сябе парафія Божага провіду, а таксама арганізатары летніка.
Удзельнікі самастойна аплочваюць свой праезд да Слабодкі. Калі нехта з удзельнікаў будзе дабірацца аўтамабілем, то можна будзе скаардынавацца, каб ехаць разам.
Удзельнікі: 15-20 чалавек, летнік носіць міжканфесійны характар, да ўдзелу запрашаюцца асобы, незалежна ад іх веравызнаньня.
Удзел асобаў з абмежаванымі магчымасьцямі: Да ўдзелу ў летніку запрашаюцца таксама асобы з абмежаванымі магчымасьцямі. Пытаньні транспартаваньня і побыту такіх асобаў у летніку ўзгадняюцца з арганізатарамі асабіста.
Працоўная мова: беларуская.
Каардынатары:
- пытаньні датычна праграмы летніка: Натальля Васілевіч (тэл.: +375293461493)
- пытаньні датычна побыту ў летніку: кс. Сяргей Сурыновіч.
Прыкладная праграма:
8.00 – 8.30 Ранішняя “духоўная сесія”
8.30 – 9.00 Сьняданак
9.00 – 9.20. Планаваньне працы
9.20 – 12.00 Навучальная/працоўная сесія (з перапынкамі)
12.30 – 15.00 Абед, вольны час, адпачынак
15.00 – 18.00 Навучальная/працоўная сесія (з перапынкамі)
18.00 – 19.00 Вечаровая “духоўная сесія”, вольны час
19.00 – 19.30 Вячэра
19.30 – 23.00 Вольны час, культурная праграма, апцыянальна: навучальная/працоўная сесія
Цягам летніку таксама будуць праводзіцца дыскусіі і круглыя сталы адносна бачаньня далейшай працы, супрацоўніцтва з іншымі суб’ектамі, аналізу працы, якая праводзіцца на дадзены момант.
У нядзелю – больш часу прысвячаецца “духоўнай сесіі”, вольнаму часу, культурнай праграме.
Просім даслаць заяўку аб сваім удзеле ў летніку да 20 чэрвеня 2011 г.
на адрас: ecumena@ecumena.by (Натальля Васілевіч).
Зьвяртаем увагу на тое, што колькасьць месцаў абмежаваная. Даводзім да Вашага ведама, што пры немагчымасьці ўдзелу на працягу ўсёй праграмы летніка па дамоўленасьці з арганізатарамі дапушчальна ўзяць удзел у адным ці некалькіх працоўных днях праграмы. Пры запаўненьні заяўкі, калі ласка, пазначце, цягам якога часу Вы зможаце браць удзел у праграме.
Да запрашэньня прыкладаецца заяўка на ўдзел у летніку.
Скачаць заяўку.
Гл. таксама:
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
Яна абараняла беларускасьць і вучыла любіць Бацькаўшчыну
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
Ірына Дубянецкая: Беларусь 1000 гадоў жыве бяз Бібліі
Семінары “Герменэўтыка. Чытаньне Бібліі”