
31.07.2012
Грэка-каталіцкі сьвятар а. Віктар Данілаў, які 20 ліпеня адзначыў сваё 85-годдзе – чалавек незвычайнага лёсу. У пошуках праўды і сэнсу жыцьця ён прайшоў складаны шлях ад атэіста да сьвятара. Будучы асуджаны за антысавецкую агітацыю, у савецкім лагеры ён знайшоў свой шлях да Бога і адчуў там сваё пакліканьне. Ён прыняў сьвятарскія сьвячаньні ў падпольнай Грэка-Каталіцкай Царкве і адважна нёс Добрую Вестку людзям у часы савецкага дзяржаўнага атэізму. Яго служэньне як сьвятара і дэкана БГКЦ Папа Ян Павел II адзначыў царкоўнай узнагародай – залатым крыжам “Pro Ecclesia et Pontifice”.

Айцец Віктар Данілаў – грэка-каталіцкі (уніяцкі) сьвятар, чалавек незвычайнага лёсу: яму давялося прайсьці праз пекла ГУЛАГу, знайшоўшы там шлях да Бога і сваё пакліканьне, заснаваць у Горадні парафію Маці Божай Фацімскай, пасьля чаго вярнуцца ў Расею з апошнім місіянерскім падарожжам.
– Айцец Віктар, Вашае навяртаньне да веры падчас адсідкі апісанае ў кнізе ўспамінаў “Мой шлях да Бога і каталіцкай царквы”, аднак чаму ўсё ж такі – грэка-каталіцтва?
– Я быў ахрышчаны ва ўсходнім абрадзе і быў жанаты. Таму ў лацінскім абрадзе ўжо быць ня мог. Сёньня па хадайніцтву мітрапаліта Кандрусевіча зьяўляюся бірытуалістам – магу служыць у двух абрадах. Зьвязана гэта з тым, што я быў патрэбны ў Расеі.
– А чаму пераехалі ў Горадню?
– Прычына – уцёкі ад КДБ на сваёй Радзіме. З-за місіянерскай дзейнасьці я ня мог уладкавацца на працу для ўтрыманьня сям’і. Там (у Расеі – “ТС”) каталікоў ненавідзелі... Акрамя таго я быў на дрэнным рахунку ў КДБ, бо меў дзьве палітычныя судзімасьці. У Горадні каталікоў было шмат і на гэта ня так коса глядзелі.
– Як пачыналася гарадзенская грэка-каталіцкая парафія?
– Для рэгістрацыі паводле закону патрэбна было 10 чалавек – людзі прыходзілі больш з патрыятычных пачуцьцяў, у Бога яны яшчэ ня верылі. Пасьля была праца з людзьмі, колькасьць парафіянаў вырасла да 80, частка зьехала. Пастаянных было хіба чалавек 60. Парафіі далі імя Маці Божай Фацімскай – тады гэта было модна. Яе прароцтвы натхнялі да веры.
– А ці не было ў Вас праблемаў з расейскім паходжаньнем, з беларускай ды ўкраінскай мовамі?
– Украінскія каталікі ня дурні, каб дачапляцца да мяне з-за мовы. Яны радыя ўжо таму, што я не “маскаль”, а чалавек іх маралі і поглядаў. Таксама было і ў Беларусі, хоць некаторыя хацелі на пачатку, каб я прапаведваў па-беларуску – я пачаў рабіць пераклады, але высьвятлілася, што па-расейску мае казаньні ўсё ж такі больш “запальвалі”, таму людзі сказалі: “Лепш па-расейску”. Але ў царкоўных справах я заўсёды праводзіў беларускую традыцыю і не дапускаў “сінадальшчыны”: напрыклад у выбары іконаў, стылі жывапісу і датычна “ныцьця” у сьпевах; я заўсёды быў антыкамуністам. (Афіцыйнае праваслаўе і палітыка Сіноду лічылася за савецкім часам падкантрольнай афіцыйным уладам – “ТС”.)
Службу я вёў па-беларуску. Сам часьцяком размаўляў на “трасянцы”, на якой размаўляе большасьць беларусаў. Чыстая беларуская мова мне давалася дрэнна, бо я ведаў польскую і часьцяком блытаўся з-за падобных словаў. Па царкоўна-славянску не служыў, бо гэтай мовы нават расейцы не разумелі.
– Чаму Вы зьехалі з Горадні і з Беларусі?
– Я вярнуўся ў Расею ў 2005-м, мне было ўжо 78 год, таму меў права на спакой. Акрамя таго на Радзіме ў мяне было два ўнукі бяз бацькі, які рана памёр, іх трэба было выхоўваць. І, нарэшце, Расея вызвалілася ад КПСС і я меў намер нешта зрабіць для яе, гэта быў мой абавязак. Грэка-каталікоў на Радзіме не было, сьвятароў, якія б ведалі расейскую мову не хапала – мяне запрасілі. Я працаваў вікарыем, бо быў ужо хворы: перанёс інфаркт, грыжа храбта пашкодзіла ногі, таму яшчэ ў Беларусі я езьдзіў на таксі... Старасьць. Зараз 85 і з хаты фактычна не выходжу, інвалід 2-й групы.
– Не шкадуеце аб ад’езьдзе?
– Не, маё вяртаньне ўратавала ўнукаў: яны добрыя грэка-каталікі, хоць наведваюць лацінскія богаслужэньні – ГКЦ (Грэка-Каталіцкай Царквы – “ТС”) там няма. Калі яны былі ў мяне ў гасьцях у Горадні, ім наш абрад грэка-каталіцкі нават больш спадабаўся, чым там лацінскі.
– За Вашымі плячыма доўгі і няпросты шлях. Калі б была мажлівасьць, што б Вы зьмянілі ў ім?
– Першае: пайшоў бы ў манахі, не жаніўся б. Другое: імкнуўся б меней грашыць. Звычайна кажуць: “Усё, што робіцца, да лепшага”, “Нет худа без добра”... Але каб так было, трэба кожную няўдачу асэнсоўваць і браць ад яе карыснае.
– З Богам, посьпехаў Вам!
– З Богам!
Гл. таксама:
Айцец Андрэй Крот: Хто ж будзе сьвятаром, калі ня я?
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
У Маскве разьвіталіся з сьвятаром Віктарам Данілавым
Памёр былы дэкан Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы
Нунцый да грэка-католікаў: многае залежыць і ад вас