Мітрапаліт Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы датэрмінова сышоў на пенсію 25 красавіка 2022 году Прэс-цэнтар Сьвятога Пасаду паведаміў, што Сьвяты Айцец Францішак прыняў адстаўку ад пастырскага кіраваньня грэка-каталіцкай Прэшаўскай архіяпархіяй у Славакіі архібіскупа-мітрапаліта Яна Бабяка, SJ. Адначасова Папа Францішак прызначыў біскупа Пятра Руснака з Браціслаўскай япархіі Апостальскім адміністратарам sede vacante Прэшаўскай архіяпархіі.
Ватыкан: тэолагі асуджаюць расейскую агрэсію супраць Украіны Ваенная агрэсія Расеі супраць Украіны зьяўляецца злачынствам супраць міжнароднага права, правоў чалавека, свабоды і гуманізму — лічаць члены Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Пра гэта яны скіравалі адмысловую заяву — паведамляе Vatican News.
Біблія павінна быць сёньня нашай “Малой падарожнай кніжкай” 20 студзеня 2022 г. у грэка-каталіцкай царкве сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя адбылася Экуменічная малітоўная сустрэча з нагоды 500-годдзя выданьня “Малой падарожнай кніжкі” Францішка Скарыны, выдадзенай у Вільні ў 1522 г.
18.01.2022
Папа: ахвяруем цяжкасьці і пакуты ў інтэнцыі еднасьці хрысьціянаў Пасьля малітвы Анёл Гасподні, якая 16 студзеня 2022 году прайшла на плошчы сьвятога Пятра ў Ватыкане, Папа Рымскі Францішак скіраваў заклік у сувязі з набліжэньнем Тыдня малітваў за еднасьціь хрысьціянаў — паведамляе Беларуская рэдакцыя Vatican News.
03.12.2021
Візіт Папы на Кіпр і ў Грэцыю – крок у дыялогу любові Візіт Папы Рымскага на Кіпр і ў Грэцыю стане важным крокам на шляху «дыялогу любові» з Праваслаўнымі Цэрквамі. Такое меркаваньне выказаў старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, кардынал Курт Кох.
01.12.2021
Папа Патрыярху Барталамею I: мы ўмацоўваем глыбокую сувязь, якая ўжо нас яднае Як інфармуе Vatican News, у сёлетнім традыцыйным пасланьні Канстанцінопальскаму патрыярху з нагоды сьвята апостала Андрэя Першапакліканага, брата сьвятога Пятра, Папа Рымскі Францішак адзначыў, што іх супольная адказнасьць перад абліччам сучасных выклікаў вынікае з іх агульнай веры.
Апостал Андрэй — сьвяты апякун хрысьціянскага братэрства З 21 лістапада ў грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі пачалася душпастырская навэнна перад сьвятам Апостала Андрэя Першапакліканага — асаблівага апекуна і заступніка Ўсходняй (Візантыйскай) Царквы, якога шануюць хрысьціяне як на Ўсходзе, так і на Захадзе.
У сваім Пастырскім Слове на сьвята Пасхі Хрыстовай 2012 году Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек) разважае пра дар сьвятарства і прыводзіць прыклад добрага пастыра і вернага сьведкі Евангельля Экзарха а. Антона Неманцэвіча ды заклікае вернікаў асэнсаваць праўду пра тое, што “Хрыстос у сваім прыніжэньні ёсьць блізкі да ўсіх, хто церпіць, хто праходзіць выпрабаваньні і перасьлед”. Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей ГаекВялебныя Айцы Сьвятаслужыцелі! Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты! Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
Усіх вас шчыра віншую са сьветлым Хрыстовым Уваскрасеньнем:
Хрыстос уваскрос! – Сапраўды ўваскрос! 1.
Да пасхальнай радасьці Ўваскрасеньня Госпада нашага Ісуса Хрыста Сьвятая Царква прывяла нас праз Вялікі тыдзень Мукаў Хрыстовых, асабліва праз Вялікі чацвер, Вялікую пятніцу, Вялікую суботу. У багаслужбах тых дзён мы маглі ўспамінаць увесь Провід Божы, які Ісус Хрыстос споўніў дзеля нас і дзеля нашага збаўленьня. У Вялікі чацвер мы ўзгадвалі вялікі Дар Еўхарыстыі і сьвятарскага служэньня, які Хрыстос даручыў Сваёй Сьвятой Царкве. Гэта было для ўсіх нас добрай нагодай асэнсаваць каштоўнасьць гэтага дару сьвятарства для ўсяго Народу Божага. Усіх сьвятароў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы даручаю вашым малітвам і дзякую ім за ахвярнае і бескарысьлівае служэньне Богу, Царкве і Бацькаўшчыне. Усім вернікам выказваю глыбокую ўдзячнасьць за духоўную,
малітоўную і матэрыяльную падтрымку іхняга служэньня. Богаслужэньні Вялікай пятніцы Мукаў Хрыстовых дазволілі нам глыбока асэнсаваць праўду, што Хрыстос у сваім прыніжэньні ёсьць блізкі да ўсіх, хто церпіць, хто праходзіць выпрабаваньні і перасьлед. Зьняважаны і бічаваны Хрыстос няспынна заклікае нас да нашай з імі салідарнасьці. 2. Таямніца Хрыстовага Ўваскрасеньня прасьвятляе ўсіх людзей добрай волі ды натхняе нас шукаць праўду пра саміх сябе, пра нашую гісторыю, пра нашае сьведчаньне Евангельля і вернасьці Богу. У гэтым годзе Беларуская Грэка-
Каталіцкая Царква адзначае 70-я ўгодкі мучаніцкага подзьвігу Экзарха Антона Неманцэвіча і ягонай паствы — шматлікіх вернікаў Палесься ды Гарадзеншчыны. Мучаніцкі шлях Экзарха беларускіх грэка-католікаў Антона Неманцэвіча пачаўся ў жніўні 1942 году, калі ён быў арыштаваны ў Альбярціне нямецкімі нацыстамі ды ўвязьнены ў турме СД у Менску. Некалькі тыдняў пазьней, восеньню 1942 году, гітлераўскія карныя аддзелы спалілі палескія вёскі разам з іх жыхарамі, што ўваходзілі ў склад грэка-каталіцкай (неаўнійнай) парафіі ў Бабровічах (сёньня — у Івацэвіцкім раёне). На тэрыторыі архіпастырскага служэньня Экзарха-Мучаніка, паміж рэкамі Нёман і Шчара (у трохкутніку Ліда – Баранавічы – Ваўкавыск), карная акцыя пад кодавай назвай “Гамбург” праводзілася ў
сьнежні 1942 году. Айцец Антон ва ўсім сваім жыцьці ды служэньні імкнуўся быць добрым пастырам і верным сьведкам Евангельля. У жыцьці і душпастырстве а. Антон кіраваўся прынцыпам, які стаўся яго своеасаблівым дэвізам: «Наш абавязак адносна Бога — Яму служыць, а ня Ім паслугоўвацца». І гэтаму ён навучаў сваю паству. Нягледзячы на розьніцы ў веравызнаньні, ён быў пакорным слугою для ўсіх сваіх суайчыньнікаў. Ягоным вялікім ідэалам была зьяднаная Царква. Як тэолаг і душпастыр ён імкнуўся да гэтага ідэалу праз будаваньне перад усім братэрскіх адносінаў з праваслаўнымі братамі. У пасхальны час лічым нашым абавязкам
увекавечыць любоў гэтых сьведкаў веры да Бога, Паўсюднай Царквы і да Бацькаўшчыны, любоў, за якую яны заплацілі найвышэйшую цану – сваё жыцьцё. У гэтым годзе, які ў нашай Царкве праходзіць пад дэвізам «Евангелізацыя – пакліканьне сям’і», молімся за беларускія сем’і ды за нашу вялікую Сям’ю – Беларусь. Выхаваньне моладзі ў духу Евангельля, у адказнай любові да Бацькаўшчыны, да беларускай мовы і культуры, лічым асаблівым заданьнем нашае Царквы. 3. Пачэсныя Айцы! Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры! Хачу разьдзяліць з вамі радасьць,
крыніцай якой зьяўляецца Ўваскрасеньне Гасподняе, і прагну перадаць вам самыя сардэчныя зычэньні, каб Госпад Ісус Хрыстос, якога сустракаем у богаслужэньнях Царквы, у «ламаньні Хлеба» і тлумачэньні Слова Жыцьця, дадаваў адвагі ў вызнаньні веры, што гэта Ён перамог сьвет. Няхай праз заступніцтва Багародзіцы ды праз прыклад і малітвы мучанікаў і сьведкаў Хрыста на нашай Беларускай Зямлі блаславеньне Ўваскрослага Ісуса Хрыста дойдзе да ўсіх вас, да ўсіх вернікаў нашай Царквы ў Беларусі і ў замежжы, да ўсіх хрысьціянаў і да людзей добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне. Молімся, каб Уваскрослы Хрыстос узмацняў надзею ў перадоленьні цяжкасьцяў, якія паўстаюць перад намі кожны дзень, ды каб Ён быў для ўсіх прыкладам узаемнай хрысьціянскай любові.
Хрыстос уваскрос! – Сапраўды уваскрос!
Менск, Пасха Хрыстова 2012 г. + Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек) Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі