Не давай вадзе выхаду, ні злы жонцы - улады, а калі яна не ідзе пад рукою тваёю, то адатні яе ад плоці тваёй
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 25:28-29)
Мітрапаліт Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы датэрмінова сышоў на пенсію 25 красавіка 2022 году Прэс-цэнтар Сьвятога Пасаду паведаміў, што Сьвяты Айцец Францішак прыняў адстаўку ад пастырскага кіраваньня грэка-каталіцкай Прэшаўскай архіяпархіяй у Славакіі архібіскупа-мітрапаліта Яна Бабяка, SJ. Адначасова Папа Францішак прызначыў біскупа Пятра Руснака з Браціслаўскай япархіі Апостальскім адміністратарам sede vacante Прэшаўскай архіяпархіі.
Ватыкан: тэолагі асуджаюць расейскую агрэсію супраць Украіны Ваенная агрэсія Расеі супраць Украіны зьяўляецца злачынствам супраць міжнароднага права, правоў чалавека, свабоды і гуманізму — лічаць члены Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Пра гэта яны скіравалі адмысловую заяву — паведамляе Vatican News.
Біблія павінна быць сёньня нашай “Малой падарожнай кніжкай” 20 студзеня 2022 г. у грэка-каталіцкай царкве сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя адбылася Экуменічная малітоўная сустрэча з нагоды 500-годдзя выданьня “Малой падарожнай кніжкі” Францішка Скарыны, выдадзенай у Вільні ў 1522 г.
18.01.2022
Папа: ахвяруем цяжкасьці і пакуты ў інтэнцыі еднасьці хрысьціянаў Пасьля малітвы Анёл Гасподні, якая 16 студзеня 2022 году прайшла на плошчы сьвятога Пятра ў Ватыкане, Папа Рымскі Францішак скіраваў заклік у сувязі з набліжэньнем Тыдня малітваў за еднасьціь хрысьціянаў — паведамляе Беларуская рэдакцыя Vatican News.
03.12.2021
Візіт Папы на Кіпр і ў Грэцыю – крок у дыялогу любові Візіт Папы Рымскага на Кіпр і ў Грэцыю стане важным крокам на шляху «дыялогу любові» з Праваслаўнымі Цэрквамі. Такое меркаваньне выказаў старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, кардынал Курт Кох.
01.12.2021
Папа Патрыярху Барталамею I: мы ўмацоўваем глыбокую сувязь, якая ўжо нас яднае Як інфармуе Vatican News, у сёлетнім традыцыйным пасланьні Канстанцінопальскаму патрыярху з нагоды сьвята апостала Андрэя Першапакліканага, брата сьвятога Пятра, Папа Рымскі Францішак адзначыў, што іх супольная адказнасьць перад абліччам сучасных выклікаў вынікае з іх агульнай веры.
Апостал Андрэй — сьвяты апякун хрысьціянскага братэрства З 21 лістапада ў грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі пачалася душпастырская навэнна перад сьвятам Апостала Андрэя Першапакліканага — асаблівага апекуна і заступніка Ўсходняй (Візантыйскай) Царквы, якога шануюць хрысьціяне як на Ўсходзе, так і на Захадзе.
Сьвята Еднасьці пад апекай Маці Божай Берасьцейскай
З малітвы ля цудатворнай іконы Маці Божай Берасьцейскай 30 чэрвеня 2012 году распачаліся сёлета парафіяльныя ўрачыстасьці грэка-каталіцкай парафіі братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці. У гэты суботні вечар разам з братамі рыма-католікамі вернікі берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі на чале з сваім душпастырам а. Ігарам Кандрацьевым маліліся ў касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа. У гэты дзень сьвяткуецца ўспамін Маці Божай Берасьцейскай. Пробашч касьцёлу кс. Юры Хіневіч прапанаваў сказаць казаньне для вернікаў з нагоды сьвята а. Ігару Кандрацьеву.
Малітва грэка-католікаў ля цудатворнай іконы Маці Божай Берасьцейскай.У сваім казаньні сьвятар прапанаваў вернікам задумацца і адказаць самім сабе на пытаньне, якой была Марыя, Маці Ісуса, за што мы Яе шануем, да чаго Яна нас заклікае і вучыць сваім жыцьцём.
Пасьля сьв. Імшы, адслужанай каля алтара з цудатворным абразом Усячыстае Дзевы з Немаўляткам Ісусам, усе прысутныя разам з хорам грэка-католікаў маліліся Акафіст да Найсьвяцейшай Багародзіцы. Кожны радок акафісту быў адказам на пытаньне, якое паставіў вернікам у сваім казаньні грэка-каталіцкі сьвятар. Яшчэ і на наступны дзень, у нядзелю, уражаныя прыгажосьцю сьпеву і глыбінёй зьместу Акафісту да Багародзіцы, кабеты з касьцёлу жыва абмяркоўвалі гэтую падзею. А ў нядзелю, 1 ліпеня, берасьцейскія грэка-католікі сустракалі шматлікіх гасьцей у сваім храме і душпастырскім цэнтры. Урачыстую Боскую Літургію з нагоды парафільнага сьвята ўзначальваў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек). З гэтага году галоўныя парафіяльныя ўрачыстасьці ў гонар братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, апекуноў хрысьціянскага Захаду і Ўсходу, грэка-каталіцкая грамада ў Берасьці вырашыла сьвяткаваць ў апошні ўік-энд чэрвеня (раней сьвята было прымеркавана да дня літургічнага ўспаміну сьв. апостала Андрэя — 30 лістапада). Гэты перанос выкліканы жаданьнем даць магчымасьць як мага большай колькасьці вернікаў прыняць удзел у парафіяльных сьвяткаваньнях у больш зручны для многіх, летні час. Тым больш, што напрыканцы чэрвеня паводле літургічнага календара БГКЦ адзначаецца некалькі сьвятаў, якія, як адзначыў Архімандрыт Сяргей (Гаек) у сваім казаньні падчас Літургіі, надаюць асаблівую сымболіку парафіяльным сьвяткаваньням у Берасьці: 29 чэрвеня — сьвята вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, якое для ўсіх католікаў зьяўляецца яшчэ і сьвятам яднаньня з Біскупам Рыму, Пераемнікам пасаду сьв. апостала Пятра, а 30 чэрвеня сьвяткуецца Сабор слаўных і ўсяхвальных 12-ці апосталаў, сярод якіх ушаноўваюцца і першпакліканыя Ісусам браты-апосталы Пятро і Андрэй. Да таго ж, 30 чэрвеня 1996 году, упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі, была каранавана залатымі папскімі каронамі цудатворная ікона Маці Божай Берасьцейскай — напэўна, адзіная і самая каштоўная рэліквія, што засталася нам ад зруйнаванага ў выніку будаўніцтва крэпасьці сярэднявечнага Берасьця. Сьвята Берасьцейскай іконы Маці Божай, якую, паводле паданьня, прывёз з Рыму пасьля падпісаньня Берасьцейскай царкоўнай Уніі 1596 году ўніяцкі біскуп Уладзімірскі і Берасьцейскі Іпаці Пацей, адзначецца ў апошнюю суботу чэрвеня. На жаль, пакуль яшчэ вельмі мала ладзіцца пілігрымак у дзень сьвята гэтай іконы. Вось жа ў берасьцейскіх грэка-католікаў ёсьць нагода і добрая магчымасьць разам з братамі рыма-католікамі сумесна ўшаноўваць гэтую цудатворную ікону Багародзіцы і ўрачыста праслаўляць Бога ў гэтыя дні. Сьвята ў гонар нябесных апекуноў берасьцейскай парафіі традыцыйна мае характар сьвята Еднасьці. На яго зьбіраюцца ня толькі мясцовыя грэка-католікі але і шматлікія госьці з іншых грэка-каталіцкіх парафіяў Берасьцейшчыны (з Івацэвічаў, Баранавічаў, Пінску), заснаваньне якіх стала плёнам евангельскай і місійнай працы берасьцейцаў. Заўсёды жаданыя на парафіяльным сьвяце таксама сябры і дабрадзеі берасьцейскай парафіі: рыма-католікі, праваслаўныя, вернікі пратэстанцкіх супольнасьцяў. Вось і сёлета, каб павіншаваць берасьцейцаў і зьяднацца ў малітве прыехалі вялікія групы грэка-католікаў з Івацэвічаў і Пінску, сябры з каталіцкай супольнасьці ў Астраўцы, госьці з Менску: з супольнасьці “Каштоўная пярліна”, а таксама католікі-місіянеры з Нігерыі Рафаэль і Кейсі. Маладыя госьці з Афрыкі ў якасьці падарунка выканалі некалькі вядомых хрысьціянскіх песьняў па-ангельску. Яны ўразілі ўсіх сваімі цудоўнымі чыстымі галасамі і шчырай малітвай. Таксама падчас віншаваньняў парафіі падзяліўся з прысутнымі некалькімі сваімі хрысьціянскімі песьнямі-перажываньнямі ў стылі рэп Максім Дыбко з Пінску. Завяршэньнем віншавальнай праграмы сьвята стала падрыхтаваная берасьцейскімі грэка-католікамі 30-хвілінная музычная відэапрэзентацыя “Скажы: “Так!”” на тэму нашага адказу на Божы заклік. Затым для ўсіх была зладжана сьвяточная брацкая агапа-абед, пасьля якой аж да вечару працягваліся сьпевы, малітва і сумеснае праслаўленьне Бога.