Мітрапаліт Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы датэрмінова сышоў на пенсію 25 красавіка 2022 году Прэс-цэнтар Сьвятога Пасаду паведаміў, што Сьвяты Айцец Францішак прыняў адстаўку ад пастырскага кіраваньня грэка-каталіцкай Прэшаўскай архіяпархіяй у Славакіі архібіскупа-мітрапаліта Яна Бабяка, SJ. Адначасова Папа Францішак прызначыў біскупа Пятра Руснака з Браціслаўскай япархіі Апостальскім адміністратарам sede vacante Прэшаўскай архіяпархіі.
Ватыкан: тэолагі асуджаюць расейскую агрэсію супраць Украіны Ваенная агрэсія Расеі супраць Украіны зьяўляецца злачынствам супраць міжнароднага права, правоў чалавека, свабоды і гуманізму — лічаць члены Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Пра гэта яны скіравалі адмысловую заяву — паведамляе Vatican News.
Біблія павінна быць сёньня нашай “Малой падарожнай кніжкай” 20 студзеня 2022 г. у грэка-каталіцкай царкве сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя адбылася Экуменічная малітоўная сустрэча з нагоды 500-годдзя выданьня “Малой падарожнай кніжкі” Францішка Скарыны, выдадзенай у Вільні ў 1522 г.
18.01.2022
Папа: ахвяруем цяжкасьці і пакуты ў інтэнцыі еднасьці хрысьціянаў Пасьля малітвы Анёл Гасподні, якая 16 студзеня 2022 году прайшла на плошчы сьвятога Пятра ў Ватыкане, Папа Рымскі Францішак скіраваў заклік у сувязі з набліжэньнем Тыдня малітваў за еднасьціь хрысьціянаў — паведамляе Беларуская рэдакцыя Vatican News.
03.12.2021
Візіт Папы на Кіпр і ў Грэцыю – крок у дыялогу любові Візіт Папы Рымскага на Кіпр і ў Грэцыю стане важным крокам на шляху «дыялогу любові» з Праваслаўнымі Цэрквамі. Такое меркаваньне выказаў старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, кардынал Курт Кох.
01.12.2021
Папа Патрыярху Барталамею I: мы ўмацоўваем глыбокую сувязь, якая ўжо нас яднае Як інфармуе Vatican News, у сёлетнім традыцыйным пасланьні Канстанцінопальскаму патрыярху з нагоды сьвята апостала Андрэя Першапакліканага, брата сьвятога Пятра, Папа Рымскі Францішак адзначыў, што іх супольная адказнасьць перад абліччам сучасных выклікаў вынікае з іх агульнай веры.
Апостал Андрэй — сьвяты апякун хрысьціянскага братэрства З 21 лістапада ў грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі пачалася душпастырская навэнна перад сьвятам Апостала Андрэя Першапакліканага — асаблівага апекуна і заступніка Ўсходняй (Візантыйскай) Царквы, якога шануюць хрысьціяне як на Ўсходзе, так і на Захадзе.
Восеньскія Дзяды – час, калі беларусы асабліва ўспамінаюць сваіх памерлых продкаў, а таксама ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. З гэтай нагоды ў Менску ў шэрагу памінальных мерапрыемстваў узялі ўдзел беларускія грэка-каталіцкія сьвятары і вернікі.
29 кастрычніка
грамадзянская супольнасьць Беларусі адзначае як дзень Памяці ахвяр
палітычных рэпрэсіяў. Гэта трагічная дата ў нашай гісторыі – у ноч з 29 на 30
кастрычніка 1937 году ў Беларусі
было ўчынена адначасовае масавае зьнішчэньне беларускай эліты
(толькі ў Менску – больш як сто чалавек!). Гэта былі дзеячы культуры,
навукоўцы, кіраўнікі прадпрыемстваў, вядомыя дзяржаўныя і палітычныя
дзеячы.
У нядзелю, 30 кастрычніка 2011 году ў Менску адбылося дазволенае гарадзкімі ўладамі шэсьце з нагоды дня ўспаміну продкаў “Дзяды”. У Курапатах ля мемарыяльнага крыжа па ахвярах рэпрэсіяў грэка-каталіцкі сьвятар а. Пахом Кавалёў адслужыў паніхіду ў памяць пра бязьвінна забітых ахвярах бальшавіцкага тэрору. Урочышча Курапаты – гэта вялікі некропаль у лесе, дзе спачываюць парэшткі дзясяткаў тысячаў людзей,
расстраляных у 1930-ыя, сярод якіх было шмат прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай эліты.
Удзельнікі акцыі ў Курапатах ўсклалі кветкі ля безымянных крыжоў, запалілі сьвечкі, усталявалі новыя крыжы ва ўрочышчы, якіх там цяпер ужо больш за тысячу. Адбыўся таксама мітынг, а напрыканцы ўсе супольна прасьпявалі гімн “Магутны Божа”.
1 лістапада 2011 году, ва ўрачыстасьць Усіх Сьвятых паводле рыма-каталіцкай традыцыі, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў працэсію на менскіх Кальварыйскіх могілках. Разам з рыма-каталіцкімі сьвятарамі ў гэты дзень у працэсіі ўдзельнічаў грэка-каталіцкі сьвятар а. Аляксандар Шыбека, нядаўна прызначаны для служэньня ў Менск. Кальварыйскія могілкі – гэта самыя старажытныя могілкі ў Менску, першыя пахаваньні на якіх датуюцца канцом XVIII ст. Тут спачывае дэкан Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы а. Ян Матусевіч, намаганьнямі якога ў Беларусі адрадзілася гэтая Царква.
На пачатку працэсіі Мітрапаліт Кандрусевіч падкрэсьліў важнасьць
малітвы за памерлых. “Мы сабраліся, каб маліцца за тых, хто жыў да нас, будаваў маральныя і духоўныя каштоўнасьці грамадзтва”, – адзначыў ён. Аднак, як падкрэсьліў ярарах, нашым абавязкам ёсьць, маліцца ня толькі за бацькоў і родных, знаёмых, якія ўжо адышлі ў вечнасьць, але і памятаць пра тых, чые імёны ведае толькі Бог і за каго ніхто ня моліцца.
Як адзначае каталіцкі партал Catholic.by, Уладыка Кандрусевіч таксама заклікаў вернікаў памятаць “пра Курапаты, Магадан і іншыя месцы,
дзе былі забітыя людзі, якія, як і ўсе, заслугоўвалі шчасьця на зямлі і ў небе”. Мітрапаліт дадаў, што ў кожным, нягледзячы на веравызнаньне, “мы павінны бачыць чалавека, створанага для вечнага жыцьця”. 2 лістапада 2011 году на менскіх Кальварыйскіх могілках набажэнствы ва ўспамін усіх памерлых вернікаў узначаліў дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антон Дзям’янка. У працэсіі на Кальварыйскіх могілках і сьв. Імшы удзельнічаў і маліўся за памерлых протапрасьвітар БГКЦ а. Яўген Усошын.
Протапрасьвітар БГКЦ а. Яўген УсошынПротапрасьвітар БГКЦ а. Яўген Усошын
Падчас працэсіі сьвятары асьвяцілі магілкі, а ўдзельнікі памінальнага набажэнства маліліся за спачылых сьвятароў, сваіх бацькоў, родных і продкаў, а таксама за сваіх знаёмых, настаўнікаў і дабрадзеяў, за трагічна загінулых і ахвяраў войнаў. Пасьля працэсіі адбылася сьвятая Імша. У гаміліі падчас сьв. Імшы, як адзначае Catholic.by, біскуп Дзям’янка падкрэсьліў, што “малітва – гэта добры спосаб дапамогі памерлым, праява нашай хрысьціянскай міласэрнасьці да душы, час зьбіраньня заслугаў якой ужо скончыўся”. Ярарх нагадаў пра важнасьць малітвы, міласьціны, добрых учынкаў для душаў спачылых, назваўшы гэта “ключом, які адчыняе ім брамы раю”. Успамін усіх памерлых, адзначыў ён, “заахвочвае нас глянуць на жыцьцё з персьпектывы веры”.
Фота Сяргея Гудзіліна з сайту Наша Ніва, Васіля Федасенкі (Reuters) з сайту TUT.BY, Аляксандры Шчыглінскай з Catholic.by