
04.05.2012
Паводле інфармацыі з Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь з 7 па 10 траўня 2012 году з візітам у Беларусі будзе знаходзіцца Ўладыка Цырыл Васіль (Cyril Vasil’), з Таварыства Ісуса (Ордэн Езуітаў), тытулярны архібіскуп Пталемаіды ў Лівіі, Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.
Архібіскуп Кірыла (Васіль) перадасьць прывітаньне ад Сьвятога Айца і сустрэнецца з каталіцкімі біскупамі і вернікамі Беларусі як лацінскага (рымскага) так і візантыйскага (грэка-каталіцкага) абраду, сустрэнецца з намесьнікам міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, паслом Рэспублікі Беларусь пры Сьвятым Пасадзе, спадаром Сяргеем Алейнікам і з Патрыяршым Экзархам nусёй Беларусі, Мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філарэтам.
Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў памоліцца на месцах мучаніцтва зьнішчаных супольнасьцяў і зробіць у Менску даклад на тэму “Значэньне хрысьціянскага Ўсходу для Паўсюднай Царквы”. У беларускай сталіцы Ўладыка Кірыла ўзначаліць таксама Сьвятую Імшу ў касьцёле сьв. Сымона і Алены, паведамляе сайт Svjazep.org.
Даведка:
У 1989 годзе атрымаў ліцэнцыят усходняга кананічнага права ў Папскім Усходнім інстытуце ў Рыме, там жа ў 1994 годзе абараніў доктарскую працу па Ўсходнім кананічным праве.
Пасьля заканчэньня студыяў а. Цырыл Васіль зьяўляўся прафесарам, дэканам факультэту кананічнага права ў Папскім Усходнім інстытуце, прарэктарам, а з 2007 году — рэктарам гэтага Інстытуту. Працаваў таксама прафесарам у Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, на тэалагічных факультэтах ва ўніверсітэтах Браціславы і Трнавы. Разам з Архімандрытам Сяргеем (Гаекам) працаваў у коле кансультараў Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.
7 траўня 2009 году Папа Бенядыкт XVI прызначыў а. Цырыла Васіля, SJ, які дагэтуль працаваў рэктарам Папскага Ўсходняга інстытуту (Pontificia Instituto Orientale), Сакратаром Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. 14 чэрвеня 2009 году ў рымскай базыліцы Santa Maria Maggiore адбылася яго архірэйская хіратонія. Папа надаў яму годнасьць тытулярнага архібіскупа Птолемаіды ў Лівіі.
Архібіскуп Цырыл Васіль зьяўляецца кансультарам (дарадцам) Кангрэгацыі навукі веры, з 2010 году — Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, а з 2011 году — сябра Папскай Рады па справах пастырства мігрантаў і падарожнікаў, дзе раней служыў дарадцам. Акрамя таго, ён быў прызначаны кансультантам-эксьпертам агульнага Сіноду Біскупаў, прысьвечанага Тайне Еўхарыстыі, які адбыўся ў 2005 годзе.
Уладыка Кірыла (Васіль) – аўтар шматлікіх кніг і публікацыяў, супрацоўнічаў з Ватыканскім Радыё.
Таксама значную частку свайго жыцьця ён прысьвяціў душпастырству каталіцкіх скаўтаў, быў скаўцкім капеланам у Рымскай дыяцэзіі, тры гады (з 2003 г.) зьяўляўся капеланам Міжнароднай Федэрацыі гайдаў і скаўтаў Еўропы.
Акрамя роднай славацкай мовы, валодае таксама лацінскай, італійскай, ангельскай, французскай, нямецкай, гішпанскай, грэцкай, царкоўнаславянскай, расейскай і ўкраінскай мовамі. Уладыка Кірыла свабодна чытае па-беларуску і шматразова дапамагаў сваімі юрыдычнымі кансультацыямі БГКЦ.
Гл. таксама:
Першаярарх УГКЦ: будзьце пэўныя, мы будзем адстойваць вашыя патрэбы і вашыя правы
Захоўваць ідэал Еднасьці, абвяшчаць моц маленькіх, прыніжаных і непрызнаных
Айцец Яўген Усошын: Працэс кананізацыі вельмі складаны
Ватыканскі ярарх наведаў Альбярцін і ўшанаваў Жыровіцкую ікону Багародзіцы
Дні памяці і малітвы – пад апекай Багародзіцы