I ня гэтым толькі, але хвалімся і жальбамі, ведаючы, што ад жальбы ідзе цярплівасьць,
ад цярплівасьці дасьведчанасьць, ад дасьведчанасьці надзея (Пасланьне сьв. ап. Паўла да Рымлянаў 5:3-4)
У Ліван ўцякла група грэка-каталікоў з сірыйскага горада Алепа
З узмацненьнем узброеных сутыкненьняў паміж урадавымі сіламі і паўстанцамі ў хрысьціянскіх раёнах Сірыі ўсё больш хрысьціянаў, што складаюць каля 10% насельніцтва, пакідае гэтую краіну. Напрыканцы жніўня 2012 году з Сірыі ў Ліван уцяклі некалькі сьвятароў Мельхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы, сярод якіх і архібіскуп горада Алепа Жан-Клімент Жанбар (Jean-Clement Jeanbart), паведамляе каталіцкае агенцтва Fides.
17.08.2012
Творчая спадчына кс. Яна Твардоўскага цяпер – па-беларуску
З творчай спадчынай знакамітага польскага паэта, адметнага прадстаўніка сучаснай рэлігійнай лірыкі, сьвятара Яна Твардоўскага можна пазнаёміцца цяпер і па-беларуску. Выдавецтва “Pro Christо” падрыхтавала і выдала зборнік яго выбраных вершаў “Разам з Табою”.
03.08.2012
Сьвятар БГКЦ Васіль Ягораў пра акцыю ў абарону жыцьця “Ад акіяну да акіяну” У другой палове ліпеня 2012 году, у рамках міжнароднай экуменічнай акцыі ў абарону жыцьця “Ад акіяну да акіяну”, у 17 гарадах Беларусі была ўшанавана копія іконы Маці Божай Чанстахоўскай. Далей акцыя ў абарону жыцьця працягнецца ў Латвіі, Літве, Польшчы і іншых краінах Еўропы — да Фацімы ў Партугаліі, куды абраз будзе дастаўлены ў сьнежні 2012 году. Гэтая акцыя, якую разам зладзілі католікі і праваслаўныя, пройдзе ў 23 краінах сьвету.
02.08.2012
Першаярарх УГКЦ: “Мы балюча перажываем падзел адзінай Кіеўскай Царквы”
“Я адкрыты да дыялогу, і нават больш таго — лічу, што павінен адбыцца працэс прымірэньня з РПЦ. Мы маем гістарычныя раны, якія могуць быць вылекаваныя толькі дзякуючы працэсу, у якім будуць браць удзел усе царкоўныя інстытуцыі. Я хацеў бы распачаць гэты шлях і спадзяюся, што з боку РПЦ будзе такая ж адкрытасьць”, - сказаў Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Сьвятаслаў Шаўчук у інтэрв’ю для
італійскага выданьня “Il Regno”.
31.07.2012
Айцец Віктар Данілаў: “Я заўсёды быў антыкамуністам” Грэка-каталіцкі сьвятар а. Віктар Данілаў, які 20 ліпеня адзначыў сваё 85-годдзе – чалавек незвычайнага лёсу. У пошуках праўды і сэнсу жыцьця ён прайшоў складаны шлях ад атэіста да сьвятара. Будучы асуджаны за антысавецкую агітацыю, у савецкім лагеры ён знайшоў свой шлях да Бога і адчуў там сваё пакліканьне. Ён прыняў сьвятарскія сьвячаньні ў падпольнай Грэка-Каталіцкай Царкве і адважна нёс Добрую Вестку людзям у часы савецкага дзяржаўнага атэізму. Яго служэньне як сьвятара і дэкана БГКЦ Папа Ян Павел II адзначыў царкоўнай узнагародай – залатым крыжам “Pro Ecclesia et Pontifice”.
27.07.2012
Рэктар Украінскага каталіцкага ўніверсітэту а. Барыс Гудзяк намінаваны на біскупа
Ватыканская інфармацыйная служба VIS паведаміла, што Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI 21 ліпеня 2012 году прыняў адстаўку грэка-каталіцкага біскупа Міхаіла Грынчышына, ЧНА, Апостальскага экзарха для ўкраінскіх грэка-католікаў у Францыі ў сувязі з дасягненьнем гранiчнага ўзросту (у лютым гэтага году Ўладыку споўнілася 83 гады). Адначасова, як адзначае Дэпартамент інфармацыі УГКЦ, Сьвяты Айцец блаславіў рашэньне Сіноду Біскупаў УГКЦ і прызначыў яго наступнікам айца-мітрата Барыса Гудзяка, рэктара Ўкраінскага каталіцкага ўніверсітэту. Новаму біскупу быў нададзены тытулярны пасад Каркабіі.
23.07.2012
Створана япархія для маранітаў у Парыжы
Як паведамляе Ватыканская інфармацыйная служба VIS, 21 ліпеня 2012 году Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI заснаваў новую япархію для вернікаў Мараніцкай Каталіцкай Царквы, якія жывуць у Заходняй Еўропе. Новая япархія для маранітаў з цэнтрам у Парыжы ў Францыі атрымала назву Маці Божай Ліванскай у Парыжы (Notre-Dame du Liban de Paris).
22.07.2012
Першаярарх УГКЦ адкрыў усеўкраінскі зьезд харызматычных супольнасьцяў і арганізацыяў
Лідары і сябры харызматычных супольнасьцяў, арганізацыяў і школ Украіны 11 ліпеня 2012 году сустрэліся ў Чарткове, што на Тарнопальшчыне, каб распавесьці пра сваю дзейнасьць, абмяняцца досьведам служэньня і паслухаць афіцыйны погляд Царквы што да руху “Адновы ў Сьвятым Духу”.
Грэка-Каталіцкая Царква запрашае ў пілігрымку
11 ліпеня 2012 году, у дзень успаміну Полацкай трагедыі 1705 году, калі ад рук расейскага цара Пятра I і яго сьвіты ў грэка-каталіцкай катэдры сьв. Сафіі ў Полацку загінулі пяцёра манахаў-базыльянаў, вырушыць у шлях чарговая, васямнаццатая па ліку, штогадовая пілігрымка беларускіх грэка-католікаў з Віцебску ў Полацак. Асноўная тэма разважаньняў для ўдзельнікаў сёлетняй пілігрымкі — евангелізацыя, месца і пакліканьне
ў ёй сям’і.
Архіўныя матэрыялы пра архімандрыта Андрэя Цікоту і кс. Адама Станкевіча перададзены ў Рым
Асабістая справа архім. Андрэя Цікоты.На пачатку ліпеня 2012 году ў Варшаве адбылася сустрэча беларускага гісторыка і літаратуразнаўцы д-ра Юрыя Гарбінскага са Генеральным суперыёрам Кангрэгацыі Айцоў Марыянаў у Рыме а. Андрэем Пакулам, якому ён перадаў унікальныя архіўныя матэрыялы, паведамляе Catholic.by. Сустрэча была прысьвечана вынікам эксьпедыцыі беларускага дасьледчыка ў Іркуцкую вобласьць, што праходзіла з 10 па 25 траўня гэтага году і мела на мэце пошук архіўных матэрыялаў пра вязьняў савецкага ГУЛАГу — архімандрыта Андрэя Цікоту і кс. Адама Станкевіча, а таксама высьвятленьне месцаў і акалічнасьцяў іх сьмерці. Падчас сустрэчы кіраўніцтву Ордэну марыянаў былі перададзены копіі асабістых справаў вязьняў «Возерлагу» — архімандрыта А. Цікоты і кс. А. Станкевіча, а таксама багатая калекцыя фота- і відэаматэрыялаў. Беларускі дасьледчык выказаў глыбокую ўдзячнасьць супольнасьці марыянаў у асобе айца Генеральнага суперыёра, а таксама Апостальскаму візітатару для грэка-католікаў Беларусі архімандрыту Сяргею Гаеку і айцу правінцыялу марыянаў у Польшчы а. Паўлу Наўмовічу за дзейсную падтрымку і спрыяньне ў рэалізацыі гэтага праекту. Асаблівым чынам спадар Гарбінскі падзякаваў марыяніну а. Вячаславу Пялінку, які прыняў удзел ва ўшанаваньні памяці беларускіх сьвятароў і адслужыў памінальныя сьв. Імшы на месцы іх пахаваньняў у Іркуцкай вобласьці пад Тайшэтам. У сваю чаргу айцец Генеральны суперыёр Андрэй Пакула шчыра падзякаваў беларускаму навукоўцу за пасьпяховае завяршэньне праекту і за перададзеныя ў Рым матэрыялы. Пошукавая
эксьпедыцыя доктара гістарычных навук Юрыя Гарбінскага ў Іркуцкую вобласьць праходзіла пад патранатам Кангрэгацыі Айцоў Марыянаў і зьвязана з беатыфікацыйным працэсам архімандрыта Андрэя Цікоты і архімандрыта Фабіяна Абрантовіча, які распачаты ў Рыме ў 2003 годзе. Віцэ-пастулятарам гэтага працэсу зьяўляецца беларускі сьвятар Вячаслаў Пялінак, у задачу якога ўваходзіць збор разнастайных дакументаў і пошук сьведкаў. Асабістая справа кс. Адама Станкевіча.Варта адзначыць, што найвышэйшыя ўлады Ордэну марыянаў у Рыме з вялікай прыхільнасьцю і разуменьнем паставіліся да прапановы д-ра Ю. Гарбінскага, які перад пачаткам эксьпедыцыі выказаў пажаданьне ўключыць у праект таксама і
справу пошукаў месца пахаваньня пад Тайшэтам заснавальніка Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі сьвятара-патрыёта кс. Адама Станкевіча. Такім чынам, дзякуючы руплівай працы д-ра Ю. Гарбінскага, былі запоўнены яшчэ некалькі маладасьледаваных беларускіх старонак у жахлівай гісторыі савецкага ГУЛАГу. Даведка: Архімандрыт Андрэй Цікота (1891–1952) — адзін з пачынальнікаў беларускага хрысьціянскага руху ў XX ст. У 1918 г. быў абраны ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. За сваю дзейнасьць арыштоўваўся
бальшавіцкай уладай. Пасьля ўступленьня ў 1920 г. у супольнасьць айцоў марыянаў стварыў марыянскі кляштар і навіцыят у Друі, які стаў калыскай беларускай марыянскай супольнасьці. Працаваў у Друі таксама як пробашч, грамадзкі і культурны дзеяч, быў дырэктарам і выхавацелем у гімназіі, якую заснаваў. Унёс уклад у кіраваньне супольнасьцю сясьцёр еўхарыстак, заснаванай у Друі бл. Юрыем Матулевічам. У 1933–1939 гг. а. Андрэй Цікота выконваў абавязкі Генеральнага суперыёра Кангрэгацыі Айцоў Марыянаў. У 1939 г. папа Пій ХІІ прызначыў а. Цікоту Апостальскім Адміністратарам экзархату візантыйска-славянскага абраду ў Харбіне (Маньчжурыя). 22 сьнежня 1948 г. кітайская міліцыя арыштавала манахаў-марыянаў і перадала іх НКВД. Падчас допытаў у Чыцінскай турме архімандрыту Андрэю Цікоту прапаноўвалі перайсьці ў праваслаўе, але ён катэгарычна адмовіўся ад гэтага. Пазьней савецкія ўлады, ведаючы яго вялікі духоўны аўтарытэт і здольнасьці, спрабавалі намовіць яго заняць пасаду першага ў Беларусі мітрапаліта незалежнай ад Ватыкану Каталіцкай Царквы. Пасьля працяглага сьледчага працэсу разам з іншымі манахамі-марыянамі быў асуджаны на 25 гадоў працы ў сібірскіх лагерах. У зьняволеньні архім. Цікота патаемна выконваў сьвятарскае служэньне сярод вязьняў. Памёр, змучаны цяжкімі ўмовамі пражываньня ў лагерах і хваробамі, 11 лютага 1952 г.