Асуджаны як “шпіён Ватыкану і Японіі”
11 лютага 1952 году ў адным з лагероў пад Тайшэтам закончыўся зямны шлях грэка-каталіцкага архімандрыта Андрэя Цікоты. Савецкія ўлады прапаноўвалі яму прыняць сан праваслаўнага япіскапа і ўзначаліць праваслаўную Царкву ў Беларусі. Катэгарычная адмова прысьпешыла сьмерць былога генэрала Ордэну марыянаў. У 2003 годзе ў Рыме быў распачаты працэс беатыфікацыі гэтага выдатнага беларускага сьвятара. Да 60-х угодкаў ягонай мучаніцкай сьмерці прапануем гутарку Міхася Скоблы з дасьледчыкам беларускага хрысьціянскага руху Юрасём Гарбінскім, якая адбылася на Радыё Свабода.
17.02.2012
Выйшаў новы пераклад Бібліі на беларускую мову
У Менску пабачыў сьвет трэці пераклад Бібліі на беларускую мову, паведамляе Радыё Рацыя. Беларускае біблійнае таварыства выдала Біблію, перакладзеную на сучасную беларускую мову каталіцкім сьвятаром а. Уладзіславам Чарняўскім.
16.02.2012
Успамін мучаніцкай сьмерці архімандрыта Андрэя Цікоты
Сёлета 11 лютага мінула 60 гадоў з дня сьмерці ў “Озерлагу” – савецкім асобым лагеры для палітзьняволеных — архімандрыта а. Андрэя Цікоты з Ордэну айцоў марыянаў, выдатнага беларускага царкоўнага і грамадзкага дзеяча першай паловы XX стагоддзя. З гэтай нагоды ў Маладэчна і Менску адбыліся мемарыяльныя набажэнствы, а ў шэрагу еўрапейскіх гарадоў прайшлі дні памяці і рэфлексіяў над шматбаковым душпастырскім служэньнем і жыцьцёвым сьведчаньнем беларускага архімандрыта-мучаніка Андрэя Цікоты.
06.02.2012
Нунцый да грэка-католікаў: многае залежыць і ад вас 3-5 лютага 2012 году Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці знаходзіўся з візітам у Горадні. Папскі прадстаўнік наведаў каталіцкія парафіі лацінскага і візантыйскага абрадаў, духоўную семінарыю, сустрэўся з духавенствам і мясцовымі ўладамі.
05.02.2012
Чароўная казка для маладэчанскіх дзяцей з аслабленым зрокам
З ініцыятывы душпастыра і вернікаў грэка-каталіцкай парафіі Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладэчне ў нядзелю, 29 студзеня 2012 году, валанцёры Хрысьціянскага руху сьв. Мікалая наведалі мясцовую школу-інтэрнат для дзяцей з парушэньнямі зроку, якім паказалі сваю Калядную праграму, – паведамляе сайт гэтага руху.
31.01.2012
Ватыкан лічыць, што дыялог з пяцідзясятнікамі магчымы Экуменічны дыялог крочыць наперад таксама і ў дачыненьнях з пяцідзясятнікамі, хоць многія да гэтага часу маюць сумневы што да яго сутнасьці, — кажа а. Хуан Фернанда Ўсма Гомес з Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў. У ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano” ён апісвае цяперашні стан двухбаковых адносін у сувязі з Тыднем экуменічных малітваў, які адбыўся 18-25 студзеня.
27.01.2012
Экуменічны тыдзень у Барысаве
Ужо больш за 10 гадоў у Барысаве праводзяцца экуменічныя малітоўныя служэньні з удзелам сьвятароў і пастараў розных хрысьціянскіх супольнасьцяў. Ня стаў выключэньнем і гэты год, паведамляе беларускі каталіцкі партал Catholic.by.
26.01.2012
Экуменічная малітва ва Ўкраінскім каталіцкім універсітэце
У Львове прадстаўнікі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, Рыма-Каталіцкай Царквы, Армянскай Апостальскай Царквы і Царквы хрысьціянаў веры евангельскай прынялі ўдзел у міжканфесійнай сустрэчы з малітвай за еднасьць хрысьціянаў, паведамляе прэс-служба УКУ. Гэтае экуменічнае мерапрыемства адбылося 24 студзеня 2011 году ў капліцы Ўкраінскага каталіцкага ўніверсітэту.
25.01.2012
Мілан Жуст: у экуменізьме трэба заўважаць маленькія крокі наперад З нагоды Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў супрацоўнік Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў славенскі езуіт а. Мілан Жуст апублікаваў на старонках аднаго з студзеньскіх нумароў ватыканскай газеты “L’Osservatore Romano” свой штогадовы агляд экуменічных дачыненьняў з праваслаўнымі Цэрквамі славянскіх краінаў.
24.01.2012
Ад інфармаваньня да размовы
Архібіскуп Клаўдыё Марыя Чэльлі, старшыня Папскай Рады па сродках масавай камунікацыі, падкрэсьліў, што прысутнасьць каталікоў у Інтэрнэце мае надзвычай важнае значэньне для Царквы.
Успамін мучаніцкай сьмерці архімандрыта Андрэя Цікоты
Сёлета 11 лютага мінула 60 гадоў з дня сьмерці ў “Озерлагу” – савецкім асобым лагеры для палітзьняволеных — архімандрыта а. Андрэя Цікоты з Ордэну айцоў марыянаў, выдатнага беларускага царкоўнага і грамадзкага дзеяча першай паловы XX стагоддзя. З гэтай нагоды ў Маладэчна і Менску адбыліся мемарыяльныя набажэнствы, а ў шэрагу еўрапейскіх гарадоў прайшлі дні памяці і рэфлексіяў над шматбаковым душпастырскім служэньнем і жыцьцёвым сьведчаньнем беларускага архімандрыта-мучаніка Андрэя Цікоты. Мемарыяльныя ўрачыстасьці ў Маладэчна ў гонар архімандрыта Андрэя Цікоты.У нядзелю 12 лютага ў маладэчанскай рыма-каталіцкай парафіі сьв. Юзафа мясцовыя вернікі разам з грэка-католікамі з парафіі Хрыста Чалавекалюбцы адзначалі ўспамін мучаніцкай сьмерці Слугі Божага Андрэя Цікоты, паведамляе Catholic.by. Маладэчна невыпадкова было абрана месцам урачыстага ўспаміну гэтага выдатнага беларускага сьвятара і грамадзкага
дзеяча. Віленшчына — гэта яго родны край. Андрэй Цікота нарадзіўся 5 сьнежня 1891 году ў рыма-каталіцкай сям’і ў мясцовасьці Тупальшчына Віленскай губерні (сёньня — у Смаргонскім р-не), навучаўся ў Ашмянах і менавіта тут, у Маладэчна, у 1917–1918 гг. пачынаў сваё душпастырскае служэньне пасьля заканчэньня Петраградзкай духоўнай акадэміі. Падчас мемарыяльных урачыстасьцяў у Маладэчна вернікі абодвух абрадаў удзельнічалі ў Еўхарыстыі, якую ўзначаліў пробашч парафіі сьв. Юзафа кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі. Сьвятар падкрэсьліў, што ўспамін пра трагічныя падзеі мінулага вучыць сучасных хрысьціянаў быць мужнымі вызнаўцамі Хрыста. Казаньне прамовіў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Архімандрыт Сяргей
узгадаў словы сьвятара-марыяніна а. Язэпа Германовіча, які разам з а. Цікотам быў арыштаваны ў Харбіне і падзяліў цяжар савецкіх лагераў, аб тым, што Слуга Божы Андрэй “стаўся ахвярай за веру і Бацькаўшчыну”. Архімандрыт Андрэй Цікота (1891-1952) быў вядомым беларускім сьвятаром Віленскай дыяцэзіі. З блаславеньня біскупа Эдварда Ропа ён пачаў актыўна карыстацца беларускай мовай у сваёй душпастырскай дзейнасьці ў парафіях у Маладэчне, Вілейцы і Будславе. Наогул у беларускім нацыянальным руху ён пачаў удзельнічаць з 1913 году, яшчэ з часоў навучаньня ў Віленскай духоўнай семінарыі, дзе належаў да беларускага культурна-асьветнага гуртка. Быў удзельнікам 1-га зьезду беларускіх каталіцкіх сьвятароў у Менску 24-25 траўня 1917 году. У 1918 годзе біскуп Віленскі Юры Матулевіч дазволіў яму для лепшага служэньня Бацькаўшчыне пераехаць у Менск, які стаў цэнтрам беларускага грамадзкага і
рэлігійнага жыцьця. З 1918 году а. Андрэй Цікота стаў прафесарам фундаментальнай і дагматычнай тэалогіі ў Менскай духоўнай семінарыі. У тым жа 1918-ым абраны ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Да верасьня 1919 году працаваў у складзе Часовага Беларускага нацыянальнага камітэту. Падчас польска-бальшавіцкай вайны арыштоўваўся бальшавікамі як закладнік, але быў вызвалены. У 1920 годзе а. Андрэй Цікота вырашыў уступіць у супольнасьць айцоў-марыянаў, стварыў марыянскі кляштар і навіцыят у Друі, які стаў калыскай беларускай марыянскай супольнасьці. Працаваў у Друі таксама як пробашч, грамадзкі і культурны дзеяч, быў дырэктарам і выхавацелем у гімназіі, якую заснаваў. Па даручэньні біскупа Юрыя Матулевіча (сёньня — блаславёны Царквы) ён займаўся стварэньнем і апекай заснаванай у Друі манаскай супольнасьці Сясьцёр Еўхарыстак. Айцец Андрэй Цікота шмат цікавіўся каталіцтвам усходняга бараду, у 1927 годзе браў удзел ва Ўнійным кангрэсе ў Велеградзе (Чэхія). Разам з а. Фабінам Абрантовічам распрацоўваў планы місійнай дзейнасьці для адраджэньня Уніі ў Беларусі. У 1933-1939 гг. а. Андрэй Цікота зьяўляўся зьверхнікам (Генеральным суперыёрам) Ордэну марыянаў. У 1939 году папа Пій ХІІ прызначыў а. Цікоту Апостальскім адміністратарам экзархату для католікаў візантыйскага абраду ў Харбіне (Маньчжурыя). Адзін з апошніх фотаздымкаў
Архімандрыта Андрэя Цікоты22 сьнежня 1948 году кітайская міліцыя арыштавала манахаў-марыянаў і перадала іх НКВД. Падчас допытаў у Чыцінскай турме архімандрыту Андрэю Цікоту прапаноўвалі перайсьці ў праваслаўе, але ён катэгарычна адмовіўся ад гэтага. Ведаючы яго вялікі духоўны аўтарытэт і здольнасьці, савецкія ўлады прапаноўвалі яму пасаду першага ў Беларусі мітрапаліта незалежнай ад Ватыкану Каталіцкай Царквы. Незважаючы на моцна падарванае ў турэмных умовах здароўе, архімандрыт Цікота рашуча адкінуў гэтую правакацыйную прапанову. Пасьля працяглага сьледчага працэсу, будучы абвінавачаны ў арганізацыі тэрарыстычнае групоўкі ў ліцэі сьв. Мікалая ў Харбіне, антысавецкай агітацыі і шпіянажы на карысьць Ватыкану і Японіі, разам з іншымі манахамі ён быў асуджаны на 25 гадоў лагероў.
span> Сваё зьняволеньне а. Андрэй Цікота адбываў у “Озерлагу” – асобым лагеры № 7 для палітвязьняў з асабліва суровым рэжымам, дзе патаемна выконваў сьвятарскае служэньне сярод вязьняў, падтрымліваў іх веру і дух. Памёр у выніку хваробаў, змучаны цяжкімі лагернымі ўмовамі і працай, будучы пазбаўлены медычнай дапамогі, 11 лютага 1952 году. Пахаваны беларускі сьвятар-мучанік на шпітальных лагерных могілках у ваколіцах Брацку Іркуцкай вобласьці. Магіла была пазначана простым калком і сёньня яе знайсьці практычна немагчыма. Афіцыйная прычына сьмерці — спыненьне сардэчнай дзейнасьці пры агульнай інтаксікацыі арганізму, выкліканай туберкулёзным менінгітам. (З копіяй дакумента аб сьмерці архімандрыта Андрэя Цікоты можна пазнаёміцца тут). У 2003 годзе з
ініцыятывы Каталіцкай Царквы ў Расеі афіцыйна распачаты працэс беатыфікацыі Слугі Божага архімандрыта Андрэя Цікоты. 8 лютага 2012 году ў Генеральным доме айцоў марыянаў у Рыме распачалася міжнародная кансультацыйная праграма, прысвечаная дасьледаваньню жыцьця і мучаніцкага подзьвігу Архімандрыта Андрэя Цікоты. Перш цыкл гэтай праграмы адбыўся ў Рыме, Сінт-Ніклаасе (Бельгія), Трумаў (Аўстрыя), Празе (Чэхія) і Менску і завяршыўся 13 лютага. Другі цыкл пройдзе ў Варшаве (Польшча), Вільні (Літва), Іркуцку і Чыце (Расея).