Памінальная малітва за Янку Купалу і Алаізу Пашкевіч-Цётку ў Горадні
21 красавіка 2012 году душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай айцец Андрэй Крот адслужыў у Горадні пасхальную паніхіду за супакой вялікіх беларускіх пісьменьнікаў і грамадзкіх дзеячаў Янкі Купалы і Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Памінальнае набажэнства ў касьцёле Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі (пабрыгіцкім) стала духоўным завяршэньнем Купалаўскіх чытаньняў, якія адбыліся
20-21 красавіка ў Гарадзенскім універсітэце імя Я. Купалы і былі прымеркаваныя да 130-х угодкаў паэта.
09.04.2012
Велікоднае слова Апостальскага Візітатара БГКЦ
У сваім Пастырскім Слове на сьвята Пасхі Хрыстовай 2012 году Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек) разважае пра дар сьвятарства і прыводзіць прыклад добрага пастыра і вернага сьведкі Евангельля Экзарха а. Антона Неманцэвіча ды заклікае вернікаў асэнсаваць праўду пра тое, што “Хрыстос у сваім прыніжэньні ёсьць блізкі да ўсіх, хто церпіць, хто праходзіць выпрабаваньні і перасьлед”.
08.04.2012
Дар жыцьця У сваім велікодным звароце Апостальскі Візітатар для беларусаў-католікаў замежжа айцец Аляксандар Надсан зьвярнуўся да тэмы сьмяротнага пакараньня і галадовак пратэсту.
07.04.2012
Архібіскуп Гуджэроцьці наведаў грэка-каталіцкі храм у Віцебску 4 красавіка 2012 году падчас візіту ў Віцебскую рыма-каталіцкую дыяцэзію Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці па запрашэньні Апостальскага Візітатара БГКЦ архімандрыта Сяргея Гаека наведаў таксама душпастырскі цэнтр грэка-каталіцкай парафіі Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Віцебску, паведамляе Catholic.by.
21.03.2012
Ірына Дубянецкая: Беларусь 1000 гадоў жыве бяз Бібліі Адзіная ў Беларусі жанчына доктар сакральнай тэалогіі дадае: “Бяз Бібліі па-беларуску”. Правакацыйнае сьцьверджаньне, праўда? Так і хочацца паспрачацца: “Як так, я бачыў Біблію па-беларуску”, “У мяне дома ёсьць!”. Менавіта паспрачацца й хоча Ірына Дубянецкая, запрашаючы вас на сваю публічную лекцыю “1000 гадоў бяз Бібліі: беларускія біблійныя пераклады і еўрапейская цывілізацыя”, якая адбудзецца ў межах цыкла лекцый “Urbi et Orbi”. Занатуйце: 23 сакавіка (пятніца), а 18.30 у “Галерэі Ў” (пр-т Незалежнасьці, 37а, метро "Плошча Перамогі"). Уваход вольны!
20.03.2012
Айцец Аляксандар Надсан – пра дар жыцьця і сьмяротнае пакараньне
Падчас казаньня на нядзельнай Літургіі 18 сакавіка 2012 году ў царкве сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў Лондане Апостальскі Візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы айцец Аляксандар Надсан выказаўся адносна актуальных падзеяў у Беларусі, якія ўсхвалявалі грамадзтва: пра выкананьне сьмяротнага пакараньня паводле прысуду Канавалаву і Кавалёву, якіх абвінавацілі ў зьдзяйсьненьні тэракту ў менскім метро, а таксама
пра галадоўку Сяргея Каваленкі, якая сёньня ўжо пагражае ягонаму жыцьцю.
02.03.2012
Ніхто і нішто ня можа адмяніць запаведзі Божыя
Рашэньне пра перанос урадам Беларусі, у сувязі з сьвяткаваньнем 8 сакавіка, працоўнага дня на нядзелю, хрысьціянскія Цэрквы Беларусі ўспрынялі са зьдзіўленьнем і неразуменьнем.
02.03.2012
У Вене пачаліся беларускія набажэнствы
У сталіцы Аўстрыі на просьбу мясцовых беларусаў архібіскуп Вены, кардынал Хрыстафор Шонбарн заснаваў беларускае грэка-каталіцкае душпастырства ў гонар Хрыста Чалавекалюбцы, паведамляе Радыё Свабода.
22.02.2012
Мы маем вялікі ўласны патэнцыял добрых людзей
Перад пачаткам Вялікага посту завяршылася акцыя “Сьвяты Мікалай ідзе да дзяцей”, арганізаваная валанцёрскім рухам сьв. Мікалая, каардынацыйны цэнтр якога знаходзіцца пры грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Менску.
22.02.2012
“Стаўся ахвярай за веру і Бацькаўшчыну”
Грэка-каталіцкі клуб інтэлігенцыі імя сьв. Кірылы Тураўскага ў Менску запрашае на духоўную сустрэчу, якая адбудзецца з нагоды 60-годдзя мучаніцкай сьмерці (11 лютага 1952 г.) у асобым лагеры для палітзьняволеных пад Тайшэтам Архімандрыта Андрэя Цікоты M.I.C.
У сваім Пастырскім Слове на сьвята Пасхі Хрыстовай 2012 году Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек) разважае пра дар сьвятарства і прыводзіць прыклад добрага пастыра і вернага сьведкі Евангельля Экзарха а. Антона Неманцэвіча ды заклікае вернікаў асэнсаваць праўду пра тое, што “Хрыстос у сваім прыніжэньні ёсьць блізкі да ўсіх, хто церпіць, хто праходзіць выпрабаваньні і перасьлед”. Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей ГаекВялебныя Айцы Сьвятаслужыцелі! Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты! Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
Усіх вас шчыра віншую са сьветлым Хрыстовым Уваскрасеньнем:
Хрыстос уваскрос! – Сапраўды ўваскрос! 1.
Да пасхальнай радасьці Ўваскрасеньня Госпада нашага Ісуса Хрыста Сьвятая Царква прывяла нас праз Вялікі тыдзень Мукаў Хрыстовых, асабліва праз Вялікі чацвер, Вялікую пятніцу, Вялікую суботу. У багаслужбах тых дзён мы маглі ўспамінаць увесь Провід Божы, які Ісус Хрыстос споўніў дзеля нас і дзеля нашага збаўленьня. У Вялікі чацвер мы ўзгадвалі вялікі Дар Еўхарыстыі і сьвятарскага служэньня, які Хрыстос даручыў Сваёй Сьвятой Царкве. Гэта было для ўсіх нас добрай нагодай асэнсаваць каштоўнасьць гэтага дару сьвятарства для ўсяго Народу Божага. Усіх сьвятароў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы даручаю вашым малітвам і дзякую ім за ахвярнае і бескарысьлівае служэньне Богу, Царкве і Бацькаўшчыне. Усім вернікам выказваю глыбокую ўдзячнасьць за духоўную,
малітоўную і матэрыяльную падтрымку іхняга служэньня. Богаслужэньні Вялікай пятніцы Мукаў Хрыстовых дазволілі нам глыбока асэнсаваць праўду, што Хрыстос у сваім прыніжэньні ёсьць блізкі да ўсіх, хто церпіць, хто праходзіць выпрабаваньні і перасьлед. Зьняважаны і бічаваны Хрыстос няспынна заклікае нас да нашай з імі салідарнасьці. 2. Таямніца Хрыстовага Ўваскрасеньня прасьвятляе ўсіх людзей добрай волі ды натхняе нас шукаць праўду пра саміх сябе, пра нашую гісторыю, пра нашае сьведчаньне Евангельля і вернасьці Богу. У гэтым годзе Беларуская Грэка-
Каталіцкая Царква адзначае 70-я ўгодкі мучаніцкага подзьвігу Экзарха Антона Неманцэвіча і ягонай паствы — шматлікіх вернікаў Палесься ды Гарадзеншчыны. Мучаніцкі шлях Экзарха беларускіх грэка-католікаў Антона Неманцэвіча пачаўся ў жніўні 1942 году, калі ён быў арыштаваны ў Альбярціне нямецкімі нацыстамі ды ўвязьнены ў турме СД у Менску. Некалькі тыдняў пазьней, восеньню 1942 году, гітлераўскія карныя аддзелы спалілі палескія вёскі разам з іх жыхарамі, што ўваходзілі ў склад грэка-каталіцкай (неаўнійнай) парафіі ў Бабровічах (сёньня — у Івацэвіцкім раёне). На тэрыторыі архіпастырскага служэньня Экзарха-Мучаніка, паміж рэкамі Нёман і Шчара (у трохкутніку Ліда – Баранавічы – Ваўкавыск), карная акцыя пад кодавай назвай “Гамбург” праводзілася ў
сьнежні 1942 году. Айцец Антон ва ўсім сваім жыцьці ды служэньні імкнуўся быць добрым пастырам і верным сьведкам Евангельля. У жыцьці і душпастырстве а. Антон кіраваўся прынцыпам, які стаўся яго своеасаблівым дэвізам: «Наш абавязак адносна Бога — Яму служыць, а ня Ім паслугоўвацца». І гэтаму ён навучаў сваю паству. Нягледзячы на розьніцы ў веравызнаньні, ён быў пакорным слугою для ўсіх сваіх суайчыньнікаў. Ягоным вялікім ідэалам была зьяднаная Царква. Як тэолаг і душпастыр ён імкнуўся да гэтага ідэалу праз будаваньне перад усім братэрскіх адносінаў з праваслаўнымі братамі. У пасхальны час лічым нашым абавязкам
увекавечыць любоў гэтых сьведкаў веры да Бога, Паўсюднай Царквы і да Бацькаўшчыны, любоў, за якую яны заплацілі найвышэйшую цану – сваё жыцьцё. У гэтым годзе, які ў нашай Царкве праходзіць пад дэвізам «Евангелізацыя – пакліканьне сям’і», молімся за беларускія сем’і ды за нашу вялікую Сям’ю – Беларусь. Выхаваньне моладзі ў духу Евангельля, у адказнай любові да Бацькаўшчыны, да беларускай мовы і культуры, лічым асаблівым заданьнем нашае Царквы. 3. Пачэсныя Айцы! Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры! Хачу разьдзяліць з вамі радасьць,
крыніцай якой зьяўляецца Ўваскрасеньне Гасподняе, і прагну перадаць вам самыя сардэчныя зычэньні, каб Госпад Ісус Хрыстос, якога сустракаем у богаслужэньнях Царквы, у «ламаньні Хлеба» і тлумачэньні Слова Жыцьця, дадаваў адвагі ў вызнаньні веры, што гэта Ён перамог сьвет. Няхай праз заступніцтва Багародзіцы ды праз прыклад і малітвы мучанікаў і сьведкаў Хрыста на нашай Беларускай Зямлі блаславеньне Ўваскрослага Ісуса Хрыста дойдзе да ўсіх вас, да ўсіх вернікаў нашай Царквы ў Беларусі і ў замежжы, да ўсіх хрысьціянаў і да людзей добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне. Молімся, каб Уваскрослы Хрыстос узмацняў надзею ў перадоленьні цяжкасьцяў, якія паўстаюць перад намі кожны дзень, ды каб Ён быў для ўсіх прыкладам узаемнай хрысьціянскай любові.
Хрыстос уваскрос! – Сапраўды уваскрос!
Менск, Пасха Хрыстова 2012 г. + Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек) Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі