Царква
Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату
(Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Якава 4:6)
"Царква", № 2 (29), 2001
Галоўная Навіны хрысьціянскага сьвету
Памер шрыфту

17.02.2012

Выйшаў новы пераклад Бібліі на беларускую мову

У Менску пабачыў сьвет трэці пераклад Бібліі на беларускую мову, паведамляе Радыё Р***я. Беларускае біблійнае таварыства выдала Біблію, перакладзеную на сучасную беларускую мову каталіцкім сьвятаром а. Уладзіславам Чарняўскім.
  
Першая Біблія на беларускай мове была выдадзеная ў Нью-Ёрку Янкам Станкевічам і Майсеем Гітліным у 1973 годзе. Аднак гэты пераклад быў зроблены вельмі малым накладам і ў Беларусі з ім змагло пазнаёміцца хіба вузкае кола сьпецыялістаў і аматараў беларушчыны. Да таго ж беларуская мова перакладчыка досыць сьпецыфічная.
 
Пазьней пераклад і выданьне ўсіх кніг Старога і Новага Запавету на добрай сучаснай літаратурнай мове ажыцьцявіў у 2002 годзе Васіль Сёмуха. Гэты пераклад Бібліі, выдадзены 10-тысячным накладам, хоць і непазбаўлены пэўных хібаў, упершыню стаў шырокадаступным для хрысьціянаў у Беларусі. Аднак і яго сёньня ўжо можна знайсьці толькі ў інтэрнэце.
 
Менавіта таму новае выданьне Бібліі ў беларускім перакладзе а. Уладзіслава Чарняўскага зьяўляецца вельмі каштоўным для беларускіх вернікаў.
 
Як падкрэсьлівае беларускі каталіцкі партал Catholic.by, айцец У. Чарняўскі ў 1968 годзе атрымаў даручэньне на пераклад Бібліі ад Кангрэгацыі Божага культу, а папа Павел VI асабіста блаславіў яго на гэтую працу.
 
Незадоўга да сваёй сьмерці, пры канцы 2001 году, а. Уладзіслаў Чарняўскі перадаў правы на выданьне сваіх рукапісаў Беларускаму Біблійнаму таварыству, і таму набор, апрацоўка і падрыхтоўка да друку гэтага перакладу рабілася сіламі сябраў Беларускага Біблійнага таварыства. Спачатку ў 1999 годзе выйшаў Новы Запавет у перакладзе айца У. Чарняўскага, а ў 2003 годзе было зьдзейсьнена яго 2-е выданьне з праўкамі Антона Бокуна. І вось нарэшце ў 2012 годзе выйшла ўся Біблія ў перакладзе а. Уладзіслава Чарняўскага.
 
Асаблівасьць гэтага выданьня Бібліі ў тым, што ў ім падаецца прыклад заходняй традыцыі беларускага перакладу Сьвятога Пісаньня. Пераклад базаваўся на лацінскай Бібліі. Каштоўнасьць гэтага новага беларускага перакладу Бібліі ў тым, што ў яго былі ўключаныя таксама і другакананічныя кнігі, якія ў папярэдніх двух перакладах адсутнічалі.
 
Таксама ўпершыню ў гэтым выданьні Бібліі зьмешчаны пэўны даведачны апарат: ёсьць паралельныя месцы, спасылкі, каляровыя мапы, якія даюць уяўленьні пра месцы біблійных падзеяў.
 
Набыць новую беларускую Біблію можна ў Беларускім біблійным таварыстве (г. Менск, вуліца Чыгладзэ, 19), а хутка яна зьявіцца таксама і ў кнігарнях.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 1087 разоў (-ы)